Ці будуць бяспечнымі выбары ў КР і ці будуць збірацца звесткі пра ўдзельнікаў?


Чым бліжэй да выбараў у Каардынацыйную раду, тым больш пытанняў узнікае наконт таго, як правільна галасаваць і, галоўнае, ці будзе гэта бяспечна. Ці ўдасца зрабіць гэтыя выбары аб’ектыўнымі і пры гэтым не падставіць пад удар людзей як унутры краіны, так і за яе межамі? З такімі пытаннямі «Белсат» звярнуўся да старшыні камісіі выбараў у Каардынацыйную раду Алены Прыходзькі.

Старшыня Выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады Алена Прыходзька ў эфіры праграмы «Тыдзень».
Фота: скрыншот з відэа /БЕЛСАТ NEWS

Адкуль узніклі пытанні і як будуць скасоўвацца праблемы

Нагадаем, што журналісты «Белсату» правялі тэставанне аплікацыі «Belarus ID», праз якую будзе праходзіць галасаванне, і паспрабавалі яе падмануць. Для гэтага на адсканаваных старонках беларускага пашпарта са згоды ўладальніцы журналістка пры дапамозе праграмы «Photoshop» замяніла фотаздымак на свой… І сістэма прыняла гэтую фальшыўку.

Распрацоўнік аплікацыі Павел Лібер патлумачыў гэта тым, што ў праграме цяпер адключаная частка правяранняў, а тыя варыянты, якія цяпер «падсвятляюцца» як высокарызыкоўныя, прапускаюцца. Маўляў, гэта робіцца для таго, каб паглядзець, «які існуе адсотак гэткіх рызыкоўных трансакцыяў».

Выбары ў КР
Як галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду. Праверылі бэта-версію праграмы
2024.05.20 07:23

Старшыня выбарчай камісіі Алена Прыходзька, у сваю чаргу, нагадала, што ідзе вонкавы аўдыт платформы для галасавання, Выбарчая камісія атрымлівае цяпер, у тым ліку ад «Кіберпартызанаў» і вонкавых назіральнікаў, усе заўвагі, тыя апрацоўваюцца і ўдакладняюцца, каб усё было зразумела для звычайных карыстальнікаў.

«Што да файлаў, якія сістэма будзе распазнаваць як падазроныя, то нагадаю, што ў аплікацыі парог вызначэння падазроных файлаў будзе павышаны для таго, каб пазбегнуць фальсіфікатаў, якія пры нізкім парогу магчымыя», – адзначыла Алена Прыходзька.

Апроч павышэння парогу, камісія будзе назіраць за інтэнсіўнасцю прыходу падазроных файлаў і іх зместам, каб на падставе гэтага праводзіць аналіз і ўжо падчас самога выбарчага працэсу вызначаць, якім пратаколам карыстацца. На гэты момант, адзначыла кіраўніца Выбарчай камісіі, выпрацаваныя некалькі пратаколаў для некалькіх варыянтаў развіцця падзеяў.

Ніякага збору асабістых звестак не будзе

Алена Прыходзька падкрэсліла, што персанальныя дадзеныя карыстальнікаў збірацца не будуць.

«Чаго мы дакладна не будзем рабіць, дык гэта збіраць нейкія персанальныя дадзеныя, каб потым з гэтымі файламі больш дакладна і глыбока разбірацца. Гэтага мы рабіць не будзем», – зрабіла акцэнт Алена Прыходзька.

Пры гэтым Выбарчая камісія пакіне магчымасць выбарнікам абскарджваць непрыняцце іхных галасоў (што прапісана ў Палажэнні аб выбарах), калі чалавек сапраўды прагаласаваў, але штосьці пайшло не так і сістэма пазначыла ягоны голас як падазроны. У такім выпадку асоба можа звярнуцца ў Выбарчую камісію і аспрэчыць гэта, даўшы доказы свайго галасавання. Але гэта будзе з падачы самога выбарніка, а не з ініцыятывы Выбарчай камісіі, сказала старшыня Выбарчай камісіі.

Падчышчаць лічбавыя сляды

Алена Прыходзька таксама адзначыла, што распрацоўнікі праграмы паклапаціліся пра карыстальнікаў з прыладамі на платформе iOS, якія хвалююцца, што іхныя лічбавыя сляды могуць застацца ў гісторыі спампоўвання. Яна нагадала, што аплікацыю для галасавання нельга будзе спампаваць непасрэдна з крамы «App Store», для гэтага выбарнікам трэба будзе скарыстаць платформу «TestFlight», распрацаваную кампаніяй «Apple».

Інструкцыя з падрабязным апісаннем таго, як усё правільна зрабіць, неўзабаве будзе апублікаваная Выбарчай камісіяй.

Што да карыстальнікаў прыладаў з сістэмай «Android», такой праблемы, адзначыла Алена Прыходзька, у іх няма: усё выдаляецца проста з гісторыі спампоўвання.

Тым, хто ў Беларусі, трэба пачакаць

Беларусаў, якія застаюцца ў Беларусі, Алена Прыходзька заклікала да 25 траўня не рабіць ніякіх дзеянняў і дачакацца інфармацыі, якую размесціць Выбарчая камісія напярэдадні галасавання.

«25 траўня, калі выбары пачнуцца, мы размесцім спецыяльную інструкцыю для беларусаў унутры краіны, як ім бяспечна прагаласаваць і што зрабіць. Гэта вельмі важны чыннік. Там будзе некалькі варыянтаў. Адзін я ўжо агучыла, з аплікацыяй. Будзе яшчэ адзін варыянт, не складаны. Таму я ўсіх заклікаю сачыць за інфармацыяй, а самае галоўнае – проста адпаведна выконваць інструкцыі», – сказала Алена Прыходзька.

Выбары ў КР
Сілавы сцэнар, увага свету і палітвязні. Што казалі на канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду
2024.05.19 14:56

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў