ЗША зноў увялі санкцыі супраць МЗКЦ. На гэты раз – за ракетную праграму Пакістану


Дзяржаўны дэпартамент Злучаных Штатаў паведаміў пра ўвядзенне новых санкцыяў у дачыненні да Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ). Прадпрыемства сумесна з некалькімі кітайскімі кампаніямі вінавацяць у тым, што яны дапамагаюць Пакістану вырабляць зброю масавага знішчэння.

Аўтацягнік МЗКЦ-742960 + МЗКЦ-820400.
Фота: Технофото LexKitaev / Telegram

«Менскі завод колавых цягачоў пастаўляў шасі для адмысловых транспартных сродкаў для пакістанскай праграмы далёкіх балістычных ракет. Такія шасі выкарыстоўваюцца Нацыянальным комплексам развіцця пры Мінабароны Пакістана (NDC) у якасці дадатковага абсталявання для запуску балістычных ракет», – паведамляе Дзярждэпартамент ЗША.

Акрамя МЗКЦ, у амерыканскі санкцыйны спіс трапілі і тры кампаніі з Кітая: «Xi’an Longde Technology Development Company Limited», «Tianjin Creative Source International Trade Co Ltd» і «Granpect Company Limited». Іх таксама вінавацяць у перадачы ракетных тэхналогіяў і рухавікоў Пакістану.

МЗКЦ, а таксама яго кіраўнікі Аляксей Рымашэўскі і Аляксандр Вецыяневіч, ужо знаходзяцца пад санкцыямі ЗША з 25 лютага 2022 года за саўдзел уладаў Беларусі ў вайне супраць Украіны.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў