Расейцы развіваюць наступ на поўначы Харкаўскай вобласці. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 809-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 12 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Расейскія ўлады абвінавацілі ЗСУ ў абстрэле жылых кварталаў Белгараду. У выніку атакі абрынуўся пад’езд шматпавярховага дому. 12 траўня 2024 г., Белгарад, РФ.
Фота: Stringer / Russian Look / Forum

Сівэрскі і слабажанскі кірункі (лінія фронту ў памежных раёнах Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваецца наступ расейскіх вайскоўцаў, якія намагаюцца стварыць так званую буферную зону на ўкраінска-расейскім памежжы.

Ва ўкраінскім камандаванні паведамленні пра адбіццё 12 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Стрылеча, Краснае, Марахавец, Алейнікава, Лук’янцы і Пыльна ў Харкаўскім раёне і каля Бугруваткі, Гатышча, Плэтэніўкі і Ваўчанску ў Чугуеўскім.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што сёлы Гатышча, Краснае, Марахавец і Алейнікава перайшлі пад іхны кантроль.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што таксама расейцы намагаюцца замацавацца сёлах Зялёнае і Глыбокае. Мяркуецца, што цяпер галоўнай задачай войскаў РФ у Харкаўскім раёне з’яўляецца выхад да населенага пункту Ліпцы, які знаходзіцца з поўдня ад Глыбокага.

У Чугуеўскім раёне аналітыкі пацвярджаюць выхад расейцаў да паўночных ваколіцаў гораду Ваўчанск. Агулам, на думку крыніцы, расейцы наступаюць на гэтым кірунку, каб вымусіць ЗСУ перакінуць рэзервы з іншых участкаў фронту.

Тым часам прарасейскія крыніцы сцвярджаюць, што войскі РФ ужо вядуць баі на тэрыторыі Ваўчанску.

Тэлеграм-канал «НгП раZVедка» піша, што адначасова з гэтым расейцы намагаюцца абысці горад з усходу цераз населеныя пункты Ваўчанскія Хутары і Зыбіна.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку Генштаб ЗСУ фіксуе 19 безвыніковых атак войскаў РФ каля сёлаў Сынькоўка, Новаягораўка, Іванаўка і Стэльмахаўка.

Мінабароны РФ піша, што самыя ЗСУ контратакавалі каля Сынькоўкі і Стэльмахаўкі, але не мелі поспеху.

Ініцыятыва войскаў РФ захоўваецца і на суседнім ліманскім кірунку, дзе яны прынамсі 10 разоў атакавалі каля Макееўкі, Неўскага і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці, а таксама на поўначы Данецкай каля Новасадовага і Цернаў.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе пра моцны ціск расейцаў на так званым торскім выступе (участак фронту на левым беразе ракі Жарабец паміж населенымі пунктамі Церны і Торскае), дзе яны занялі дзве пазіцыі. Разам з тым крыніца адзначае, што агулам пакуль ЗСУ ўдаецца кантраляваць сітуацыю.

Сівэрскі і краматорскі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На сівэрскім кірункі расейцы атакуюць шырокім па лініі населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Спірнае, Выемка і Раздолаўка, але пакуль не маюць істотных поспехаў.

На краматорскім кірункі асноўная актыўнасць войскаў РФ па-ранейшаму засяроджаная ў ваколіцах гораду Часаў Яр, на які яны наступаюць з усходу, а таксама намагаюцца абысці з флангаў.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што за содні УС прасунуліся на тэрыторыі лецішчаў з поўдня ад мікрараёну «Новы» (частка гораду з каналам Северскі Данец – Данбас). Акрамя гэтага яны расшырылі зону кантролю ўздоўж трасы Н-32 (Бахмут – Канстанцінаўка) у ваколіцах заказніку «Ступкі-Галубоўскія-2».

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што таксама войскі РФ дасягнулі тактычных поспехаў на захадзе ад сяла Іванаўскае (на паўднёвым усходзе ад Часавага Яру) і аднавілі штурмавыя дзеянні ў суседняй Клішчыеўцы.

Мінабароны РФ фіксуе контратакі ўкраінцаў каля Іванаўскага.

Разам з тым тэлеграм-канал вайскоўцаў ЗСУ «Бахмутський Демон» піша, што пакуль праціўнік не можа прасунуцца на флангах гораду Часаў Яр.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 32 атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сямёнаўка, Калінавае, Новааляксандраўка, Сокал, Яўгенаўка, Новапакроўскае, Навасёлаўка Першая, Уманскае і Нятайлава.

«Рыбарь» сцвярджае, што пры гэтым расейцы ўсё адно прасунуліся на паўночным фланзе кірунку на рубяжы Ачэрэтына – Архангельскае, падышлі да ўскрайкаў Новааляксандраўкі і прасунуліся ў бок Калінавага.

У Deepstate пішуць, што на навапаўлаўскім кірунку расейцы прасунуліся ў горадзе Краснагораўка, а таксама на самым поўдні каля сяла Уладзіміраўка (на паўднёвым усходзе ад гораду Вуглядар).

Таксама на кірунку фіксуюцца безвыніковыя атакі войскаў РФ каля сёлаў Канстанцінаўка, Салодкае і Вадзяное.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

Высокая наступальная актыўнасць Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў. Генштаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё 16 атак праціўніка за содні ў ваколіцах сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў, але пакуль ніводнаму з бакоў канфлікту не ўдаецца істотна змяніць сітуацыю па лініі сутыкнення.

Адсутнічаюць змены і ў Херсонскай вобласці, дзе расейцы цягам апошніх содняў пяць разоў атакавалі пазіцыі Збройных сілаў на левым беразе Дняпра ў сяле Крынкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў