Расейцы прасунуліся на аўдзееўскім і навапаўлаўскім кірунках. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 788-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё дзвюх атак праціўніка ў ваколіцах сяла Стэльмахаўка ў Луганскай вобласці.

У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ заявілі аб заняцці больш выгадных рубяжоў на купянскім кірунку каля населеных пунктаў Новаягораўка і Навасёлаўскае на Луганшчыне.

На суседнім ліманскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія ціснуць на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці (на левым беразе ракі Жарабец). Украінскае камандаванне фіксуе 10 няўдалых атак праціўніка каля сяла Церны.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На бахмуцкім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Спірнае, Часаў Яр, Іванаўскае і Клішчыеўка – прынамсі 28 атак за апошнія содні.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што ў Белагораўцы баявыя дзеянні ідуць на тэрыторыі прамысловай зоны, дзе расейцы намагаюцца заняць падкантрольныя ЗСУ пазіцыі ў падземных тунэлях. Адзначаецца, што ўкраінскія сілы знаходзяцца ў складанай сітуацыі, паколькі штурмы ідуць няспынна і з усіх кірункаў – пакуль без зменаў лініі сутыкнення.

Тым часам у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра поўны кантроль сваіх войскаў над сялом Багданаўка – на паўночным усходзе ад Часавага Яру. Таксама ў ведамстве фіксуюць контратакі ўкраінцаў каля самога гораду і ў ваколіцах сяла Іванаўскае.

Адсутнасць істотных зменаў лініі сутыкнення адзначае і расейскі ваенкор Сямён Пегаў.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што пры ўсім гэтым становішча сілаў абароны Украіны на бахмуцкім кірунку застаецца складаным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў расейскіх вайскоўцаў назіраецца на аўдзееўскім кірунку, дзе, паводле Генштабу ЗСУ, яны цягам содняў не менш за 32 разы атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Сямёнаўка, Новакалінавае, Ачарэтына, Бэрдычы, Уманскае, Яснабродаўка, Невельскае і Александропаль. 

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што найбольшых поспехаў Узброеныя сілы РФ дасягнулі на паўночным фланзе кірунку: тут яны прасунуліся ў сяле Новакалінавае і выйшлі да дарогі на суседняе Ачэрэтына, дзе таксама фіксуецца рух на тэрыторыі мясцовай электрападстанцыі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» заявіў, што войскі РФ цалкам занялі сяло Сямёнаўка, аналагічную інфармацыю падае і ваенкор Пегаў. Між тым яе зняпраўджваюць у Deepstate.

Мінабароны РФ піша, што ЗСУ контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення.

На навапаўлаўскім кірунку расейцы штурмуюць паўднёва-ўсходнюю частку Краснагораўкі, але істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

У гэты ж час ніжэй па фронце Узброеныя сілы РФ прасунуліся на ўчастку паміж сёламі Георгіеўка і Пабеда, а таксама ў Новаміхайлаўцы. Цяпер большая частка апошняга сяла знаходзіцца пад кантролем УС РФ.

Пры гэтым асобныя прарасейскія крыніцы ўжо паспелі заявіць пра поўны кантроль над Новаміхайлаўкай, але тэлеграм-канал «Рыбарь» адзначае, што на захадзе населенага пункту ўсё яшчэ працягваюцца баі.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку войскі РФ ціснуць на так званым урэмеўскім выступе каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў), але істотна змяніць сітуацыю на гэтым участку фронту ім пакуль не ўдаецца.

Нязменным застаецца фронт і ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці, дзе баі лакалізуюцца на выступе па фронце паміж населенымі пунктамі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў). У Deepstate гавораць, што расейцы перыядычна заходзяць у цэнтральную частку Работына, пасля чаго іх выбіваюць сілы абароны, бо ў зруйнаваным сяле практычна немагчыма замацавацца.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што адначасова з гэтым УС РФ назапашваюць рэзервы для далейшага правядзення больш маштабных наступальных дзеянняў.

У Херсонскай вобласці расейцы намагаюцца выбіць праціўніка з некалькіх невялікіх плацдармаў на левабярэжжы Дняпра, але поспеху не маюць. Генштаб ЗСУ фіксуе тры няўдалыя атакі войскаў РФ за содні.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў