Лукашэнка прапанаваў Аліеву «адраджаць» Карабах, адкуль летась ад вайны ўцяклі армяне


У Азербайджане 16 траўня прайшлі перамовы паміж мясцовым прэзідэнтам Ільхамам Аліевым і самаабвешчаным кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў.
Фота: president.gov.by

«У нас няма закрытых тэмаў, у нас усё адкрыта. Калі б нехта пачуў, якія пытанні мы абмяркоўваем, яны падумалі б: якія ж у нас стасункі? Самыя добрыя, самыя блізкія. Мы камунікуем як браты, аднолькава разумеем свет, куды ён рухаецца», – працытавала самаабвешчанага кіраўніка ягоная прэс-служба.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Азербайджану спрыянне ў пасляваенным аднаўленні тэрыторыяў. Відаць, вядзецца пра Нагорны Карабах, кантроль над якім Баку аднавіў увосень 2023 года, знішчыўшы самаабвешчаную армянскую Нагорна-Карабахскую Рэспубліку. Пасля гэтага рэгіён пакінулі практычна ўсе армяне.

«Якраз настаў той цяжкі час, калі трэба адраджаць гэтыя землі, трэба вяртаць людзей (а яны ўжо, некаторыя, нарадзіліся ў горадзе – праблема, напэўна, будзе). Перамаглі, перамогу ўтрымалі, цяпер трэба адраджаць», – сказаў Лукашэнка.

І прапанаваў сваё падтрыманне ў гэтым: «тэхніка, аграгарадкі, працоўныя месцы, пэўныя тэхналогіі». Паводле Лукашэнкі, Ільхам Аліеў гэтую ідэю падтрымаў.

У размове з прадстаўнікамі медыяў ён таксама заявіў, што землі Нагорнага Карабаху «проста ў пустэльню ператвараліся». Але іх адраджэнне, дадаў Лукашэнка, зойме доўгія гады.

Нагадаем, што Арменія незадаволеная пазіцыяй Арганізацыі калектыўнай дамовы бяспекі, куды яна ўваходзіць разам з Беларуссю і Расеяй, з прычыны таго, што АДКБ не падтрымала Ерэван у канфлікце з Баку.

«Пасля азербайджанскай агрэсіі, падчас якой загінулі больш як 200 асобаў, прыбыла місія збору фактаў з АДКБ. Мы чакалі палітычнай ацэнкі і рэалізацыі механізмаў АДКБ. Гэтага не адбылося», – заявіў амбасадар у асаблівых даручэннях МЗС Арменіі Эдмон Марук’ян.

У выніку гэтага Арменія прыпыніла свой удзел у арганізацыі. За што яе крытыкуе ўжо Лукашэнка, які працягвае развіваць стасункі з варожым Ерэвану Баку.

Аналітыка
З адпачынку – у самае пекла. Што чакае расейскіх міратворцаў, якіх выводзяць з Карабаху
2024.04.22 07:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў