Анджэй Дуда: Польшча гатовая размясціць у сябе ядравую зброю


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пацвердзіў гатовасць сваёй краіны да размяшчэння ядравай зброі, піша польскае выданне «Fakt».

Анджэй Дуда выступае на парадзе, прысвечаным 20-годдзю ўступлення Польшчы ў NATO. Варшава, 3 траўня 2019 года.
Фота: Pacific Press / Zuma Press / Forum

Анджэй Дуда падкрэсліў, што абмеркаванне магчымасцяў размяшчэння на тэрыторыі краіны ядравай зброі адбывалася ўжо некалькі разоў.

«Гэта ўжо некаторы час тэма польска-амерыканскіх перамоваў. Я ўжо казаў пра гэта некалькі разоў. Прызнаюся, калі мяне пра гэта спыталі, я заявіў пра нашу гатовасць. Расея ўсё мацней мілітарызуе раён Калінінграда. Апошнім часам яна перакідвае сваю ядравую зброю ў Беларусь», – падкрэсліў Дуда.

Таксама польскі прэзідэнт адзначыў, што Польшча з’яўляецца хаўруснікам Паўночнаатлантычнага альянсу і праводзіць агульную з ім палітыку.

«Калі нашы хаўруснікі вырашаць размясціць ядравую зброю ў рамках абмену ядравай зброяй таксама на нашай тэрыторыі для ўмацавання бяспекі ўсходняга флангу NATO, мы гатовыя да гэтага», – сказаў лідар Польшчы.

Канцэпцыя «Nuclear sharing» – гэта пагадненні паміж ЗША і шэрагам краінаў NATO пра перадачу іх ваенна-паветраным сілам у выпадку ваеннай неабходнасці ядравых бомбаў з базаў захоўвання ЗША у гэтых краінах.

Станам на 2019 год на тэрыторыі Еўропы знаходзілася каля 150 амерыканскіх бомбаў В61 – у такіх краінах, як Бельгія, Нямеччына, Італія, Нідэрланды, Турэччына. Але ў 2021 годзе Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў паведаміла, што колькасць ядравай зброі за 2 гады зменшылася са 150 да 100 (у першую чаргу за кошт вывазу бомбаў з базы Інджырлік у Турэччыне).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў