«Сізіфава задача» для Ізраілю. Тлумачым, чаму вайне ў сектары Газа не бачна канца


На мінулым тыдні Цагаль распачаў абмежаваную ваенную аперацыю ў Рафаху, які называюць апошнім бастыёнам «Хамасу». Аднак падобна на тое, што нават узяцце пад кантроль гэтага мястэчка не прывядзе да міру, бо ўрад Ізраілю па-ранейшаму не мае плану, што рабіць з сектарам Газу далей. Belsat.eu распавядае, што цяпер адбываецца на Блізкім Усходзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія салдаты кіруюць танкам непадалёк ад мяжы з Газай. 16 траўня 2024 года.
Фота: Mostafa Alkharouf / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Рафах як непазбежнасць

Аперацыя Ізраілю ў Рафаху распачалася 6 траўня. Цагаль нанёс серыю паветраных удараў у гэтым раёне, а танкавыя падраздзяленні ўвайшлі ва ўсходнюю частку паселішча і ўзялі пад кантроль КПП на егіпецкай мяжы – асноўны канал паставак у анклаў. Гэта можна лічыць пачатковай стадыяй аперацыі: да маштабнага наступлення ў Рафаху ізраільская армія не перайшла. Пакуль усё абмяжоўваецца кропкавымі ўдарамі і дробнымі сутычкамі. У Цагаль заяўляюць пра гібель каля сотні палестынскіх баевікоў, выкрыццё 10 тунэляў і вялікай колькасці зброі. З боку Ізраілю па стане на 16 траўня ў Рафаху загінуў адзін вайсковец. Адначасова вядзецца эвакуацыя мірных жыхароў: з 6 траўня Рафах пакінулі ўжо каля 500 тысяч чалавек.

Аперацыя ў Рафаху разглядаецца як кульмінацыя вайны ў сектары Газа. Пасля разгрому баевікоў на поўначы анклаву,  гэта мястэчка на мяжы з Егіптам пераўтварылася ў галоўны бастыён «Хамасу». Кантроль за горадам дазваляе палестынскай групоўцы трымаць у сваіх руках плыні гуманітарнай дапамогі і кантрабанды, што з’яўляецца залогам захавання ўлады баевікоў у анклаве.

Разам з тым, наступ на Рафах – складаная задача і ў ваенным, і ў палітычным сэнсе. У горадзе знайшлі прытулак сотні тысяч мірных палестынцаў, вымушаных пакінуць свае дамы пасля пачатку баявых дзеянняў. Поўнамаштабны штурм Рафаху непазбежна пацягне за сабой вялікія страты сярод цывільнага насельніцтва. Праз гэта Ізраіль зазнае сур’ёзны міжнародны ціск, у тым ліку з боку Захаду. Злучаныя Штаты, галоўны саюзнік Ізраілю, адкрыта выступаюць супраць гэтай аперацыі і дэманстратыўна затрымалі пастаўкі чарговай партыі авіябомбаў, калі стала вядома пра першыя ўдары па Рафаху. Менавіта праз міжнародны ціск, а таксама з-за перамоваў наконт вызвалення закладнікаў, якія трапілі ў палоне «Хамас» у выніку тэрарыстычнага 7 кастрычніка, Ізраіль пакуль адкладае поўнамаштабны штурм Рафаху.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагер палестынскіх бежанцаў Нусэйрат, размешчаны ў цэнтры сектару Газа, у пяці кіламетрах на паўночны ўсход ад гораду Дэйр-аль-Балях, сектар Газа. 14 траўня 2024 года.
Фота: Hassan Jedi / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Аднак ізраільскае кіраўніцтва падкрэслівае, што ад аперацыі ў любым выпадку не адмовіцца. «Думка пра тое, што мы спынім вайну без дасягнення ўсіх яе мэтаў, немагчымая», – заявіў прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу за тыдзень да першых удараў па Рафаху. Ён таксама папярэдзіў, што магчымая адмова ЗША пастаўляць зброю яго не спыніць – Ізраіль справіцца і ў адзіночку.

Праўда, самадастатковасць Ізраілю ў гэтым плане зусім не бясспрэчная. Рэдактар і заснавальнік выдання «The Times of Israel» Давід Горавіц звяртае ўвагу на тое, што спыненне паставак пэўнага ўзбраення з боку ЗША можа істотна аслабіць здольнасць Цагалю змагацца з праіранскай групоўкай «Хізбула», якая апошнім часам узмацніла абстрэлы ізраільскай тэрыторыі.

Hавiны
ЗША моцна раскрытыкавалі Ізраіль: выкарыстанне зброі ў Газе можа парушаць міжнароднае права
2024.05.11 09:35

Бясконцы «Хамас»

Ізраіль вядзе баі не толькі на поўдні, але і на поўначы сектару Газа, які нібыта быў ужо ачышчаны ад тэрарыстаў. На гэтым тыдні Цагаль распачаў аперацыю ў мястэчку Джабалія. Ізраільскія вайскоўцы ўзялі яго пад кантроль яшчэ ў канцы 2023 году, але там зноў з’явіліся баевікі і прыйшлося ладзіць паўторную зачыстку.

15 траўня ў баях за Джабалію загінулі пяцёра дэсантнікаў Цагаль – праўда, не ад рук тэрарыстаў, а ў выніку «friendly fire». Агульныя страты Цагаль з пачатку наземнага ўварвання ў сектар Газа складаюць ужо 278 забітых жаўнераў.

Сітуацыя ў Джабаліі прымусіла зноў задумацца над эфектыўнасцю аперацыі Ізраілю ў сектары Газа. Ізраіль зачышчае тэрыторыі ад палестынскіх баевікоў, але нічога не стварае ўзамен. У выніку ўзнікае вакуум улады, які неўзабаве зноў пачынае запаўняць «Хамас», карыстаючыся лёгкім доступам да навабранцаў, шырокай сеткай тунэляў і глыбокай ўкараненнасцю ва ўсіх структурах Газы.

Выданне The Washington Post са спасылкай на мясцовых жыхароў у Джабаліі распавядае, што пасля таго, як у канцы 2023 году Ізраіль вывеў войскі з мястэчку, «Хамас» адразу пачаў набіраць людзей, каб узяць пад кантроль размеркаванне цывільнай дапамогі і стварыць новую штаб-кватэру. «Імклівы наступ Ізраілю ў сектары Газа саступіў месца ўпартай бітве на знясіленне, падкрэсліваючы, наколькі ён па-ранейшаму далёкі ад сваёй галоўнай ваеннай мэты – поўнага дэмантажу «Хамас», – піша The Washington Post. Цяпер амерыканскія чыноўнікі ўсё больш высока ацэньваюць устойлівасць палестынскай групоўкі ў анклаве.

Галоўная праблема палягае ў тым, што ў Ізраілю дасюль няма плану палітычнага ўрэгулявання сітуацыі ў сектары Газа пасля завяршэння баявых дзеянняў. Хто будзе кіраваць анклавам і ў які ён будзе статусе? Палітыкі, эксперты і журналісты адразу папярэджвалі, што без вырашэння гэтай праблемы ваенная аперацыя ў сектары Газа непазбежна зойдзе ў тупік. Аднак урад Бэньямін Нэтаньягу дасюль не прапанаваў сцэнару «заўтрашняга дня». Таму сумневы ў тым, што Рафах стане фінальнай бітвай гэтай вайны, працягваюць расці.

«Палітычная бомба» ва ўрадзе Ізраілю

Нявызначанасць з палітычным планам усё больш турбуе Злучаныя Штаты і адначасова спрыяе расколу ў ваенна-палітычным кіраўніцтве Ізраілю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія салдаты падчас ваенных дзеянняў у сектары Газа. 14 траўня 2024 года.
Фота: Israeli Army / AFP / East News

Каментуючы аперацыю ў Джабаліі ў эфіры «13 каналу», начальнік генеральнага штабу Арміі абароны Ізраілю Герцы Халеві заявіў: пакуль у сектары Газа не будзе створана цывільная адміністрацыя, не звязаная з «Хамасам», Цагаль прыйдзецца «зноў і зноў пачынаць кампаніі ў розных месцах, каб знішчыць інфраструктуру «Хамасу». «Гэта будзе сізіфава задача», – падкрэсліў ён.

Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт 15 траўня выступіў з досыць рэзкай заявай, заклікаўшы Нэтаньягу нарэшце вызначыцца, што рабіць з сектарам Газа. Паводле міністра, прамаруджванне і адмова абмяркоўваць сцэнары «заўтрашняга дня» ў Газе прыводзяць да ўзмацнення тэрарыстаў. Калі цяпер не стварыць альтэрнатыву «Хамасу», то Ізраілю або прыйдзецца браць на сябе ўладу ў сектары Газа, або змірыцца з тым, што «Хамас» працягне кіраваць анклавам. Абодва варыянта Галянт лічыць жудаснымі. Калі Ізраіль застанецца ў сектары Газа, то гэта будзе вельмі дорага каштаваць краіне з пункту гледжання чалавечых і эканамічных стратаў, з чым міністр пагадзіцца не можа.

«Палестынскія сілы пры падтрымцы арабскіх краін – вось хто павінен кантраляваць сектар Газы. Гэта – у інтарэсах Ізраілю для дасягнення нашых мэтаў. На практыцы ж прасоўваецца палітыка ізраільскага ваеннага кіравання. Гэта дрэнная і небяспечная альтэрнатыва для дзяржавы Ізраіль», – упэўнены Галянт.

У Ізраілі заяву Галянт расцанілі як дэмарш і адкрыты выклік Нэтаньягу. Выданне «The Jerusalem Post» назвала гэтую прамову «палітычнай бомбай», якая агаліла непрыязнасць паміж кіраўніком Мінабароны і прэм’ерам, а таксама «нерашучасць на самых высокіх узроўнях улады Ізраілю». Некаторыя чальцы ўраду падтрымалі Галянта, іншыя – рэзка раскрытыкавалі і заклікалі да адстаўкі міністра. Напружанне ўнутры ўраду Ізраілю пасля гэтага рэзка вырасла, канстатуе «The Jerusalem Post».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студэнты Чылійскага ўніверсітэту адзначаюць 76-ю гадавіну масавага выгнання палестынцаў з сучаснай тэрыторыі ў Сант’яга, Чылі. 15 траўня 2024 года.
Фота: Lucas Aguayo Araos / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Паміж Хамастанам да Фатхастанам

У падтрымку пазіцыі кіраўніка Мінабароны выступіў таксама Вашынгтон. Белы дом, як і Галянт, лічыць, што да кіравання сектарам Газа трэба прыцягнуць Палестынскую нацыянальную адміністрацыю (ПНА), якая цяпер кантралюе толькі Заходні бераг ракі Іярдан.

Аднак Нэтаньягу ўпэўнены, што ПНА, дзе дамінуе ўмераны свецкі рух «Фатх», мала чым адрозніваецца ад «Хамасу» і ёй нельга даверыць уладу ў сектары Газа. Прэм’ер спаслаўся на сацыялагічныя апытанні, паводле якіх на Заходнім беразе ракі Іярдан больш за 80% жыхароў падтрымалі напад «Хамас» на Ізраіль 7 кастрычніку.

«Я не гатовы перайсці ад Хамастану да Фатхастану», – заявіў Нэтаньягу.

Праўда, некаторыя эксперты звяртаюць увагу на тое, што якім бы антыізраільскай не была ПНА, яна ўсё ж такі не дапусціла ўцягвання Заходняга берагу ракі Іярдан у вайну з Ізраілем.

Так ці інакш, альтэрнатыўных варыянтаў Нэтаньягу пакуль усё роўна не прапаноўвае – ён лічыць, што спачатку трэба ліквідаваць «Хамас». «Альтэрнатывы ваеннай перамозе няма», – настойвае ізраільскі прэм’ер.

Аналітыка
Цярпенне заканчваецца, а вайна – не. Тлумачым, што адбываецца на Блізкім Усходзе
2024.04.04 16:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў