Дзяўчына лавіла аўта каля кавярні ў Слуцку. 26-гадовы хлопец спыніўся і прапанаваў падвезці.
У дарозе яны разгаварыліся, і 20-гадовая спадарожніца прыняла прапанову кіроўцы працягнуць знаёмства ў яго.
На кватэры маладзёны выпівалі, хлопец прыснуў, чым і скарысталася госця. Яна забрала ключы ад аўтамабіля і паехала разʼязджаць па наваколлях, распавёў начальнік крымінальнага вышуку Слуцкага РАУС Станіслаў Чухольскі.
Аднак далёка згоншчыца не паехала. Пад вёскай Лучнікі аўта паламалася. Дзяўчына абшукала салон і забрала грошы, залаты пярсцёнак ды навігатар, кінуўшы аўтамабіль на дарозе.
«Калі самастойныя пошукі BMW не далі ніякіх вынікаў, пацярпелы заявіў аб знікненні ў міліцыю. Праваахоўнікі, атрымаўшы падрабязнае апісанне зламысніцы, аператыўна ўсталявалі яе асобу і затрымалі», – распавялі ў УУС.
Супраць яе распачалі крымінальную справу за крадзеж транспартнага сродку. Таксама міліцыя дасць прававую ацэнку крадзяжу маёмасці. Дзяўчыне пагражае да 5 гадоў турмы. Раней яе ўжо прыцягвалі да крымінальнай адказнасці, таксама за крадзеж.
ДР belsat.eu