Міністэрства ўнутраных справаў зноў у цэнтры скандалу. Але гэтым разам міжнароднага. Установа, якой кіруе Ігар Шуневіч, зрабіла скандальную заяву пра ЛГБТ-супольнасць. Брытанская амбасада, якую заатакавала МУС, маўчыць, але тлумачыцца міністр замежных справаў Беларусі. Пра тое, хто насамрэч вызначае вонкавую палітыку ў нашай краіны, – Вольга Жарнасек у «Прасвеце».
Іншыя тэмы праграмы:
350 адмыслоўцаў з ЗША, Аб’яднанай Еўропы, Кітаю і Расеі. Усіх іх сабрала ў беларускай сталіцы канферэнцыя «Менскі дыялог». Няўрадавы форум, які пры падтрыманні беларускіх уладаў вырас з групы незалежных экспертаў «Ліберальны клуб» мае быць адным з крокаў да рэалізацыі канцэпцыі Аляксандра Лукашэнкі – гэтак званага Хельсінкі-2. Якое пасланне афіцыйны Менскі высылае Захаду? Прыглядаўся Усевалад Шлыкаў.
Расейскія ўлады рыхтуюцца да правядзення футбольнага чэмпіянату, які ўсе згодна называюць самым палітызаваным. На фоне вялікай спартовай падзеі аналітыкі стараюцца прадказаць, што прынясе свету і Беларусі Пуцін версіі 4.0. Бо пасля Алімпіяды ў Сочы быў захоп Крыму. Рэпартаж Аляксандра Папко.
Ці настроены Пуцін ваяваць адкрыта? Пра перспектывы чацвертага тэрміну Уладзіміра Пуціна і тое, ці Лукашэнка грае нароўні з Пуціным, Аляксандр Папко пагутарыў з расейскім эканамістам, прафесарам Яўгенам Гонтмахерам на Еўрапейскім Эканамічным форуме ў польскім Катавіцэ.
Сярод беларускай моладзі зʼявілася мода на кнігі на беларускай мове. А беларускія літаратары штурмуюць не толькі паліцы айчынных кнігарняў, але і міжнародныя кніжныя форумы. Што новага прывезлі незалежныя выдаўцы кніг з Беларусі на кірмаш у Варшаву? Якія з беларускіх кніг выдаюць ва Украіне і ў Расеі? На якіх кнігах можна зарабіць а на якіх – не? Сяргей Пеляса паразмаўляў са Змітром Вішнёвым, паэтам і заснавальнікам выдавецтва «Галіяфы».