Беларуска з пратэрмінаваным пашпартам выйграла суд у міграцыйнай службы Украіны


Беларуска, у якой скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта, перамагла ў судзе ўкраінскую Дзяржаўную міграцыйную службу, якая наклала на яе штраф за незаконны побыт на тэрыторыі Украіны. Як гэта было, расказвае радыё «Свабода».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Грамадзянка Беларусі выйшла замуж за ўкраінца ў 1999 годзе, з 2008 года яна жыла на тэрыторыі Украіны на падставе сталага дазволу на жыхарства, што дзее да 2033 года.

У снежні 2023 года галоўнае ўпраўленне Дзяржаўнай міграцыйнай службы ў Днепрапятроўскай вобласці склала на жанчыну адміністратыўны пратакол за парушэнне правілаў побыту іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, бо яна жыла ва Украіне на падставе пашпарта, тэрмін дзеяння якога скончыўся 1 жніўня 2023 года. Акрамя таго, на жанчыну наклалі штраф памерам 3400 грыўняў.

Беларуска напісала пазоў на скасаванне штрафу, у якім адзначыла, што ў яе не было магчымасці выехаць у Беларусь для замены пратэрмінаванага пашпарта з той прычыны, што ва Украіне пачаліся актыўныя баявыя дзеянні і было ўведзенае ваеннае становішча. Беларуска падкрэсліла, што не парушала парадку рэгістрацыі іншаземцаў ва Украіне.

Прадстаўнік міграцыйнай службы ў судзе настойваў, што побыт ва Украіне на падставе дазволу на жыхарства без дзейнага пашпарта ёсць парушэннем.

Але суд заняў бок беларускі. Ён прызнаў, што да адміністратыўнай адказнасці асобу можна прыцягнуць толькі ў тым выпадку, калі яна ў краіне на падставе пратэрмінаванага дазволу на жыхарства.

У судовай пастанове адзначана, што, улічваючы «палітычную сітуацыю ва Украіне, спыненне палітычных дачыненняў паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь, прыпыненне дзейнасці на тэрыторыі Украіны консульстваў Беларусі, заяўніца аб’ектыўна, з незалежных ад яе прычынаў пакуль што пазбаўленая магчымасці ажыццявіць абмен пашпартнага дакументу».

Такім чынам, суд не ўгледзеў у дзеяннях беларускі правапарушэння і ў выніку скасаваў пастанову Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны аб спагнанні штрафу за адсутнасць дзейнага нацыянальнага пашпарта.

Нагадаем, што згодна з Указам Аляксандра Лукашэнкі, падпісаным у верасні 2023 года, беларускія грамадзяне могуць абмяняць свой пашпарт толькі на тэрыторыі Беларусі. Раней тыя, хто стала жыве за мяжою, маглі зрабіць гэта ў беларускіх консульствах.

Гісторыі
«Гэта шызафрэнія!» Як указ Лукашэнкі аб пашпартах адаб’ецца на беларусах, якія зʼехалі з краіны да 2020 года
2023.09.13 08:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў