Гарадзенская міліцыя апублікавала ў сацсетках і тут жа выдаліла відэаінструкцыю, у якой міліцыянтаў вучаць быць ветлівымі і спакойнымі, не пагражаць грамадзянам і не абражаць іх.
Выданне «Наша Ніва» пераказала відэа, якое гарадзенскія міліцыянты выпадкова апублікавалі і выдалілі 11 снежня. Самога роліку выданне не апублікавала, але паказала скрыншоты з яго.
На відэа прыводзяць прыклад: мужчына п’е піва на вуліцы, да яго падыходзіць участковы. Паказваюць, як участковы трымаецца дзёрзка, і пішуць: «Няправільна». Тлумачаць, што міліцыянт «мусіць выконваць правілы этыкету, размаўляць ветліва, прадставіцца і запытаць, як можна звяртацца да чалавека, звяртацца на „Вы“». Для зніжэння агрэсіўнасці раяць усталяваць кантакт вачыма, мець добразычлівы выраз твару, звяртацца паводле імені і імені па бацьку, не парушаць у размове асабістых межаў грамадзянаў. Міліцыянтаў вучаць не грубіць, не дапускаць нападак на грамадзянаў, зневажання і пагрозаў, выслухоўваць довады грамадзяніна.
,,«Не ідзіце на павадку ў правапарушальніка, – гаворыцца ў відэа. – Памятайце, што вашая сіла ў веданні сваёй справы, прафесійным майстэрстве і ўменні пераконваць. Хай парушальнік адчуе гэта з паводзінаў супрацоўніка ўнутраных справаў».
Паказваюць таксама, як правапарушальнік спрабуе зняць міліцыянта на тэлефон, а міліцыянт пачынае істэрыку і спрабуе закрыць камеру рукамі. І гэта няправільна, тлумачаць у відэа. Заклікаюць пазбягаць словаў, якія распальваюць канфлікт, напрыклад, «супакойцеся», «не накаляйце становішча», «не крычыце», «не нервуйцеся». Раяць казаць: «Давайце супакоімся, мы ж з вамі разумныя людзі і знойдзем выйсце з сітуацыі». Або: «Вы ж разумны чалавек і мусіце разумець, што сваімі дзеяннямі парушаеце парадак». Каб было цяжэй здымаць, раяць «няспешна мяняць сваё становішча ў прасторы, каб складаней было сфакусавацца на вашым твары».
Міліцыянтаў таксама вучаць упэўнена складаць пратакол і тлумачыць, што гэта робіцца не на жаданне міліцыянта, а на патрабаванне закону. Паказваюць, што няправільна гвалтоўна цягнуць парушальніка ў аддзяленне міліцыі, але раяць у выпадку непадпарадкавання «ўжыць меры адміністратыўнага прымусу».
Паводле «Нашай Нівы», ролю правапарушальніка выканаў 31-гадовы старэйшы інспектар аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Максім Базыленка, ролю ўчастковага – малады гарадзенскі міліцыянт Павел Лукашэвіч.
Беларусы неаднаразова скардзіліся не проста на няветлівыя паводзіны міліцыянтаў, а на нематываваны гвалт. Асабліва часта скардзіліся падчас мірных пратэстаў 2020 года і рэпрэсіяў за іх. Агулам колькасць пацярпелых ад розных формаў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі з траўня 2020 года да ліпеня 2023-га ацэньвалі ў больш як 136 тысяч чалавек. За першы год рэпрэсіяў, звязаных з выбарамі-2020, беларусы падалі следчым 4644 скаргі на катаванні сілавікамі, але ўлады іх адрынулі – і пачалі пераследаваць праваабаронцаў, юрыстаў, актывістаў і журналістаў. Аднак праваабаронцы ўсё адно заклікаюць дакументаваць катаванні і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Алесь Наваборскі belsat.eu