Амаль тры міліцыянты на аднаго дэлегата. Як у Менску ахоўваюць УНС


Міліцыя «прыме дадатковыя захады для аховы грамадскага парадку» ў Менску дзеля Усебеларускага народнага сходу 24–25 красавіка, паведамляе прэс-служба МУС. Сілавікоў плануюць сцягнуць больш, чым дэлегатаў УНС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міліцыя ў парку Горкага.
Фота: belsat.eu

«З 23 красавіка асабовы склад сістэмы МУС пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Для каардынацыі працы арганізаваныя аператыўна-сітуацыйныя штабы», – рапартуе МУС.

«Ахоўваць грамадскі парадак» будуць больш за 3 тысячы міліцыянтаў. Гэта амаль утрая больш, чым дэлегатаў УНС. Іхная максімальная колькасць –  1200 асобаў.

Для таго, каб дэлегаты УНС прыехалі ў Менск з вобласцяў, МУС прапрацоўвала і абследавала маршруты. МУС рыхтуецца такім чынам, быццам хтосьці пагражае ўдзельнікам сходу.

«Месцы іхнага пражывання і правядзення сходу, іншыя звязаныя з УНС аб’екты ўзятыя пад кругладзённую ахову. Таксама ў дні форуму да забеспячэння правапарадку будуць залучаныя мабільныя групы і групы хуткага рэагавання. Для бесперапыннага адсочвання абставінаў задзеяная Рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі.

Любой інфармацыі, што змяшчае пагрозы бяспекі, у тым ліку ў дачыненні дэлегатаў сходу, будзе дадзеная прававая ацэнка», – папярэджвае МУС.

У 2024 годзе УНС упершыню збярэцца як Канстытуцыйны орган. Такі статус сход атрымаў пасля таго, як у Беларусі ў 2022 годзе перапісалі Канстытуцыю на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама сход атрымаў шэраг паўнамоцтваў для кіравання краінай і магчымасць адхіляць людзей, якія займаюць пасаду прэзідэнта.

Разбор
У Беларусі фармуецца УНС. Топ-7 простых пытанняў пра новы дзяржаўны орган
2024.04.16 06:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў