навіны

Праверыць другую палову ці бізнес-партнёра. Чым будзе займацца дэтэктыўнае агенцтва Азарава?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Азараў на Вялікай палітычнай канферэнцыі аб выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Азараў на Вялікай палітычнай канферэнцыі аб выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Азараў разам з паплечнікам з «BYPOL» Станіславам Лупаносавым заснавалі 24 сакавіка 2025 года ў Польшчы дэтэктыўнае агенцтва. «Белсат» даведаўся ў Азарава, з якімі запытамі туды можна ісці, ды іншыя падрабязнасці.

Поўная назва кампаніі – «Agencja detektywistyczna Reks» (Дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс»). Цікавімся, як прыдумвалася назва. Аляксандр Азараў кажа, гэта першая назва, якая прыйшла ў галаву, да таго ж ёсць станоўчая асацыяцыя з серыялам «Камісар Рэкс».


«Думаю, у такой справе першае, што прыйдзе на думку, – заўсёды правільнае будзе», – адзначае суразмоўца.


Дзейнасць кампаніі акрэсленая як дэтэктыўная. Гэта азначае даволі шырокі спектр паслуг. Кампанія можа выкрываць праслухоўванне ў памяшканнях, аўтамабілях і тэлефонах, кансультаваць у галіне бяспекі, прадаваць і здаваць у арэнду спецтэхніку, дзеліцца суразмоўца.

Тактычная камізэлька, што прадае «BYPOL». Фота: olx.pl

«BYPOL» растлумачыў распродаж сваёй маёмасці і вайсковага рыштунку

навіны

«Магчымы збор доказаў паводле крымінальных і грамадзянскіх справаў, правяранне інфармацыі, розных фактаў, пошук людзей, у тым ліку родных і продкаў. Будзем правяраць і бізнес-партнёраў ды патэнцыйных працаўнікоў. Яшчэ можам зрабіць абследаванне мясцовасці. У нашыя кампетэнцыі ўваходзяць і сямейна-шлюбныя справы, звязаныя з выкрыццём здрады ці апекаю над дзецьмі», – працягвае суразмоўца.


Калі нас цікавіць нешта з пераліку, хоць праверка другой паловы, хоць бізнес-партнёра, Аляксандр Азараў запрашае карыстацца паслугамі, але іх выкананне магчымае толькі пасля заключэння афіцыйнай дамовы.


Ідэя адкрыць дэтэктыўнае агенцтва прыйшла таму, што бальшыня асобаў у «BYPOL» – спецыялісты ў акрэсленых справах, працягвае Азараў:


«Попыт мы яшчэ не вывучалі, але спадзяёмся, што праца ў нас будзе, бо мы першая такая беларуская кампанія ў Польшчы, якая да таго ж можа надаваць паслугі на расейскай мове. У Польшчы мільёны ўкраінцаў і каля 300 тысяч беларусаў. Гэтыя людзі таксама патрабуюць паслуг».


Пакуль арганізацыя толькі зарэгістравалася, таму справаў, якія былі б у працы і пра якія можна расказаць, яшчэ няма. Таксама не з’явілася сацсетак ці сайту кампаніі.

,,

«Было шмат адміністрацыйнай працы, каб зарганізаваць дзейнасць. Гэта [рэгістрацыю. – Заўв. рэд.] заўважылі медыі і надрукавалі гэтую інфармацыю. Дзейнасць яшчэ не пачалася, але мы можам браць на працу людзей, якія маюць досвед у правядзенні аператыўна-вышуковых захадах», – кажа Азараў.


Пакуль праца не пачалася, то і прайс-ліст не складалі, таму, колькі будуць каштаваць паслугі беларускіх дэтэктываў у Польшчы, суразмоўца сказаць не можа.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10