Журналіст «Белсату» наведаў прэм'еру спектаклю паводле кнігі Евы Вежнавец (Святланы Курс) «Па што ідзеш, воўча?». Ён стаўся адною з топавых падзеяў тэатральнага фэсту «Kierunek Wschód» і прайшоў з аншлагам.
Квіткі на прэм'еру разабралі менш чым за гадзіну, хаця на фэсце спектакль можна было ўбачыць двойчы. Арганізатары фестывалю «Kierunek Wschód» кажуць, што не могуць уявіць яго без беларускіх спектакляў, бо з іх ён пачынаўся. Вось і цяпер важнае месца ў фэсце займае беларуская інсцэнізацыя. Але цяпер гэта хутчэй міжнародны праект: рэжысёрка Маніка Дабраўляньска нарадзілася ў Познані, але даўно з'ехала за мяжу і цяпер жыве ў Берліне. Рэжысёрка кажа, што яна таксама эмігрантка і выдатна разумее беларусаў, якія тысячамі мусілі былі бегчы са сваёй радзімы.
,,«Магчымасць вярнуцца дадому – гэта вельмі важна. Чуць сямейныя гісторыі – гэта важна. Тысячы беларусаў не могуць прыехаць дадому, сесці за стол са сваімі роднымі – гэта страшна», – кажа Маніка Дабраўляньска ў размове з журналістам «Белсату».
Рэжысёрка прызнаецца, што яе зацікавіла Падляшша. «Я атрымала стыпендыю для яго вывучэння, каб з культурніцкага гледзішча вывучыць гэты рэгіён. І кніга Святланы Курс файна лягла на гэты матыў. Што выйшла – судзіць гледачам, кожны з іх пабачыць нешта сваё. Гэта вельмі глыбокі твор: для адных гэта гісторыя пра Беларусь, для іншых – пра Падляшша, а для мяне гэта аповесць пра краіну на мяжы Усходняй Еўропы. Чытаеш кнігу і на рэальных гісторыях бачыш, як адбываўся захоп гэтай часткі Еўропы, і мы стараліся паказаць у спектаклі гэтыя моманты. Кожны глядзіць праз прызму сваіх каранёў, сваёй гісторыі», – адзначае Маніка Дабраўляньска.
Гісторыя, паказаная ў спектаклі, праносіць нас праз сто гадоў, а сёння некаторыя моманты зноў паўтараюцца.

«Калі ўпаў Берлінскі мур, то мне здавалася, што свет будзе свабодным і без межаў, і мне балюча бачыць, як паўстаў плот на мяжы Польшчы і Беларусі, бо нашыя народы заўжды жылі ў міры побач, паміж намі не мусіць быць ніякіх муроў, і некалі так і будзе», – кажа рэжысёрка.
Адну з галоўных роляў у спектаклі грае падляшская акторка Моніка Давідзюк. Яна нарадзілася на беларуска-польскім памежжы і скончыла беларускі ліцэй. «Для мяне гэты спектакль – вяртанне да продкаў, Маніка мяне запрасіла да гэтай працы, і я вельмі шчаслівая, бо я з Падляшша. Я нарадзілася ў Гайнаўцы, але ў 1999 годзе з'ехала адтуль. Я шмат гадоў жыла ў розных месцах і цяпер вяртаюся, як і галоўная гераіня, дадому. Тут месца маёй сілы, тут сіла ў зямлі і ў дрэвах», – распавядае Моніка Давідзюк.
Кнігу «Па што ідзеш, воўча?» Ева Вежнавец (сапраўднае імя Святлана Курс) пісала дзесяць гадоў. Паводле яе, усе гісторыі ў кнізе праўдзівыя. Пісьменніца шмат часу правяла ў архівах і апісала тое, што адбывалася на нашых землях апошнія сто гадоў: змену ўлады, войны, галечу, акупацыю і тое, як людзі выжывалі насуперак усяму.

«Калісьці я думала, што Святлана Аляксеевіч не мае рацыі, калі выкарыстоўвае шматгалоссе ў сваіх тэкстах, і аўтар мусіць пісаць ад сябе, а потым я зразумела, што мы занадта вузкія і малыя, каб пісаць ад сябе гэтыя гісторыі. І цікавей плесці з нітачак і каласоў вось гэтыя гісторыі, і таму я пляту з галасоў і лёсаў, і я надалей збіраюся так рабіць і не прыпісваць сабе ўсяго гэтага», – кажа Святлана Курс у размове з «Белсатам».
У спектаклі граюць чатыры акторкі: тры з Беларусі, адна з Польшчы. Ён ідзе на пяці мовах: беларускай, нямецкай, польскай, украінскай і расейскай. Усё пачалося з чытак у Берліне і Варшаве і ўрэшце вылілася ў шыкоўны спектакль, у якім кожны бачыць сваё.

«І смешна, і грэшна, і страшна, – кажа Святлана Курс, – але мне вельмі спадабалася, што атрымалася. Гэтыя дзяўчаты, якія зрабілі гэты спектакль, уклалі ў яго нешта сваё, непаўторнае. Дзякуючы ім гэтая гісторыя ажыла, і цяпер гэта падобна на начны кашмар, толькі на радасны кашмар».
Наступны паказ адбудзецца ў Варшаве.
Алесь Ляўчук belsat.eu