На польскіх аўтарынках могуць з'явіцца аўтамабілі, што пацярпелі ад нядаўняй паводкі на поўдні краіны. Пра гэта паведамляе шэраг мясцовых медыяў.
Ужо цяпер пад выглядам выгадных прапановаў прадаюць легкавікі, што маглі патануць. Польскія аўтаэксперты раяць старанна правяраць гісторыю аўтамабіля праз нумар VIN і рэгістр шкоды. Таксама гэтыя машыны могуць адправіцца на аўтарынкі і ў Беларусь.
Пасля маштабных паводак у краінах Заходняй ды Цэнтральнай Еўропы беларускі аўтамабільны рынак можа сутыкнуцца з сапраўдным наплывам патрыманых машынаў. Шмат якія аўты, якія пацярпелі пасля затаплення, цяпер паступаюць у продаж паводле заніжанага кошту.
Як спраўдзіць, ці было аўта патопленае?
Існуе некалькі спосабаў праверыць, ці быў аўтамабіль тапельцам. Для гэтага нават не трэба ехаць на адмысловую станцыю дыягностыкі. Усё можна зрабіць проста на рынку, распавядае аўтаэксперт Сяргей.
«Падыходзім да машыны і адчыняем дзверы з боку кіроўцы і пасажыра. Здымаем парог (пластыкавы парожак ёсць ва ўсіх аўтамабілях). Але пры ўмове, што прадавец згодны на гэта. І далей здымаем дыванок. Прыбіраем яго ў бок. Максімальна яго падымаем і глядзім. Калі была вада, то там будзе яе рэшта. Разумееце? Як губка. Яна бярэ на сябе ваду, і адсюль яе прыбраць альбо вымыць немагчыма».
А вось заглядаць пад капот аўтамабіля, каб пазнаць тапельца – не мае сэнсу. Паводле эксперта, там знаходзяцца пластыкавыя і металічныя дэталі, якія лёгка адмываюцца хімічнымі сродкамі.
Чым жа небяспечныя так званыя тапельцы?
У сучасных аўтамабілях – мноства блокаў кіравання, якія адказваюць за карэктную працу машыны. І калі адразу пасля трапляння вады яна не ўяўляе пагрозы для розных кантактаў, то з часам пачынае выклікаць карозію.
,,«Таму ў нас пачынаюцца пакрысе праблемы. Праблемы з парктронікамі. Праблемы… Да з чым заўгодна! Перастае шкло апускацца і закрывацца аўтаматычна. Пасля цэнтральны замок перастае працаваць. Таму што кожны блок адказвае за сваю пазіцыю», - тлумачыць Сяргей.
Яшчэ адна небяспека – нядобрасумленныя прадаўцы, якія хаваюць факт затаплення аўтамабіля. На першы погляд машына можа выглядаць ідэальна, але пры гэтым мець сур’ёзныя пашкоджанні ўнутры. Таму вельмі важна звяртаць увагу на дэталі, а не толькі на вонкавы выгляд. Паводле аўтаэксперта, тапелец абавязкова дасць пра сябе ведаць:
«Праблемы з'явяцца ў працэсе эксплуатацыі аўтамабіля. У вільготнае надвор'е, на марозе, пасля мыйкі».
Калі ж вы ўжо набылі машыну-тапельца, яе можна прадаць на запчасткі. Попытам будуць карыстацца элементы кодаўба, бо яны менш за ўсё цярпяць ад вады. Таксама, на думку Сяргея, такі аўтамабіль можна выкарыстаць і больш арыгінальна: замест таго, каб яго рамантаваць, можна зрабіць з аўта, напрыклад, газавы грыль.
Вядома, патопленыя машыны – гэта магчымасць заашчадзіць, але яна звязаная з вялікімі рызыкамі. Тэхнічныя няспраўнасці, што выявяцца не адразу, магчымасць поўнай паломкі праз некалькі месяцаў – усё гэта трэба ўлічваць. Калі вы наважыліся на такую куплю, будзьце гатовыя да дадатковых выдаткаў.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце
Руслан Ігнатовіч, Марыя Голдстэйн, «Белсат»