Візіт Лукашэнкі ў Азербайджан: маштабы грандыёзныя, але зарабіць не атрымаецца


Аляксандр Лукашэнка адправіўся з афіцыйным візітам у Азербайджан. 16 траўня ён сустрэўся з прэзідэнтам Ільхамам Аліевым, пасля чаго абодва бакі выказвалі гучныя словы пра неразрыўнае сяброўства паміж Беларуссю і Азербайджанам, а таксама анансавалі вялікія планы ў супрацы. Але ўва што выльюцца гэтыя планы на практыцы і ці можа Азербайджан дапамагчы лукашэнкаўскаму рэжыму абысці санкцыі? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з экспертамі.

Удзельнікі сустрэчы ў вузкім фармаце: Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў. 16 траўня 2024 года.
Фота: president.az

У вузкім і пашыраным фармаце

16 траўня, паводле паведамленняў прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, адбыліся сустрэчы беларускага і азербайджанскага бакоў у вузкім і пашыраным фарматах.

Вузкім фарматам тэлеграм-канал «Пул первого» назваў сустрэчу Ільхама Аліева і Аляксандра Лукашэнкі. Яна доўжылася 1,5 гадзіны, што ў параўнанні з сустрэчамі тэт-а-тэт з расейскім прэзідэнтам, якія цягнуцца па 8 гадзінаў, адносна нядоўга.

Па заканчэнні сустрэчаў бакі завяралі пра вялікае сяброўства: асабліва тут вылучаўся Лукашэнка, які назваў стасункі з Аліевым «самымі добрымі, самымі блізкімі». «Мы камунікуем як браты, аднолькава разумеем свет, куды ён рухаецца, – сказаў Лукашэнка, дадаўшы пазней: – Беларусь можа падставіць плячо Азербайджану так, як ніхто ў свеце больш не зробіць».

Як вынікае з паведамленняў прэс-службы, Лукашэнка спрабаваў «падставіць плячо» ў шмат якіх сферах: машынабудаванні, прамысловай кааперацыі, фармацэўтычнай вытворчасці, у развіцці прафесійна-тэхнічнай адукацыі ды іншых. Фактычна ж больш падобна, што ён угаворваў Аліева пусціць беларускі бізнес на азербайджанскі рынак, у чым пазней сам і прызнаўся.

«Я на перамовах сам-насам Ільхама Гейдаравіча папрасіў: калі гэта магчыма, нейкае месца для Беларусі, вы, калі ласка, нам яго дайце. І Ільхам Гейдаравіч такі падыход падтрымаў», – сказаў Лукашэнка.

Маштабы грандыёзныя

Што датычыць двухбаковых пагадненняў, якія па выніках візіту падпісала беларуская дэлегацыя з Азербайджанам, то ў цэлым яны выглядаюць даволі дзяжурнымі і нейкіх прарыўных дамоўленасцяў там не было: пратакол аб узаемным выкарыстанні электронных сістэмаў сертыфікацыі паходжання тавараў, план захадаў у развіцці супрацы ў сферы турызму, мемарандум аб узаемаразуменні і супрацы ў галіне канкурэнтнай палітыкі, дзяржаўных закупаў, абароны правоў спажыўцоў і рэкламнай дзейнасці ды г. д.

А вось на словах было зроблена шмат гучных заяваў. Адна з найбольш розгаласных – запрашэнне беларускіх кампаніяў адбудоўваць тэрыторыі Нагорнага Карабаху, над якім увосень 2023 года аднавіў кантроль Азербайджан. Трэба сказаць, што Лукашэнка апантаны гэтай ідэяй ужо адносна даўно: гэтае пытанне ўздымалася яшчэ падчас снежаньскай сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе, дзе Аліеў пацвердзіў прапанову Лукашэнкі ўзяць удзел у «мадэрнізацыі і будаўніцтве інфраструктурных аб’ектаў у Карабаху».

І вось мінула паўгода, і на сустрэчы ў Баку Лукашэнка зноў узняў гэтае пытанне. Аліеў, як і мінулым разам, ізноў даў сваё пацвярджэнне: «Я запрасіў беларускія кампаніі актыўна браць удзел у аднаўленні карабахскай і ўсходне-зангезурскай зонаў. Маштаб працаў, якія мы ажыццяўляем і будзем ажыццяўляць, грандыёзны», – прыводзіць словы Аліева БелТА.

Журналістам заявілі і пра іншыя грандыёзныя планы: пашырыць прамысловую кааперацыю, супольную вытворчасць на тэрыторыі Азербайджану не толькі тэхнікі МТЗ (якая цяпер наладжаная ў краіне), але і «мазаўскай тэхнікі, пажарнай тэхнікі, вытворчасць ліфтавага абсталявання», супрацу ў сельскай гаспадарцы ды інш.

Адным з планаў прагучаў выхад на аб’ёмы таваразвароту на 1 мільярд долараў. Адметна, што ў 2023 годзе таваразварот паміж нашымі краінамі перавысіў 400 мільёнаў долараў, адзначае БелТА, але гэта толькі палова ад таваразвароту, зафіксаванага ў 2021-ым (885,5 мільярда долараў).

Лукашэнка і Аліеў наведалі сельскагаспадарчую выставу «Caspian Agro».
Фота: day.az

Пры гэтым, падкрэслівае БелТА, абапіраючыся на звесткі Беларускай універсальнай таварнай біржы, за першыя чатыры месяцы 2024 года сума ўгодаў, заключаных азербайджанскімі кампаніямі на біржавых гандляваннях, дасягнула 38 мільёнаў долараў, што ў 14,5 разу больш, чымся за той жа перыяд летась. Такі рост абумоўлены значным павелічэннем паставак у Азербайджан беларускай пілапрадукцыі, фактычна ж – падсанкцыйнага тавару. Дык ці гатовы Азербайджан даваць лукашэнкаўскаму рэжыму магчымасць абыходзіць санкцыі і наагул «пра што» быў гэты візіт – пра эканамічную ці ўсё ж палітычную супрацу?

Важныя геапалітычныя заявы

Нягледзячы на тое, што напярэдадні сустрэчы прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі акцэнтавала ўвагу на тым, што асноўны ўпор будзе рабіцца на пашырэнні гандлёва-эканамічных сувязяў, кандыдат гістарычных навук, эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін думае, што гэты візіт Лукашэнкі ў Азербайджан меў больш палітычных, чымся эканамічных падставаў. А ўжо пасля яго загарнулі ў «прыгожую абгортку», каб падаць у інфармацыйнай прасторы.

На думку каардынатара «Нашай візіі» Вадзіма Мажэйкі, Лукашэнка падчас гэтай сустрэчы, як заўсёды, спрабаваў рабіць эканамічныя акцэнты, каб прынесці ў краіну грошы, але гэты візіт меў вельмі важны палітычны, нават геапалітычны складнік.

Разбураны дом у Сцепанакерце, горадзе ў Нагорным Карабаху. Верасень 2023 года.
Фота: gazeta.uz

«Калі Лукашэнка падчас візіту ветліва казаў пра «адраджэнне» земляў, якія былі «вызваленыя» [маецца на ўвазе Нагорны Карабах], калі казаў пра тое, што Азербайджан цяпер галоўны ў Каўказскім рэгіёне, гэта выглядала як вялікія геапалітычныя заявы. Але тое, што Лукашэнка называе «вызваленнем земляў», – гэта захоп Азербайджанам земляў у Арменіі, якая фармальна ёсць палітычным саюзнікам Беларусі.  Гэта, безумоўна, дэманструе той жах, які адбываецца ў АДКБ, калі краіны – сябры АДКБ падтрымліваюць не свайго саюзніка, а яго суперніка. Проста сам факт, што Лукашэнка сябе паводзіць як палітык, які настолькі лёгка можа мяняць свае абяцанні на нейкія прагматычныя выгады… Я б вельмі сумняваўся, наколькі яму можна давяраць, нават на месцы таго ж Аліева», – адзначыў Вадзім Мажэйка.

Зарабіць на аднаўленні не ўдасца

Што да падпісанага пакету дакументаў, дзе былі рознага кшталту мемарандумы і пратаколы, адзначае Вадзім Мажэйка, то гэта звычайная практыка: маўляў, ёсць візіт, і яго трэба чым-небудзь напоўніць. А вось датычна вусных заяваў трэба памятаць пра тое, што гэта два «не надта дэмакратычныя і не надта прававыя» палітыкі, таму і дамоўленасці паміж імі могуць быць не на паперы, а на словах. Мы памятаем, адзначае Вадзім Мажэйка, як Ільхам Аліеў у 2010 годзе пад «шчырае слова» пазычыў Лукашэнку 200 мільёнаў долараў на аплату расейскага газу, што выдае персаналісцкі стыль:

«Іншая справа: няясна, чаму гэта мусіць быць Беларусь, а не Турцыя, у якой з будаўнікамі ўсё нармальна і з сельскай гаспадаркай усё ў парадку, яна там квітнее. Таму паглядзім, наколькі тут будзе рэальна нешта для Беларусі».

Пры гэтым, мяркуе Яўген Красулін, ёсць вялікія сумненні ў тым, што ў перспектыве Беларусь будзе мець вялікі прыбытак ад узнаўлення «вызваленых» земляў у Карабаху. Адна з прычынаў тут – уведзеныя ў дачыненні нашай краіны эканамічныя санкцыі.

Падпісанне дакументаў у Баку. 16 траўня, Баку.
Фота: president.az

«Так, любое аднаўленне краіны – гарадской забудовы, інфраструктуры – гэта, канечне, вельмі салодкая тэма. Шмат хто хацеў бы ўзяць удзел у гэтым. І тут беларусам трэба будзе вытрымаць канкурэнцыю, давядзецца пускаць у хаду пацалункі. Але, з другога боку, сітуацыя ў Беларусі, у беларускай эканоміцы і рэжым санкцыяў прымушаюць даволі песімістычна глядзець на перспектывы, бо гэтыя фактары не будуць даваць магчымасці развівацца супрацы паміж Азербайджанам і Беларуссю ў гэтай сферы. Зноўку, калі паглядзець, што гоніць Беларусь у Азербайджан і за кошт чаго адбываецца гандлёвы рост, – гэта піламатэрыялы. Вось высечам усе беларускія лясы? Дый тое наўрад ці атрымаецца запіхнуць іх на азербайджанскі рынак, таму не будзе тут вялікага прафіту для беларускай эканомікі», – адзначыў Яўген Красулін.

Што да пытання абыходу накладзеных на Беларусь санкцыяў, то Вадзім Мажэйка думае, што гэта Азербайджану рабіць не вельмі выгадна:

«Складана сказаць, наколькі Азербайджан будзе гатовы ў такія схемы ўпісвацца. Бо яму гэта не надта патрэбна, у Азербайджану ёсць свая добрая эканоміка, таму палітычныя страты ад магчымасці трапіць пад другасныя санкцыі большыя за патрэбу зарабіць нейкі мільён на беларускім санкцыйным транзіце. Таму для Азербайджану ёсць сэнс дзеяць асцярожна, і  Азербайджан не выглядае на сёння як найлепшы хаб для абыходу санкцыяў».

Нежаданне Азербайджану браць удзел у працэсах абыходу санкцыяў пацвердзіў нам і дэпутат Мілі Меджлісу, парламенту Азербайджанскай Рэспублікі, Айдын Мірзэзадэ. Ён адзначыў, што Азербайджан (як, паводле яго, і Беларусь) «не зацікаўлены ў канфлікце з вялікімі дзяржавамі». «Мы ніколі не парушаем тых санкцыяў, якія існуюць у свеце. Таваразварот паміж Азербайджанам і Беларуссю абапіраецца выключна на нацыянальныя рэсурсы, і ніякія абыходы санкцыяў непажаданыя для нашай краіны, і гэтага не будзе», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Аналітыка
З адпачынку – у самае пекла. Што чакае расейскіх міратворцаў, якіх выводзяць з Карабаху
2024.04.22 07:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў