У Літве пачаўся падлік галасоў на выбарах прэзідэнта: лідаруе Наўседа


У Літве завяршылася галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах 12 траўня ў 20:00. Пачаўся падлік галасоў. Дакладных вынікаў варта чакаць пасля паўночы, але пакуль лідаруе дзейны прэзідэнт Гітанас Наўседа, піша «Delfi» са спасылкай на старшыню Галоўнай выбарчай камісіі (ГВК) Ліну Петранене.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа галасуе на выбарчым участку ў раёне Новая Вільня. У Літве 12 траўня праходзіць першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Вільня, Літва. 12 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Паводле ГВК, станам на 20:00 прагаласавалі 47, 78 % грамадзян. Яшчэ 11,59 % галасавалі датэрмінова. Усяго яўка склала 59,37 %. Гэта больш, чым пяць гадоў таму, калі на выбарчыя ўчасткі прыйшло 56,45 % грамадзян Літвы з правам голасу.

ГВК распавяла, што падлічаныя бюлетэні на 77 выбарчых участках з 1895. Пакуль Гітанас Наўседа набраў 50,28 % галасоў. На другім месцы – экс-дэпутат Рэмігіюс Жамайтайціс (13,68 %). За ім кандыдат ад кансерватараў, прэм’ер-міністр Інгрыда Шыманіце (12,91 %). Далей адвакат Ігнас Вегеле (11,65 %).

Значна менш набраў лекар Эдуардас Вайткус (5,08 %). Далей кандыдат ад Партыі свабоды Дайнюс Жалімас (2,74 %), старшыня Партыі працы Андрус Мазуроніс (1,61 %) і прадстаўнік Саюзу дэмакратаў «У імя Літвы» Гедрымас Еглінскас (1,49 %).

Hавiны
Скандал: АБСЕ не будзе назіраць за выбарамі ў Літве. Прычына вас здзівіць
2024.05.08 21:14

Нягледзячы на вялікі адрыў Гітанаса Наўседы ад іншых кандыдатаў, пра перамогу казаць рана. Для таго каб галасаванне завяршылася на першым туры, кандыдат павінен набраць больш за 50 % галасоў па выніках падлікаў на ўсіх участках. Інакш будзе другі тур, куды выйдуць два прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта, якія набралі найбольшы працэнт галасоў.

Пра тое, што разлічваюць сустрэцца ў другім туры з Наўседам, ўжо заявілі некалькі кандыдатаў. Гэта Ігнас Вегеле і Гедрымас Еглінскас.

«Вядома веру [што прайду ў другі тур. – Рэд.]. Трэба верыць і трэба ўвесь час ісці да вышэйшых мэтаў», – сказаў Еглінскас у сваім выбарчым штабе. – «Перамога ўжо ёсць <…> Пасланне, якое я прадставіў Літве – гэта бяспечная Літва, дзе кожны ў бяспецы, дзе няма нябачных людзей, дзе Літва ў бяспецы, (якая павярнулася. – Рэд.) на Захад, дзе ёсць квітнеючая, Дэмакратычная Літва, дзе добра жыць. Ці паверылі ў гэта людзі – паглядзім. Мы зрабілі вялікую працу».

Агляд
Што трэба ведаць беларусам пра выбары прэзідэнта ў Літве?
2024.05.10 07:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў