Польскі суддзя Томаш Шмыт, які ўцёк у Беларусь у пачатку траўня, быў даўно завербаваны беларускімі спецслужбамі. Пра гэта са спасылкаю на свае крыніцы паведамляе арганізацыя «BYPOL».
Паводле арганізацыі, Томаш Шмыт быў загадзя завербаваны спецслужбамі Аляксандра Лукашэнкі, для сустрэчы са сваімі куратарамі ён і наведваў Беларусь у 2023 годзе.
«Ягонае вербаванне стала значнай падзеяй у гісторыі беларускіх спецслужбаў, да ведама быў пастаўлены сам дыктатар Лукашэнка», – адзначаюць у «BYPOL».
Як паведамляецца, у задачы суддзі ўваходзіў збор канфідэнцыйнай і сакрэтнай інфармацыі ўнутры Польшчы ў інтарэсах беларускіх спецслужбаў, а таксама дэстабілізацыя польскай сферы правасуддзя, паслабленне пазіцыі надзейнасці Польшчы ў вачах заходніх саюзнікаў у Еўрапейскім Звязе.
«Аднак у нейкі момант Шмыт спалохаўся выкрыцця і вырашыў уцячы. Без узгаднення са сваімі куратарамі ён прыехаў у Менск, чым вельмі іх раззлаваў. У сувязі з тым, што назад Шмыта адправіць было нельга было прынятае рашэнне зрабіць з гэтай падзеі інфармацыйную нагоду. Пасля чаго Шмыт стаў героем прапагандысцкіх эфіраў беларускіх дзяржаўных медыяў», – заявілі ў арганізацыі.
Цяпер з суддзёй шчыльна працуюць расейскія спецслужбы.
Польскі суддзя Шмыт 6 траўня абвесціў, што ўцёк у Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку. Варшаўскі суд 15 траўня выдаў рашэнне аб завочным арышце Шмыта. Паседжанне праходзіла ў закрытым рэжыме, таму дэталяў паведамляюць няшмат. Раней у Польшчы ў дачыненні Шмыта распачалі справу аб удзеле ў шпіянажы і дзейнасці замежнай выведкі.
Шмыт не збіраецца вяртацца ў Польшчу, застаецца ў Беларусі, дзе Лукашэнка абяцае яму абарону і нават ахову, хоць і не даў яшчэ статусу ўцекача.
Якуб Хруст belsat.eu