Больш як 400 беларусаў дадалі ў базу крымінальнага вышуку МУС Расеі за апошнія тры месяцы. Пра гэта паведамляе «Медиазона». За гэты час з базы вышуку прыбралі каля 200 імёнаў. Цяпер у спісе больш як 3400 беларусаў.
У вышук абвешчаныя жонка журналіста Змітра Лупача Кацярына і жонка палітвязня Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка, дызайнерка Ірына Хвайніцкая, музыкі Ганна Лепяшкевіч і Марыя Рогава, гомельскі актывіст Валерый Сляпухін і чалец «соннай ячэйкі экстрэмістаў» Канстанцін Гвоздзеў.
За тры месяцы ў вышук дадалі каля 30 беларусаў, звязаных з добраахвотніцкімі падраздзяленнямі ва Украіне, у тым ліку загінулых Васіля Парфянкова і Данііла Ляшука.
У спісе таксама затрыманы 14 траўня ў Расеі доктар Уладзімір Мартаў, асуджаны завочна на 25 гадоў калоніі прадпрымальнік Вадзім Пракоп’еў, пазбаўленая ліцэнзіі адвакатка Алена Шынкарэвіч і суддзя Аляксей Пацко, праваабаронца Алена Маслюкова. Таксама шукаюць асуджаных на «хімію» палітвязняў, у тым ліку галоўную рэдактарку «Новага часу» Аксану Колб і музыку Уладзіслава Наважылава.
У вышук абвешчаныя заснавальнік фонду дапамогі «Okno na Wschód» Павел Міцкевіч, актывісты «Маладога фронту» Віталь Цішчанка і Філіп Шаўроў, сустаршыня арганізацыі Андрэй Цянюта, моўныя актывісты Ігар Случак і Аліна Нагорная.
Адшукваюць рэдактара інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news» Аляксандра Корнышава, давераную асобу кандыдата ў прэзідэнты Ганны Канапацкай Ежы Грыгенчу, былую старшыню «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў» Надзею Гацак, праваслаўнага святара Георгія Роя.
«Медиазона» стварыла сэрвіс, што дазваляе знаходзіць у рэестры людзей паводле прозвішча. Выданне пры гэтым адзначае: адсутнасць у базе не гарантуе, што крымінальная справа супраць канкрэтнай асобы не заведзеная.
Якуб Хруст belsat.eu