Пераслед беларусаў замежжа і суд над ябацькам са стажам. Навіны рэпрэсіяў за 16 траўня


«Белсат» працягвае адсочваць навіны рэпрэсіяў у дачыненні беларусаў, пазіцыя якіх нязгодная з пазіцыяй лукашэнкаўскага рэжыму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Daniel Abbatt / pexels.com

Спіс падазраваных у справе «Беларусаў замежжа» папоўніўся на 104 прозвішчы. Цяпер у рэпрэсіўным пераліку мае быць больш як 200 асобаў. Уся віна абвінавачаных у тым, што яны святкавалі 106-ую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Як заявілі ў СК, тым самым беларусы замежжа «паспрабавалі зрэалізаваць злачынны план збеглых лідараў, які мае намер нанясення шкоды стратэгічным нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у забеспячэнні незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу».

У сваю чаргу КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» яшчэ сем спісаў кандыдатаў, якія балатуюцца ў Каардынацыйную раду. Новы статус атрымалі выбарчыя спісы «Хопіць баяцца», «Наша справа», «Салідарнасць», «Краіна для жыцця», «Незалежныя беларусы», «Голас дыяспараў – Адзінства па-над межамі», «Блок Пракоп’ева-Ягорава» а таксама ўсе ўдзельнікі гэтых аб’яднанняў. Цяпер усе 12 выбарчых спісаў у КР прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Да некаторых эмігрантаў ужо прыйшлі па месцы жыхарства ў Беларусі з ператрусамі, у іншых апісваюць маёмасць. Як стала вядома «Свабодзе», 16 траўня ад раніцы прадстаўнікі міліцыі і следчых органаў прыйшлі па месцы рэгістрацыі як мінімум некалькіх беларусаў, якія жывуць за мяжой.

Таксама дзецям Маляваныча (актора Аляксандра Ждановіча) патэлефанавалі і сказалі «чакаць гасцей». Маляваныч зʼехаў з краіны напачатку 2022-га году. Да гэтага яго звольнілі з Нацыянальнага драматычнага тэатру і асудзілі на 8 сутак за ўдзел у Маршы. Ім таксама цікавіліся спецслужбы, выклікалі на допыт ДФР.

А ў Менску прайшоў завочны суд над сябрам штабу Віктара Бабарыка Іванам Краўцовым. Яму завочна прызначылі 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым «у змове, здзейсненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», «у стварэнні экстрэмісцкага фармавання», «у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб», а таксама «ў дапамозе такім дзеянням.

У Віцебску судзілі 74-гадовага прарасейскага актывіста Аляксандра Андрэйкава. Яго абвінавацілі ў распаўсюджванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Прарасейская актывістка Эльвіра Мірсалімава адзначыла, што яго судзілі за даўні рэпост з рэсурсу, прызнанага пазней беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім». Актывістка сцвярджае, што Андрэйкаў з 2014 году змагаўся з «нацыяналізмам і русафобіяй» у Беларусі, а ў 2020 годзе «стаў ідэйным «ябацькам«».

Сілавікі затрымалі жыхара Клімавічаў Кірыла Вазмілава за тое, што ён штурхаў нагамі афіцыйны сцяг у 2020 годзе. Пасля сцяг спалілі ў двары дому. Таксама затрыманы Сяргей Манах – байкер з Глыбоцкага раёну. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. У Менску ж за ўдзел у пратэстах і рэгістрацыю ў плане «Перамога» зняволілі Карыну Раманоўскую.

Спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў папоўнілі telegram-каналы і чаты «puerrtto», «Чижовка», «Коля Мостовенко», Instagram старонкі «аааааааmmmmmm», «iuryishchuchko», «kurshin.sasha», «zmagary.krakowa», «Anastasiya Mashchava (Мащева)», «Прадстаўніцтва па замежных справах», старонкі ў сацсетках праекту «Заповедник», відэаролікі «Глеб Івашкевіч – удзел у пратэстах у Беларусі, эміграцыя ў ЗША, валянтэрства і дапамога беларусам», «Суворов Виктор – Тень победы», «Суворов Виктор – Беру свои слова обратно», «Суворов Виктор – Ледокол» (1,2,3 часткі), Facebook-старонкі «СВОБОДА.РАВЕНСТВО.БРАТСТВО», «Прасвет. Рэальная карцiна свету вакол Беларусi», старонка ў «Аднакласніках» «КОСТЯ ГЕРАСИМЕНКО», TikTok-старонкі «stopolivki96», «nick_dem_», «anastasichek», «ў1808053», «vola0520», «pandovan4ik».

Hавiны
Беларусы жывуць ва ўмовах сталінскіх часоў – Ціханоўская на міжнароднай канферэнцыі «Impact»
2024.05.16 12:24

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў