Праваабаронцы паведамляюць, што ведаюць сем прозвішчаў з 30 палітвязняў, якія выйшлі на волю па памілаванні. Аднак вызваленні не азначаюць спынення рэпрэсій. «Белсат» працягвае фіксаваць парушэнні правоў людзей у Беларусі ў штодзённым аглядзе.
X-старонка палітычнага аглядальніка Арцёма Шрайбмана прызнаная у Беларусі «экстрэмісцкай». Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі старонкі ў «Х» «Dzianis Kuchynski», «Tatsiana Khomich», «Yuliya Yukhno» і Instagram-старонкі «andrey_gaponik», «alena_gaponik», «lizavetaccouncil», «mikalaibandarenka».
19-гадовага палітвязня Данііла Гарасіма хутка пачнуць судзіць за «здраду дзяржаве». Хлопцу інкрымінаваныя частка 1 артыкула 361-3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу), частку 1 артыкула 356 КК (Здрада дзяржаве), частку 2 артыкула 295 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Працэс прызначаны весці Ігар Зямцоў.
,,«Данііл — 19-гадовы юнак. Згодна прапагандысцкага фільма АНТ, яго абвінавачвалі ў “здрадзе дзяржаве” за тое, што ён фатаграфаваў вайсковыя аб'екты ў Асіповічах і спрабаваў перадаць “башмак” ініцыятыве “Супраціў”. У фільме паказваюцца кадры пастаяннага сачэння за ім», — піша «Вясна».
Менчука затрымалі за заклікі да пратэсту ў чатах. На відэа сілавікоў ён кажа, што ў 2020 годзе «быў удзельнікам дэструктыўных чатаў», і ў адным з іх «заклікаў людзей згуртавацца, каардынавацца», а таксама «заклікаў псаваць дзяржаўную маёмасць».
У Бярозе судзяць чатырох мясцовых жыхароў нібыта за актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 КК). Гэта Мікалай Кулак, Ігар Яўменаў (Куль), Андрэй Рыбакоў, Віктар Данілюк.
Справу разглядае Людміла Рудзіна. Праваабаронцы адзначаюць, што на яе рахунку тры палітычных крымінальных прысуды па дыфамацыйных артыкулах.
За ўдзел у акцыях пратэсту судзяць IT-спецыяліста Дзмітрыя Овад-Марчука. Справу разглядае Таццяна Пірожнікава, якая па «народным» артыкуле з 2020-га года асудзіла ўжо мінімум 41 пратэстоўца.
«На відэа сілавікоў ён распавядаў, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і за гэта ўжо адбываў адміністрацыйны арышт. Таксама на відэа ён “прызнаваўся”, што пісаў ініцыятыве “Чорнай Кніга Беларусі” і пакідаў абразлівыя каментары ў Telegram-каналах. Тым не менш, цяпер яго абвінавачваюць толькі паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак)», – піша «Вясна».
У Менску за дапамогу палітвязням пачалі судзіць 54-гадовую Алену Тапаркову. Яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (частка 1 і частка 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядае суддзя Святлана Макарэвіч.
Памілаванне і працяг ціску на палітвязняў
Па памілаванні на волю выйшла менеджарка EPAM Дзіяна Завадская, якую затрымалі па вяртанні з Грузіі. Вядома, што пасля пачатку вайны яна разам з сынам, якому цяпер 7 гадоў, выехала ў Тбілісі. У нейкі момант яна вырашыла вярнуцца ў Беларусь.
Яе абвінавацілі паводле артыкула 342 КК (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) і частцы 2 артыкула 361-3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).
Палітвязня Уладзіміра Цыгановіча пачынаюць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Яго абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкула 411 КК («злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»).
«Уладзімір — блогер, аўтар youtube-канала MozgON. Цыгановіча асудзілі па “справе Ціханоўскага” да 15 гадоў калоніі. Вясной 2023-га года супраць Уладзіміра ўзбудзілі крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы» і прызначылі адзін год калоніі. Праз паўгода яго ў другі раз асудзілі паводле арт. 411 КК. Але вынік суда невядомы», – паведамляе «Вясна».
А палітвязня Тамаза Піпію асудзілі яшчэ да паўтара года зняволення таксама нібыта за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Прысуд вынесла Таццяна Хрыпач.
«Тамаза асудзілі за «ўдзел у масавых беспарадках» да 5 гадоў калоніі. Па справе Тамаз праходзіў разам з братам Цімурам, якога таксама пазбавілі волі. Нядаўна ў братоў памерла маці. У яе выявілі анкалогію на глебе стрэсу праз паўгода пасля затрымання сыноў. Гэтай вясной яна была апошні раз у іх на спатканнях», – паведамляюць праваабаронцы.
Арсен Рудэнка belsat.eu