Сэіф Эльдын Мустафа, які захапіў лайнер авіякампаніі «EgyptAir», вызваліў усіх закладнікаў і здаўся паліцыі. Яго пояс смяротніка быў муляжом, паведамляе «Reuters».
Пасажыры і чальцы экіпажу, што знаходзіліся на борце захопленага «Airbus A320» пакінулі лайнер у некалькі этапаў. Адзін з іх збег праз кабіну пілотаў.
Раней паведамлялася, што захопнікі самалёта «EgyptAir» адпусцілі ўсіх пасажыраў, за выключэннем замежнікаў (чатыры асобы) і чальцоў экіпажу.
Грамадзянаў Беларусі, паводле МЗС, на захопленым самалёце не было.
Захопнікі змусілі экіпаж прызямліцца ў аэрапорце кіпрскага гораду Ларнака.
Паводле грэцкага выдання «Tanea», тэрарысты пагражалі падарваць лайнер. Пра гэта некалькі разоў сказаў камандзір экіпажа падчас перамоваў з дыспетчарскімі службамі.
НМ, ЮВ, belsat.eu