У Беларусі будуць свае «Windows», «Chrome» і «Microsoft Office»?


Аперацыйную сістэму, браўзер і офісны пакет айчыннай вытворчасці загадаў стварыць Савет Міністраў. Усё гэта «дзеля забеспячэння лічбавага суверэнітэту краіны». Але традыцыя беларускага імпартазамяшчэння падказвае, што беларускай у айчынным прадукце можа быць толькі назва. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнка не мае сякеры айчыннай вытворчасці, але хоча, каб у яго быў свой «Windows», «Chrome» і «Microsoft Office». Уласнае праграмнае забеспячэнне распарадзіўся распрацаваць Савет Міністраў.

«Зацверджаныя кірункі – стварэнне айчынных аперацыйнай сістэмы, сістэмы забеспячэння асяроддзя віртуалізацыі, комплексу офісных праграмаў і ўэб-браўзера – выступаюць важнай задачай для забеспячэння стабільнай працы ўсіх уцягнутых у эканоміку арганізацыяў і якаснага жыцця для нашых грамадзянаў. Безумоўна, гэта няпростае заданне», – заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган.

Выканаць гэткае няпростае заданне даручылі айчынным распрацоўнікам. Тэрміны рэалізацыі не ўдакладняюцца.

«Увогуле незразумела, што яны хочуць гэтым сказаць: то бок яны возьмуць бясплатны софт і прададуць сабе ж за вялікія грошы? Яны скрадуць у “Windows” аперацыйную сістэму, бо шматлікія карыстальнікі з ёй знаёмыя, і паспрабуюць зрабіць сваю. Я б сказаў, што гэта больш фантазіі ў дадзены момант, чым нейкая жыццёвая неабходнасць», – каментуе эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні.

Айчыннае праграмнае забеспячэнне плануюць выкарыстоўваць дзеля «стабільнай працы ўсіх уцягнутых у эканоміку арганізацыяў», то бок у дзяржаўных установах.

«Гэта такая дэкларатыўная рэч. Зразумела, навошта гэта робіцца. Калі Беларусь падпадае пад тэхналагічныя санкцыі, то ў нас можа не быць аднаўлення “Windows” або “Офісу”, і фактычна на ўзроўні дзяржаўных установаў немагчыма выкарыстоўваць неліцэнзійны софт, бо гэта небяспечна, лягчэй узламаць», – лічыць Мікалай Кванталіяні.

Лукашэнка з беларускім ноўтбукам.
Фота: Zerkalo.io

Афіцыйна мэта распрацоўвання беларускага праграмнага забеспячэння гучыць так: запэўніванне лічбавага суверэнітэту. Маўляў, гэта незалежнасць ад імпартных рашэнняў і магчымасць мадыфікацыі прадукту пад унутраныя патрэбы. Але разам з большаю самастойнасцю рэжым Лукашэнкі можа намагацца атрымаць і большы кантроль, лічыць заснавальнік асацыяцыі распрацоўнікаў гульняў «BelGameDev» Яраслаў Кот:

«Уявіце, што да вашай інфармацыі, вашага воблака будзе мець доступ ААЦ, ГУБАЗіК або следчы Ванька, які нават без адукацыі».

Уласнае праграмнае забеспячэнне – аператыўную сістэму «openKylin» і сістэму абмену паведамленнямі «WeChat» – мае Кітай. Беларусь праз адсутнасць дастаткова развітога айцішнага рынку, зрабіць гэтага не здолее, лічыць Яраслаў Кот. Разлічваць жа можам толькі на расейскія распрацоўкі.

«Калі Расея нешта зробіць, Беларусь не здолее канкураваць з імі, і яны мусяць гэта выкарыстоўваць. Калі яны заходні пірацкі софт заменяць на расейскі, то Беларусь яшчэ больш увойдзе пад кантроль Расеі», – мяркуе заснавальнік асацыяцыі распрацоўнікаў гульняў «BelGameDev» Яраслаў Кот.

На адрас ранейшых тэхналагічных распрацовак у Беларусі справядліва гучала нямала крытыкі. Гэтак, беларускі камп’ютар «Horizont H-book MAK4», манітор «Інтэграл» і шмат якія іншыя нібыта ўласныя прадукты па сутнасці былі відазмененай распрацоўкай замежных кампаніяў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»