Расейцы занялі Новаміхайлаўку і прасунуліся ў Ачэрэтыне. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 789-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 22 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы 1148-й асобнай артылерыйскай брыгады Паветрана-штурмавых войскаў Украіны страляюць з гаўбіцы М777 у бок расейскіх войскаў у Данецкай вобласці, Украіна. 20 красавіка 2024 года.
Фота: Radio Free Europe / Radio Liberty / Serhii Nuzhnenko / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што на купянскім кірунку расейцы намагаюцца прасунуцца малымі групамі – па 5-6 чалавек – у начны час, але пакуль не маюць поспеху. Пры гэтым адзначаецца, што праціўнік для падтрымкі наземных аперацыяў ужывае вялізную колькасць БпЛА.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на суседнім ліманскім кірунку цягам апошніх содняў войскі РФ не менш за 17 разоў атакавалі на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці, а таксама каля Цернаў на поўначы Данецкай, але прасунуцца не здолелі.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» звяртае ўвагу на павелічэнне ціску каля сяла Церны – так званы торскі выступ на левым беразе ракі Жарабец: тут толькі за раніцу 22 красавіка сілы абароны Украіны адбілі 10 атак праціўніка.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы ўсё ж занялі больш выгадныя рубяжы на гэтым участку фронту.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На бахмуцкім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны краіны адбілі 14 атак каля населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Выемка і Багданаўка.

У гэты ж час аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што расейцы прасунуліся ў ваколіцах сяла Парасковіеўка (на поўначы ад Бахмуту).

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» піша, што таксама баі ідуць на ўсходніх ускрайках Часавага Яру.

Пры гэтым прарасейскі канал «Два майора» адзначае, што асноўнай задачай войскаў РФ з’яўляецца абыход гораду з флангаў цераз канал Северскі Данец – Данбас.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – «Рыбарь» – паведамляе, што Узброеныя сілы РФ наступаюць каля сяла Іванаўскае (на паўднёвым усходзе ад Часавага Яру) уздоўж трасы Т-0504 у кірунку Канстанцінаўкі.

«Говорять Снайпер» фіксуе цяжкую сітуацыю для ЗСУ ў самім Іванаўскім.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Цяжкая сітуацыя для сілаў абароны Украіны назіраецца і на аўдзееўскім кірунку.

На паўночным фланзе, паводле тэлеграм-каналу «Рыбарь», УС РФ маюць поспех у сяле Ачарэтына. У прыватнасці, яны прасунуліся на адлегласць каля 1,2 кіламетра ўздоўж Чыгуначнай вуліцы і ўзялі пад свой кантроль мясцовую станцыю. Цяпер расейцы намагаюцца замацавацца на вуліцах з поўдня ад станцыі.

На думку крыніцы, калі ЗСУ страцяць кантроль на сялом Ачэрэтына, у далейшым ім будзе складана ўтрымаць суседнія Новакалінавае і Новабахмутаўка.

Прасоўванні расейцаў у Ачэрэтыне пацвярджаюць і аналітыкі Deepstate.

Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ пішуць, што адначасова з прасоўваннямі ў Ачэрэтыне, праціўнік наносіць паралельныя ўдары на ўчастках Керамік – Новакалінавае – Архангельск і Бэрдычы – Сямёнаўка, што не дазваляе ўкраінцам перамяшчаць рэзервы ўздоўж фронту.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» сцвярджае, што войскі РФ фактычна зачысцілі Сямёнаўку.

У Deepstate пішуць, што таксама расейцы прасунуліся на паўднёвым фланзе кірунку паміж сёламі Первамайскае і Невельскае.

Мінабароны РФ паведамляе, што ЗСУ контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення.

На навапаўлаўскім кірунку расейцы развіваюць наступ у Краснагораўцы. Выданне BILD піша, што цяпер пад кантролем УС РФ знаходзіцца каля 30% гораду.

Вайскоўцы ЗСУ адзначаюць, што фактычна гэтая тэрыторыя знаходзіцца ў так званай шэрай зоне, бо ў зруйнаваным прыватным сектары на поўдні гораду немагчыма замацавацца.

Ніжэй па лініі фронту, паводле Мінабароны РФ, расейцы цалкам захапілі Новаміхайлаўку. Баі за гэты населены пункт ішлі апошнія паўгода. Незалежныя аналітыкі адзначаюць, што за ўвесь гэты час войскі РФ страцілі не менш за 263 адзінкі цяжкай тэхнікі.

Расейскі кантроль над сялом пацвярджаюць вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ.

«Рыбарь» піша, што цяпер УС РФ штурмуюць садовае таварыства «Машынабудаўнік» на поўначы ад Новаміхайлаўкі – пакуль пад украінскім кантролем застаецца каля 30% тэрыторыі населенага пункту.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія атакуюць на так званым урэмеўскім выступе ў ваколіцах сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў). Па інфармацыі Генштабу ЗСУ, пакуль лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баі лакалізуюцца на выступе па фронце паміж населенымі пунктамі Вэрбовае і Работына (на поўдні ад гораду Арэхаў). Але істотных прасоўванняў ніводнага з бакоў таксама не фіксуецца.

У Херсонскай вобласці расейцы прынамсі чатыры разы атакавалі плацдармы ЗСУ на левым беразе Дняпра, але поспеху не дасягнулі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў