На месцы рэгістрацыі намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў адбыўся ператрус


Сілавікі прыходзілі з ператрусам на месца рэгістрацыі ў Менску намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага 17 траўня. Супраць яго завялі крымінальную справу, за што – невядома, паведамляе БАЖ.

Барыс Гарэцкі
Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Менск, Беларусь. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Барыс Гарэцкі ды іншыя лідары Беларускай асацыяцыі журналістаў вымушана выехалі з Беларусі яшчэ ў 2021 годзе, пасля таго як сілавікі разграмілі офіс арганізацыі ў Менску. У сакавіку 2023-га БАЖ абвясцілі ў Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем.

«Сілавікі прыходзілі з пастановаю на ператрус. Я не ведаю, ці нешта забралі з кватэры, людзі вельмі напалоханыя і цяпер баяцца камунікаваць. Але ніякіх маіх рэчаў у кватэры няма, бо я вымушана не жыву ў Беларусі ўжо тры гады. Усё адно гэта вельмі непрыемна. Відавочна, гэта чарговая атака сілавікоў на БАЖ і незалежных журналістаў з мэтаю прымусіць нас спыніць важную працу для беларускай аўдыторыі», – расказаў Барыс Гарэцкі.

Не зважаючы на вымушаную рэлакацыю, БАЖ працягвае актыўную працу для падтрымання беларускіх журналістаў і медыяў, падкрэслівае прэс-служба БАЖ.

Раніцаю 16 траўня сілавікі таксама апячаталі кватэру журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча. Дзверы выламалі супрацоўнікі МНС. У гэтай кватэры журналіст з сям’ёй пражыў 12 гадоў. Там застаецца прапісаны ягоны няпоўнагадовы сын.

Казакевіч быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ўлетку 2021 года.

«З 2020 года тую самую кватэру яны апаскудзілі сваймі ператрусамі тры разы. У ліпені 2021-га быў апошні ператрус. Мяне выпадкова не было ўдома, і я зразумеў, што трэба з’язждаць. Калі яе сканфіскуюць паводле лукашэнкаўскіх законаў, то я яе вярну рана ці позна паводле законаў новай Беларусі», – расказаў «Белсату» Зміцер Казакевіч.

Hавiны
У беларускай кватэры журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча выламалі дзверы, жыллё апячаталі
2024.05.17 16:02

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў