навіны

Чаму запавольваецца беларускі ВУП і як гэта адбіваецца на эканоміцы

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

За 11 месяцаў года галоўны эканамічны паказнік Беларусі вырас на 3,9 %, калі параўнаць з тым жа перыядам летась. Валавы унутраны прадукт змяншаецца чацвёрты месяц запар. Прадукцыя прадпрыемстваў нарыхтоўваецца на складах, не даючы пажаданага прыбытку. А як жа новыя экспартныя шляхі і нарошчанне продажаў у Расею ў межах праграмы імпартазямяшчэння?

Паводле вынікаў лістапада валавы ўнутраны прадукт вырас на 3,9 % і склаў Br 224,2 млрд.

ВУП называюць коштам эканомікі. Гэта сукупнасць выдаткаў фізічных і юрыдычных асобаў, розніца паміж імпартам-экспартам і сумаю набытых тавараў ды паслуг.

Пасля росту на 5,5 % ў ліпені ВУП ідзе долу чацвёрты месяц запар і амаль дасягнуў запланаванага чыноўнікамі гадавога значэння (3,8 %).

«Большая частка таго, што вырабляецца, ідзе на расейскі рынак і канкуруе там з Кітаем, Турэччынай і гэтак далей. Значыцца, горш справы пайшлі ў гэтым годзе. На іх санкцыяў няма, на Беларусі – ёсць. Яны ў заведама лепшым становішчы знаходзяцца, каб пастаўляць нейкую побытавую, транспартную тэхніку», – кажа адмысловец у міжнароднай эканоміцы Алесь Чайчыц.

Настасся Лузгіна агучыла яшчэ адну «расейскую» прычыну запавольвання беларускага ВУП:

,,

«Улады Расеі пачалі больш жорсткую палітыку: перадусім Цэнтрабанк павысіў ключавую стаўку, што адбілася на тым, што ўсе стаўкі па крэдытах і дэпазітах таксама павялічыліся. Эканамічную актыўнасць гэта затармазіла і будзе тармазіць у 2025-ым годзе».


Недахоп працоўных рук таксама стрымлівае рост эканомікі. Бо, каб завабіць працаўнікоў, наймальнікі штучна павышаюць заробкі. Незаробленыя грошы прыводзяць да большага спажывецкага попыту, таму расце аб'ём імпарту. Для кампаніяў жа гэта дадатковыя выдаткі, што павышаюць сабекошт тавараў і паслуг. 

«Сфармавалася адмоўнае сальда знешняга гандлю не толькі па таварах, але ўцэлым па таварах і паслугах. Існуюць рызыкі, наколькі добра змогуць надалей працаваць беларускія кампаніі і ці змогуць забяспечваць гэты рост экспарту, які ў ідэале павінен перавышаць імпарт», – разважае Настасся Лузгіна.

Згодна з Белстатам, складскія запасы сёлета выраслі на 5 %. Гэта параўнальна няшмат: летась запасы прыбавілі ў аб'ёме 23 %, а ў 2022 годзе – 45,5 %.

Напрыклад, на складах гандлёвых дамоў Менскага трактарнага заводу амаль 6,5 тысяч адзінак тэхнікі, што перавышае двухмесячны аб'ём вытворчасці.

А ў Берасцейскай і Гомельскай вобласцях прадпрыемствы не нарошчвалі, а змяншалі аб'ёмы прадукцыі на складах. Эканаміст-міжнароднік Алесь Чайчыц не вельмі давярае гэтай статыстыцы:

,,

«Наколькі яна адпавядае рэчаіснасці? Ці не перавялі яны гэтыя складскія запасы на якія-небудзь склады ў Расеі ці іншым чынам па-хітраму, каб са статыстыкі іх прыбраць, – мы гэтага ведаць не можам. Але трэба такое падазраваць, бо гэта такая сістэма аўтарытарная, дзе трэба замыліць вочы начальству».


Найвышэйшае начальства (Аляксандр Лукашэнка), што збудавала камандна-адміністрацыйную эканамічную мадэль, спрабуе зняць з сябе адказнасць: «Калі ў нас будзе эканоміка нармальнай, тады ў нас будуць людзі спакойна жыць. У нас унутры краіны не будзе бардаку гэтага, як гэта было у 2020-ым годзе».

Парадокс у тым, што нармальнай эканомікі, як і палітыкі, рэжым Лукашэнкі ніколі не будаваў.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Юлія Цяльпук, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10