Прэзідэнт Ірану і яшчэ 8 чалавек загінулі ў выніку аварыі верталёта


Верталёт Мі-171, на борце якога быў прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі, 19 траўня разбіўся каля Джульфы на іранска-азербайджанскай мяжы. Іранскае агенцтва «Mehr» паведаміла 20 траўня, што ніхто з пасажыраў не ацалеў.

Разам з прэзідэнтам Ірану Эбрагімам Раісі ляцелі міністр замежных справаў, генерал-губернатар правінцыі Ірану Усходні Азербайджан і прадстаўнік вярхоўнага лідара ў гэтай правінцыі, яшчэ два пасажыры і тры чальцы экіпажу.

Пра смерць паведамляе не толькі іранскае агенцтва «Mehr» (якое дзень раней пісала, што Раісі ацалеў, але выдаліла гэтую навіну). Пра смерць усіх пасажыраў, паводле Бі-Бі-Сі, паведаміла таксама іранскае дзяржаўнае тэлебачанне. Пра гэта кажа таксама кіраўнік іранскага Чырвонага Паўмесяца. Смерць Раісі пацвердзіў агенцтву «Reuters» прадстаўнік іранскіх уладаў, які пажадаў застацца ананімным.

Абноўлена. Выконваць абавязкі прэзідэнта Ірану будзе віцэ-прэзідэнт, паведаміла іранскае агенцтва «Tasnim». Ён ужо паабяцаў, што ўрад будзе працаваць без збояў. Міністэрства замежных справаў Беларусі выказала спачуванні народу Ірану (які называе Раісі «тэгеранскім мясніком» за забойствы тысячаў палітычных вязняў). МЗС назвала загінулых «сапраўднымі сябрамі Беларусі». Пазней так жа назваў Раісі Аляксандр Лукашэнка: напісаў у спачуванні, што назаўсёды захавае самыя цёплыя ўспаміны пра сустрэчы і размовы з загінулым.

Паводле «Mehr», у ратавальнай аперацыі бралі ўдзел 73 каманды з адмысловым абсталяваннем, якія працягвалі пошукі, нягледзячы на цяжкія ўмовы надвор’я. На кадрах з месца здарэння відаць, што верталёт цалкам згарэў.

У картэжы Раісі былі яшчэ два верталёты, якія дабраліся да месца прызначэння. Раісі 19 траўня сустракаўся з прэзідэнтам Азербайджану, яны адкрылі грэблю на іранска-азербайджанскай мяжы.

Іран – тэакратычная дыктатура, дзе прэзідэнт мае прадстаўнічыя і выканаўчыя функцыі, але найвышэйшую ўладу мае вярхоўны кіраўнік (рагбар). З 1989 года гэтую пасаду займае Алі Хамэнэі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў