Сёння ў «ПраСвеце» – пра стаўленне Усходу і Захаду да будучых выбараў прэзідэнта Беларусі, пра тое, каго вылучаць на іх дэмакраты. Як бачаць Беларусь палітыкі ды эксперты на вялікай міжнароднай канферэнцыі ў справе бяспекі, якая прайшла ў Латвіі? Навошта Расея зноў парушае міжнародныя дамовы? Чаму NATO ладзіць найбольшыя з 1991 г. вайсковыя вучэнні менавіта ў Скандынавіі ды на Балтыцы? Чаму армяне заблакавалі парламент а Нікол Пашыньян плануе яго распусціць? А таксама інтэрвʼю з дарадцам прэзідэнта Арменіі пра міжнародную сітуацыю вакол Арменіі, пра канфлікт у Карабаху і ролю Беларусі ў яго ўрэгуляванні.
Неафіцыйна, але Лукашэнка ўжо пачаў прэзідэнцкую выбарчую кампанію. Апазіцыя яшчэ толькі вызначаецца з кандыдатамі ды праграмамі. Усё гэта – у сітуацыі, калі свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі няма ўжо больш як два дзесяцігоддзі, а Захад пасля 2014 г. змяніў свой падыход да кіраўніка Беларусі. Ці Лукашэнка забяспечыў сабе падтрыманне з Масквы? І які інтарэс у нашай краіне мае Захад?
На гэтым тыдні прэмʼер-міністр Арменіі заявіў, што пойдзе ў адстаўку. Такім чынам ён хоча распусціць парламент, каб стварыць новы. Стары, паводле сацыёлагаў, абсалютна не адлюстроўвае інтарэсаў армянаў. Ці ўдасца гамбіт Пашыньяна?
Нікол Пашыньян і Ільхам Аліеў дамовіліся знізіць напружанасць ля мяжы Нагорна-Карабахскай Рэспублікі. Сустрэча армянскага і азербайджанскага лідараў адбылася пасля візіту Нікола Пашыньяна ў Маскву. Пра адносіны двух ворагаў, Арменіі ды Азербайджану, і перспектывы зменаў – інтэрв’ю з дарадцам прэзідэнта Арменіі Тэванам Пагасьянам.
Якія галоўныя праблемы бяспекі цяпер хвалююць еўрапейскіх палітыкаў? Як там бачаць нашую краіну? Эксклюзіўны рэпартаж з Рыгі.
Расея парушае дамову, падпісАную яшчэ ў час Савецкага Саюзу. Спружына напружання сціскаецца. А праз некалькі тыдняў NATO распачне найбуйнейшыя з 1991 г. вучэнні. Ці міжнародная сістэма бяспекі яшчэ працуе? Вольга Жарнасек.