Катрушнікі, рэпартаж

рэж. Аляксандр Лапо, 2016 г. , Беларусь 84 - гадовы Уладзімір Зіўлікаў і ягоны сын Валянцін з Дрыбіншчыны робяць валёнкі. Некалькі стагоддзяў таму іхныя продкі, каб захаваць сакрэты мастацтва выраблення валёнак, прыдумалі адмысловую гаворку - катрушніцкі лемезень, ці гэтак званую прафесійную гаворку рамеснікаў, якія вырабляюць валёнкі. Гэтае рамесніцтва і мова старанна культывавалася і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, але ў XXI ст. неабходнасць далейшага захоўвання гэтых ведаў ужо знікла, таму апошнія карыстальнікі патаемнай гаворкі гатовыя падзяліцца сакрэтамі сваіх продкаў. Нашыя героі жывуць у вёсцы Пакуцце, былым і цяперашнім рамесным цэнтры катрушніцтва. У вёсцы ёсць некалькі дзясяткаў людзей, якія, нягледзячы на навакольны заняпад і шматлікія закінутыя хаціны, не страчваюць запалу да жыцця. Зіма традыцыйна запавольвае рух жыцця мясцовых жыхароў - гэта значыць, настае час для старых рамёстваў, сярод якіх важнае месца займае вырабленне валёнак. Фільм знаёміць гледачоў не толькі з сакрэтамі гэтага рамяства і амаль страчанаю ўнікальнаю гаворкай, але і паказвае зімовае жыццё беларускай вёскі.

Глядзі больш