news
Разбор
Лавачка закрылася. ЕЗ узяўся за пастаўкі аўто праз Беларусь у РФ. Што ад таго беларусам?
Чыноўнікі ЕЗ спрабуюць закрыць пралазы, якія дапамагаюць Расеі з дапамогай Беларусі абыходзіць санкцыі.
27.03.202420:40

Спачатку Польшча, а за ёю і Латвія ўвялі абмежаванні на пропуск транзітных аўтамабіляў праз беларускую мяжу. Магчыма, неўзабаве да іх далучыцца і Літва. Як адзначаюць эксперты, чыноўнікі Еўразвязу такім чынам спрабуюць закрыць пралазы, якія дапамагаюць Расеі з дапамогай Беларусі абыходзіць санкцыі. Але ў выніку такіх дзеянняў могуць пацярпець і беларусы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З 23 сакавіка Польшча перастала выпускаць у Беларусь транзітныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра або коштам звыш 50 000 еўраў незалежна ад аб’ёму рухавіка. Пра забарону стала вядома не з афіцыйных крыніц, а з рэальнай сітуацыі на мяжы.

«Нават калі гэта BMW двухлітровая – забарона на вываз. Нават калі едзе ў Кіргізію, у Казахстан, куды заўгодна, у Грузію – забарона на вываз. Усё, што больш за 1,9 літра, не даюць экспартныя дэкларацыі, не прапускаюць на мяжы. Проста на мяжы калапс, увесь Тэрэспаль забіты машынамі», – адзначаў YouTube-канал «Dasmotors».

Ад кіроўцаў аўтамабіляў патрабуюць дакументы ад вытворцы, які б пацвярджаў права на экспарт машыны па-за межы Еўразвязу. Там мае быць указана, што вытворца ведае, хто прадае і хто купляе аўтамабіль, а ўгода не выклікае перасцярог датычна магчымага абыходу санкцыяў. Акрамя таго, вытворца мусіць пацвердзіць, што ведае канчатковага ўласніка аўтамабілю і ўпэўнены, што машына не будзе перапрададзеная. Таксама кіроўца мусіць падпісаць заяву, што ведае пра крымінальную адказнасць за фальшаванне такога дакументу.

Як адзначылі ў «Dasmotors», «відавочна, што такія даведкі давацца не будуць, бо адзінкавыя пастаўкі для фізічных асоб не маюць ніякай сувязі з заводамі-вытворцамі». Пакуль жа, піша Autogrodno.by, у памежным Тэрэспалі «забітыя ўсе стаянкі, перагоншчыкі браніруюць гатэлі і чакаюць, што будзе далей».

Карыстальнік TikTok «TL BUD», каментуючы ўведзеныя абмежаванні, адзначыў, што цяпер «уся гэтая лавачка з перагонам тачак скончылася»:

«Можна будзе, вядома, гэтыя тачкі вывезці праз Турцыю, праз Балгарыю, праз трэція краіны паромам, але транзіт праз РФ, праз РБ строга забаронены. Пакуль яшчэ не анулююць EX [экспартная дэкларацыя. – рэд. Belsat.eu], пакуль проста разгортваюць, вяртаюць назад у Польшчу, але я думаю, што хутка будуць і ануляваць EX. Таму хто збіраецца хуткім часам выязджаць, падумайце, бо ануляцыя EX будзе раўнасільная забароне паўторнага замытнення ў Польшчы гэтай машыны. Таму ўзважвайце ўсе за і супраць і прымайце правільнае рашэнне».

Што кажуць афіцыйна

Паводле звестак «Dasmotors», распараджэнне абмежаваць пропуск транзітных аўтамабіляў даў асабіста міністр транспарту Польшчы.

«Выглядае, што ён проста быў у шоку ад таго, што ўбачыў, колькі прэміяльных аўто стаіць у чарзе на выезд у Беларусь, таму прыдумаў гэтае правіла, якое немагчыма выканаць», – казаў адзін з суразмоўцаў «Нашай Нівы».

Даведваюцца пра падзеі на мяжы выключна з «інтэрнэт-рэсурсаў, якія масава папярэджваюць аб гэтым», і ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі.

«Белсат» звярнуўся ў Нацыянальную падатковую адміністрацыю Польшчы з просьбай паведаміць, якое ведамства і ў звязку з чым увяло такое абмежаванне, як доўга яно будзе трываць і пры якой умове гэтыя аўтамабілі ўсё ж можна вывезці ў Беларусь. Але на момант публікацыі артыкулу адказу нашыя карэспандэнты не атрымалі.

Не толькі Польшча

З увядзеннем абмежаванняў на польскай мяжы ў чатах аўтаперавознікаў пачалі з’яўляцца прапановы дапамагчы вывезці машыны праз мяжу з Латвіяй і Літвой. Шмат кіроўцаў транзітных аўто паехалі ў гэтым кірунку, але ўвечары 26 сакавіка аналагічныя абмежаванні з’явіліся і на латвійска-беларускай мяжы.

«Тое самае, што і Тэрэспаль. Не марнуйце час на стаянку», – паведаміў карыстальнік аднаго з памежных чатаў.

Як піша «Большой автоблог/Sweet Car», «дзясяткі і сотні перагоншчыкаў зараз курсуюць уздоўж мяжы, спрабуючы знайсці выйсце з сітуацыі. Выйсця пакуль няма».

У чатах мяркуюць, што аналагічнае рашэнне бліжэйшым часам можа прыняць і Літва.

«Па адчуваннях, усё ідзе да таго, што ў бліжэйшы час і Літва далучыцца да гэтай забароны. Магчыма, нават сёння ўвечар. Прынамсі, мытнікі ўжо задаюць дадатковыя пытанні», – адзначылі прадстаўнікі «Большой автоблог/Sweet Car» у каментары «Autogrodno.by».

Праўда, перавознікі, якія працуюць праз літоўска-беларускую мяжу, адзначаюць, што Літва і так строга сочыць за тым, каб машына накіроўвалася менавіта ў Беларусь, а не ў Расею. Там даўно трэба мець вялікі пакет дакументаў, якія пацвярджаюць, што пакупнік з Беларусі, тлумачыў адзін з перавознікаў «Нашай Ніве». Праблемы ж узнікаюць у тых, хто купляе машыну не для сябе, а на перапродаж.

«Таму ўсе машыны з няпоўным або «крывым» камплектам дакументаў заязджалі ў Беларусь менавіта праз Польшчу. Палякі былі самымі лаяльнымі. Яны выпускалі машыны без дадатковых пытанняў, іх не цікавіла, хто і як заплаціў за аўто, куды яно накіроўваецца, чаму пакупнік – адзін чалавек, а вязе іншы», – казаў суразмоўца выдання.

Пры гэтым, перавознікі адзначаюць, што нават пасля зʼяўлення абмежавання машыны з большым абʼёмам рухавіка праязджалі праз польска-беларускую мяжу, калі кіроўцы маглі пацвердзіць, што набылі аўто для сябе. Гэтыя звесткі пацвярджае і «MOST».

Санкцыі ў дзеянні

У канцы абвесткі пра новае абмежаванне, што размешчаная на польскай мяжы, даецца спасылка на санкцыйную пастанову Рады Еўразвязу № 833/2014. Згодна з ёю, для продажу, пастаўкі, перамяшчэння або экспарту, наўпрост або апасродкавана, пэўнага спісу тавараў у Расею патрабуецца папярэдні дазвол. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў гэты спіс трапілі і аўтамабілі. Спачатку ў сакавіку 2022 года туды ўключылі люксавыя аўто, а з чэрвеня 2023-га – і машыны з абʼёмам рухавіка звыш 1,9 літра, а таксама электрамабілі і гібрыды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Piotr Malecki / Napo Images / Forum

На Беларусь гэтыя санкцыі не распаўсюджваюцца. І нашыя грамадзяне, як і раней маюць права набываць у ЕЗ і экспартаваць у Беларусь любыя аўтамабілі, незалежна ад кошту і абʼёму рухавіка.

«І беларускія фірмы карыстаюцца гэтым пралазам. Паколькі ім дазволена купляць машыны, яны завозяць іх у Беларусь і потым перапрадаюць у Расею», – заявіў у каментары «Белсату» Алесь Ярашэвіч, журналіст расследавальніцкай каманды «Бюро».

Ён адзначыў, што калі ў 2020–2021 гадах з ЕЗ у Беларусь паставілі легкавых машыны на 200–300 мільёнаў еўраў, то ўжо ў 2022 годзе аб’ёмы павялічыліся амаль да 1,5 мільярда еўраў – амаль у 5 разоў. За 2023 год пастаўкі павялічыліся яшчэ больш – да 2,4 мільярдаў еўраў. Як пісаў раней «Белсат», толькі з Польшчы Беларусь летась імпартавала аўто на 931 мільён еўраў. Гэтая пазіцыя ў выніку сталася самай буйной сярод польскага імпарту ў нашую краіну.

Пры гэтым, як адзначыў Ярашэвіч, увезеныя ў Беларусь аўтамабілі, напрыклад, пазадарожнікі, могуць пасля выкарыстоўвацца ў тым ліку на полі бою ва Украіне.

На думку журналіста, польскія ўлады былі ўражаныя аб’ёмам імпарту аўтамабіляў у Беларусь і вырашылі спыніць яго. Таксама, дадаў ён, на гэта магло паўплываць і адпаведнае расследаванне «Бюро», што выйшла ў снежні 2023 года.

«Пасля таго, як выйшла гэтае расследаванне, да нас звярнуліся прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якія займаюцца менавіта санкцыямі. Яны зацікавіліся гэтай тэмай, бо гэта наглядны прыклад, як абыходзяць санкцыі праз тое, што яны не ўніфікаваныя, праз тое, што яны розныя», – заявіў Ярашэвіч.

Паводле яго, кіраўнік НАУ Павел Латушка перадаў расследаванне «Бюро» спецпрадстаўніку Еўразвязу ў пытанні санкцыяў.

Што будзе пасля 1 красавіка?

«Большой автоблог/Sweet Car» адзначае, што поўнае блакаванне працягнецца да 1 красавіка, пасля чаго маюць з’явіцца тлумачэнні. На гэтую ж дату арыентуюцца ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Arkadiusz Ziolek / East News

Магчыма, такі арыенцір звязаны з тым, што паводле новых правілаў з 1 красавіка расейцы больш не змогуць рэгістраваць у сябе аўтамабілі з Беларусі, размытненыя паводле льготнага тарыфу. У выніку іх цікавасць да рээкспарту аўто з нашай краіны можа істотна знізіцца.

Як заявіў MOST прадпрымальнік, фірма якога займалася перагонам машын у Беларусь, уведзеныя абмежаванні ўжо спрычыніліся да таго, што найбольш хадавыя мадэлі еўрапейскіх вытворцаў на расейскім рынку падаражэлі на 5%. Калі ж гэты парадак вывазу прадоўжаць і пасля 1 красавіка, то, на яго думку, машыны на расейскім і беларускім рынках могуць падаражэць на 20–30 %.

Таксама, паводле прадпрымальніка, гэта ўдарыць і па кампаніях, якія перапрадаюць нямецкія машыны ў Расею і Беларусь. У тым ліку польскіх. У шэрагу польскіх фірмаў у Нямеччыне закуплена аўтамабіляў на 0,5–1 млн еўраў пад дастаўку пакупнікам у Расеі і Беларусі.

Пры экспарце аўтамабіляў за межы ЕЗ ужываецца нулявая стаўка ПДВ. Але калі машына не пакіне тэрыторыю ЕЗ на працягу месяца, кампаніі давядзецца заплаціць вельмі вялікі ПДВ. Прадпрымальнік адзначыў, што польскія кампаніі ўжо патрабуюць ад нямецкіх аўтаканцэрнаў даць дазволы на экспарт у краіны ЕАЭС на ўсе набытыя ў іх аўтамабілі. У адваротным выпадку яны патрабуюць вярнуць грошы, бо ў салонаў няма магчымасці даставіць аўтамабілі канчатковым пакупнікам.

З’ява не часовая

Эканаміст, фінансіст Віталь Алейнік у каментары «Белсату» параіў ставіцца да новых абмежаванняў не як да часовай з’явы, а як да таго, што «будзе значна большы перыяд, чым на які мы разлічваем». На яго думку, імпарцёрам трэба будзе выбудоўваць іншыя ланцужкі паставак, у тым ліку праз іншыя краіны, што за сабой пацягне новыя выдаткі. У выніку чаго эканамічны сэнс такіх паставак можа знізіцца.

Тым не менш, на думку суразмоўцы, улады Беларусі будуць зацікаўленыя ў тым, каб падтрымліваць «шэры, паўшэры, імпарт аўтамабіляў з Еўропы». Але не з прычыны клопату пра шараговых беларусаў, а праз тое, што буйныя гульцы, якія займаюцца такімі пастаўкамі, «у некім сэнсе могуць з’яўляцца і гаманцамі пэўных уладных структур ці асобаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

А вось на расейскі рынак люксавых аўто дадатковыя цяжкасці з лагістыкай і пэўны рост коштаў у сувязі з гэтым наўрад ці моцна паўплываюць, калі там ёсць попыт на такую тэхніку, заявіў Алейнік. У Беларусі ж ён не бачыць «грамадскай запатрабаванасці» на такія аўтамабілі.

Кітаізацыя рынку працягнецца

Журналіст Ярашэвіч таксама мяркуе, што пасля 1 красавіка ўлады еўрапейскіх краінаў паспрабуюць прыкрыць магчымыя пралазы для рээкспарту аўтамабіляў у Расею. У выніку паток машынаў праз Беларусь скароціцца, а пастаўкі іх праз іншыя краіны з прычынаў лагістыкі стануць даражэйшымі.

«Ці пагодзяцца людзі далей вазіць гэтыя машыны? Напэўна, будуць сядзець з калькулятарам і лічыць, наколькі гэты выгадна-нявыгадна», – заявіў суразмоўца.

Пры гэтым ён не чакае, што беларусы страцяць доступ да еўрапейскіх аўто. Бо, напрыклад, з беларускімі кампаніямі дагэтуль працягваюць працаваць аўтаканцэрны з краінаў Еўразвязу.

«Адзінае, што ад інсайдараў мы ведаем, што яны патрабуюць ад беларускіх дылераў, ад беларускіх імпарцёраў, каб яны надавалі пацверджанні таму, што гэтыя машыны надалей не перапрадаюцца ў Расею. То бок патрабуюць, што гэтыя машыны будуць выкарыстаныя ў Беларусі, што канчатковым карыстальнікам будуць беларускія грамадзяне», – сказаў ён.

Разам з тым, дадаў журналіст, гэтыя абмежаванні таксама не вельмі цяжка абыходзіць, бо беларускі пакупнік пасля можна прадаць купленыя ў беларускага дылера аўтамабілі ў РФ. Таму НАУ выступае за тое, каб забараніць пастаўкі легкавых аўтамабіляў не толькі ў Расею, але і ў Беларусь, заявіў журналіст.

У любым разе Ярашэвіч чакае, што ў Беларусі будзе павялічвацца карыстанне аўтамабілямі кітайскай вытворчасці, як гэта ўжо адбылося ў суседняй Расеі. Дый ужо па выніках 2023 году кітайскія брэнды захапілі 80 % рынку новых аўтамабіляў у Беларусі.

Адзначым, што Беларуская аўтамабільная асацыяцыя 25 сакавіка заклікала ўлады краіны скасаваць цэнавае рэгуляванне аўтамабільнага рынку, якое было ўведзенае ў кастрычніку 2022 года і «істотна ўскладніла працу субʼектаў гаспадарання ў аўтамабільнай сферы». Але ўпэўненасці ў тым, што ўлады пойдуць на такі крок, няма.

Агляд
Менш разнастайнасці, экспансія кітайцаў, рост продажу. Вынікі леташняй працы беларускіх аўтадылераў
2024.01.30 16:08

Макар Мыш belsat.eu