Яшчэ адная буйная замежная кампанія пакінула Беларусь


Міжнародная лізінгавая кампанія «Eleving Group» пайшла з беларускага рынку. Гэта вынікае з квартальнай справаздачы, у якой паведамляецца пра продаж беларускай дачкі кампаніі, заўважыла выданне «Reform.news».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У справаздачы, у прыватнасці, адзначаецца, што ў студзені група атрымала ўсе неабходныя дазволы ад уладаў Беларусі на продаж «Mogo Belarus» (беларуская дачка «Eleving Group»).

«Можна лічыць, што «Eleving Group» паспяхова пайшла з адпаведнага рынку. Станам на красавік большая частка выплатаў за бізнес атрыманая», – гаворыцца ў справаздачы.

У аўдытарскіх высновах да справаздачнасці беларускай кампаніі адзначаецца, што доля была прададзеная фізічнай асобе-нерэзідэнту 11 студзеня 2024 года, адзначае выданне. Сумы ўгоды не абвяшчаюць.

«Eleving Group» – кампанія, заснаваная ў Латвіі, працуе ў сферы фінансавых тэхналогіяў. Асноўны напрамак дзейнасці – лізінг аўтамабіляў для фізічных асобаў. Пасля выхаду з Беларусі кампанія застаецца ў 16 краінах.

«Mogo Belarus» пачала працаваць на беларускім рынку ў 2017 годзе. Аддзяленні кампаніі былі адкрытыя ў Менску, Горадні, Берасці, Гомлі, Магілёве і Віцебску. Згодна з афіцыйным рэйтынгам Беларускай асацыяцыі лізінгадаўцаў, у 2019 годзе ў сегменце спажывецкага лізінгу кампанія заняла першае месца ў галіне паводле колькасці аўтамабіляў, перададзеных у лізінг, а таксама першае месца ў тэмпах росту бізнесу.

Нагадаем, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну праз тэрыторыю Беларусі з нашай краіны пачаў адыходзіць буйны капітал. У топ-15 кампаніяў, якія пайшлі з Беларусі толькі ў 2023 годзе, выданне «Dev.by» называе такія кампаніі, як «Playgendary», «Gurtam», «Akveo», «SK hynix» і іншыя.

Hавiны
DEV.by сабраў спіс 15 буйных ІТ-кампаніяў, якія сышлі з Беларусі ў 2023 годзе
2023.12.21 20:36

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў