Мінздароўя знайшло ў бульбяным пюрэ вытворчасці расейскай кампаніі «Марэвэн Фуд Сэнтрал» бактэрыі групы кішачнай палачкі. Але пад забарону трапіў увесь асартымент кампаніі, у тым ліку локшына «Ролтан» і «Біг Бон». Сацсеткі беларусаў поўняцца відэа з тым, як легендарная локшына знікае з паліцаў. Што не так з гэтым прадуктам і ці чакаць яго вяртання, запыталі ў нутрыцыёлага Алесі Трыфан і эканаміста Аляксея Харкевіча.
Самыя прадпрымальныя знайшлі, як скарыстаць настальгію, і нават выставілі «Ролтан» на продаж на адной з гандлёвых інтэрнэт-пляцовак. Кошт уражвае – сто пяць рублёў. Таксама з каментарамі выступілі блогеры і медыі. Чаму столькі ўвагі прадукту і ў чым прычына яго папулярнасці?
«Ты ўзяў пакуначак, адкрыў яго, заліў кіпенем - і ўсё, ежа гатовая, таму такая высокая папулярнасць. Асабліва сярод моладзі. Зразумела і сярод занятых людзей, якія хочуць пабольш зрабіць і паменш патраціць часу на ежу. Аднак важна памятаць, што гэта нашае здароўе», - засцерагае нутрыцыёлаг Алеся Трыфан.
У складзе локшыны – мука, масла, крухмал, цукар і соль. Прычым, паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, солі ў адным пакунку больш за палову содневай нормы для дарослага чалавека. Алеся Трыфан упэўненая, што частае ўжыванне такой ежы можа прывесці да залішняга ўжывання калорый і недахопу нутрыентаў:
,,«У доўгатэрміновай перспектыве гэта магчымыя праблемы з сэрцам, стрававальнай і эндакрыннай сістэмамі, ну, і агульным самаадчуваннем, вядома ж, таксама».
Локшына расейскіх вытворцаў і раней трапляла пад забарону. Напрыклад, прадукцыя пад брэндамі «Анаком», «Сан Рэма» і «Весёлый скоровар». Пры гэтым сёлета ў Барысаве запусцілі вытворчасць уласнае локшыны хуткага прыгатавання «Лапшуха». Аднак зацікаўленасці ўладаў у расчышчэнні рынку для айчыннага прадукту няма, лічыць эканаміст Аляксей Харкевіч:
,,«У нас сваіх прыправаў няма, у большасці сваёй прыдатных для таго, каб рабіць такія стравы, у нас іншая якасць мукі. Гэта значыць, адпаведна, зыходзячы з гэтага, вельмі складана з нуля ўсё тут зрабіць».
Эканаміст зазначае, што нягледзячы на ўяўную прастату, прадукт мае тэхналагічна складаны працэс вырабу:
«Гэта было б складана зрабіць і ў Расеі першапачаткова, але, я так разумею, гэта як раз-такі прыход першапачаткова тэхнолагі. Гэта значыць, в'етнамцы здолелі зрабіць вытворчасць, здолелі разгарнуцца на тэрыторыі РФ і захапіць дастаткова вялікі рынак за кошт сваіх навыкаў, якія яны напрацавалі ў сябе».
Сёлета ў лютым у Беларусі забаранялі локшыну са смакам курыцы брэнду «Біг Ланч». Але цяпер гэтая прадукцыя зноў даступная. Нельга выключаць, што з часам такое не адбудзецца і з «Ролтанам».
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Андрэй Сульжыц, «Белсат»