Падчас тэлефонных перамоваў, якія адбыліся 22 красавіка, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абмеркавалі вайсковую дапамогу для ЗСУ.
Нагадаем: 20 красавіка Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла законапраект аб падтрыманні Украіны. Агульны аб’ём дапамогі складзе $ 61 млрд. Плануецца, што 23 красавіка законапраект разгледзіць Сенат, а потым падпіша прэзідэнт Джо Байдэн.
Як паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале, Байдэн падчас тэлефоннай размовы запэўніў: ён падпіша закон адразу пасля ўхвалення Сенатам.
«Мы абмеркавалі першы пакет абароннай дапамогі пасля прыняцця закона. Маю запэўненні прэзідэнта, што ён будзе хуткім і магутным і ўзмоцніць нашы супрацьпаветраныя, дальнабойныя і артылерыйскія здольнасці», – распавёў Зяленскі.
Зяленскі распавёў Байдэну пра расейскі паветраны тэрор, які цяпер зазнае Украіна, і зазначыў, што Расея мае намер зрабіць Харкаў «непрыдатным для жыцця».
Таксама прэзідэнты абмеркавалі падпісанне двухбаковага пагаднення па бяспецы і падрыхтоўку да Саміту міру.
Глеб Нержын belsat.eu