Ці вернецца Беларусь у сталінізм?


Восемдзесят чатыры гады таму сталінскі СССР і гітлераўская Нямеччына падпісалі дамову аб ненападзе і падзеле Еўропы – Пакт Молатава-Рыбэнтропа. Сярод гісторыкаў ёсць меркаванне, што ён спрыяў развязанню Другой сусветнай вайны. Лукашэнкаўскія ідэолагі, аднак, стараюцца не заўважаць памылак і злачынстваў Сталіна. Больш за тое, грамадству навязваецца сучасная версія сталінізму. Чаму ўлады бяруць за прыклад менавіта гэтую ідэалогію?

Саветы і нацысты не нападаюць адно на аднаго, а Еўропу дзеляць на сферы інтарэсаў – гаварылася ў Пакце Молатава-Рыбэнтропа. Сёння гадавіна яго падпісання. З аднаго боку, дамова адкрыла дарогу да ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. З другога – узмацняла гітлераўскую Нямеччыну. Таталітарныя рэжымы актыўна супрацоўнічалі да чэрвеня 1941-га.

«Фактычна гэтыя два гады Савецкі Саюз падтрымліваў фашысцкую Нямеччыну – эканамічна, палітычна, ідэалагічна і гэтак далей», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

Пакт даў СССР час падрыхтавацца да вайны – кажуць цяперашнія беларускія падручнікі. Але супольны з немцамі напад на Польшчу гэтаму супярэчыць, мяркуе гісторык Яўген Красулін.

«Ты прыбіраеш гэтую дзяржаву, якая адмяжоўвае цябе ад твайго ворага, які не асабліва прыхоўвае, што ён твой вораг, вораг ідэйны, а не проста так. Гэта ўжо выглядае даволі дзіўна», – кажа Яўген Красулін.

СССР нібыта рыхтаваўся да вайны, аднак немцы за тыдзень дайшлі да Менску. Не дапамагла і лінія Сталіна – цяперашні фетыш беларускіх ідэолагаў. У іх, аднак, свая версія гісторыі, у якой памылкі і злачынствы сталінізму імкнуцца прыхаваць.

«Гэта насамрэч не толькі ў Беларусі. Гісторыя – гэта нават не столькі навука ўжо, колькі ідэалагічны фактар, асабліва ў сістэме адукацыі», – кажа Уладзіслаў Бохан, былы настаўнік гісторыі.

Гэтак званым вайскова-патрыятычным выхаваннем моладзі займаюцца людзі ва ўніформе сталінскага НКВД. А Захад прапаганда называе фашысцкім. Як і яго каштоўнасці.

«Неаліберальны фашызм робіцца адкрыта прызнанай ідэалогіяй Захаду. Нельга адолець нацызм без фундаментальнай ідэалагічнай барацьбы з лібералізмам. Для гэтага нам патрэбная ідэалогія, бо нас атакуюць ідэалогіяй», – заявіў падчас гэтак званага «антыфашысцкага кангрэсу» ў Менску намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

«Калі ідэі дэмакратыі, правоў чалавека абвяшчаюцца фашысцкімі, то далей дыскутаваць на гэтую тэму не выпадае. Бо спрачацца з абсурдам – гэта неяк дзіўна», – каментуе заяву чыноўніка палітолаг Валер Карбалевіч.

Сталінізм блізкі цяперашняму кіраўніцтву Беларусі, бо яго светапогляд склаўся ў брэжнеўскі час, калі ідэалогія адбельвала імя Сталіна, кажа Яўген Красулін.

«Канцэпцыя вялікага Сталіна будзе некаторы час лунаць і ў публікацыях, у падручніках. У першую чаргу, каб атруціць гэтай ідэяй маладое пакаленне, якое яшчэ не цяміць асабліва, што адбывалася ў гісторыі», – кажа Яўген Красулін.

Але сталінізм наўрад ці станецца часткаю масавай свядомасці беларусаў, мяркуе гісторык. Бо папярэднія спробы рэабілітацыі сталінізму ў вачах грамадства ў гады гэтак званага застою вялікага поспеху таксама не мелі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»