19 красавіка ў Віцебскай вобласці пайшоў снег з моцнымі парывамі ветру. У выніку некалькі раёнаў засталіся без электрычнасці. Ад цяжару наледзі ўпалі некалькі дрэваў і пашкодзілі аўтамабілі.
Як паведамляе «Віцебскэнерга», часовыя адключэнні электрычнасці адбыліся ў населеных пунктах Аршанскага, Сенненскага і Талачынскага раёнаў. Мясцовыя энергетыкі перайшлі ў рэжым падвышанай гатовасці. З раніцы для ліквідацыі наступстваў снегападу былі задзейнічаныя сем брыгад, каля 40 чалавек і сем адзінак спецтэхнікі.
Віцебскі аблвыканкам распавёў, што на прыборку снегу, вышыня якога па стане на 10 гадзінаў раніцы дасягала 5 сантыметраў, выйшлі больш за 200 камунальнікаў.
Былі прыпыненыя палявыя працы.
У Віцебску ад цяжару наледзі, якая стала наступствам ліўневага снегападу, падалі дрэвы – ратавальнікі 7 разоў выязджалі, каб прыбраць дрэвы з праезджай часткі. Былі пашкоджаныя 8 легкавых аўтамабіляў. Пацярпелых няма.
Тым часам у Бабруйску з 19 красавіка зноў уключылі ацяпленне ў жылых дамах.
«Аднаўленне падачы цяпла ў жылы фонд звязанае з перспектыўным прагнозам надвор’я і сярэднесутачнай тэмпературай паветра ніжэй за +8°С», – паведамляецца ў тэлеграм-канале мясцовага дзяржаўнага медыя.
З 16 красавіка ацяпленне было ўключанае ў Віцебску, Горадні і Баранавічах.
Белгідрамет папярэджвае аб небяспечнай гідраметэаралагічнай з’яве. Уначы ў суботу, 20 красавіка, месцамі па краіне, у прыватнасці – па большай частцы Віцебскай вобласці, чакаюцца замаразкі 0°С…- 3°С. У ваколіцах Менску – да -2°С.
Марыя Міхалевіч belsat.eu