Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 2 «Воля»


«Белсат» працягвае адмысловы праект з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. У яго межах мы знаёмім выбарнікаў са спісамі, якія прэтэндуюць на месцы ў КР. Кожны з лідараў атрымаў аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Лідар спісу «Воля» Аляксандр Клачко.
Фота: Наша Ніва

Гэтым разам прадстаўляем спіс «Воля». Лідар спісу – Аляксандр Клачко, эканаміст, абаронца Кіева ў складзе Палка імя Кастуся Каліноўскага. Напачатку кіраўніком спісу быў намеснік камандзіра ПКК Вадзім Кабанчук, але ён адмовіўся ад далейшага ўдзелу, магчыма, праз пазіцыю кіраўніцтва палка адносна ўдзелу ў выбарах. Агулам у спісе цяпер 19 асобаў: прэс-сакратар «BELPOL», блогер Аляксандр Кабанаў, кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько, сустваральнік «Паспалітага рушання» Сяргей Кедышка ды іншыя. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар спісу «Воля» ў выбарчым бюлетэні – 2.

Што нам адказалі ў «Волі»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння.

– існаванне Беларусі, як палітычнага суб’екта;

– планамернае вынішчэнне беларусаў, як нацыі;

– калапс дэмакратычнай прававой сістэмы.

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць.

– Адсутнасць эфектыўнай супрацы паміж дзейнымі палітычнымі субʼектамі: офісам Святланы Ціханоўскай, Абʼяднаным пераходным кабінетам (АПК) і Каардынацыйнай радай (КР);

– недастатковасць празрыстасці, справаздачы і сістэмы кантролю палітычных субʼектаў: офіс, АПК і КР;

– неэфектыўная зваротная сувязь пры прыняцці палітычных рашэнняў паміж дэмакратычнымі сіламі і беларускім грамадствам.

Светлана Тихановская, правозащитники, брифинг, Вильнюс, Сергей Тихановский, Николай Статкевич, Максим Знак, Мария Колесникова
8 сакавіка Святлана Ціханоўская прыйшла да будынку амбасады Беларусі ў Літве з партрэтам свайго мужа Сяргея Ціханоўскага. У гэты дзень спаўняецца год, як Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца без сувязі са знешнім светам. Беларуская лідарка звярнулася да генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша з просьбай умяшацца ў сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі. Вільня, Літва. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

3. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Міжнародны злачынец, які захапіў уладу неканстытуцыйным

4. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Грамадзянка Рэспублікі Беларусь, якая кінула выклік рэжыму Лукашэнкі і якую на выбарах падтрымала значная колькасць беларусаў.

5. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці, наадварот, варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Мы падтрымліваем санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і імперскай Расеі. Пры гэтым лічым, што галоўная задача не проста абʼявіць санкцыі, але і стварыць умовы для немагчымасці іх абыходу. Адмена санкцый у абмен на вызваленне палітвязняў не вырашае пытанне спынення рэпрэсій у Беларусі і толькі павялічвае іх колькасць у перспектыве. Толькі змена рэжыму ў Беларусі прывядзе да вызвалення ўсіх палітвязняў і спыніць рэпрэсіі. Санкцыі па палітвязнях не ўводзіліся

6. Ці падтрымліваеце вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Мы не выключаем сілавы сцэнар: хацелася, каб вайсковы складнік быў выкарыстаны галоўным чынам толькі для забеспячэння правапарадку і абароны грамадзянскіх правоў беларусаў у Беларусі падчас транзіту ўлады.

7. Як вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і ў NATO?

Станоўча.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Так, павінна. Беларусь павінна выйсці з АДКБ і з «Саюзнай дзяржавы» з Расеяй.

Здымак мае ілюстацыйны характар. Святкаванне Дня Незалежнасці ў парку Янкі Купалы. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

Адна дзяржаўная мова – беларуская. Мова бытавых стасункаў – беларуская, ангельская, расейская і любая іншая, якая падабаецца чалавеку.

10. Ці падтрымліваеце вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Так, падтрымліваем. Помнікі Леніну, Сталіну, Дзяржынскаму і іншым антыбеларускім дзеячам знойдуць прытулак у Беларускім нацыянальным музеі таталітарызму

11. Ці лічыце вы важным падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Мы талерантныя людзі, падтрымліваем гуманізм і права самавызначэння кожнага чалавека і выступаем за еўрапейскія каштоўнасці.

12. Ці падтрымліваеце вы пашырэнне гендарных квотаў, увядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Мы лічым, што кожны грамадзянін рэспублікі Беларусь мае аднолькавыя правы на ўдзел у выбарах, незалежна ад гендару альбо сексуальнай арыентацыі, альбо нацыянальнай прыналежнасці.

13. Якое стаўленне вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Мы паважаем права выбару кожнага чалавека і гатовыя да супрацы з кожнай суполкай, якая набліжае нас да мэты.

14. Ці лічыце вы неабходнаю прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

Так, падтрымліваем з улікам спецыфікі дзейнасці прадпрыемства.

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

Сацыяльная падтрымка з боку дзяржавы павінна існаваць.Трэба стварыць умовы, каб маламаёмасных груп насельніцтва стала меней і пры гэтым не стымуляваць сацыяльнае ўтрыманства

Здымак мае ілюстацыйны характар. Людзі глядзяць на захад сонца на Менскім моры. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

16. Ці падтрымліваеце вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Агульную амністыю не падтрымліваем. Мы за перагляд адказнасці паводле артыкулу 328, асабліва паводле 1 і 2 яго частак адносна непаўналетніх. Мы за дэкрыміналізацыю ўжывання канабіса і за легалізацыю медычнага канабісу.

17. Ці лічыце вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні якіх групаў?

Безумоўна, люстрацыя неабходная. Люстрацыя павінна быць праведзена супраць тых, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях. Ступень адказнасці павінна суадносіцца з цяжкасцю здзейсненага злачынства.

18. Ці ёсць Беларусь саўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

Трэба адрозніваць лукашэнкаўскі рэжым і беларускі народ: Беларусь знаходзіцца пад гібрыднай акупацыяй. Саўдзельнікам у вайне Расеі супраць Украіны зʼяўляецца рэжым Лукашэнкі

19. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

Падтрымліваем пры ўмове, што гэтыя прадстаўнікі расейскіх дэмакратычных сілаў змагаюцца не толькі супраць Пуціна, але і супраць імперскіх амбіцыяў Расеі.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Герб – «Пагоня», сцяг – бел-чырвона-белы, гімн – альбо «Пагоня» Максіма Багдановіча, альбо гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 да 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Абноўлена
Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду
2024.04.25 13:12

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца па меры публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў