У Беларусь вярнулася зіма


Зялёная лістота і кветкі – пад снегам. У Беларусь вярнулася зіма. Ці надоўга? І ці пагражае гэткае халоднае надвор’е будучаму ўраджаю? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паўсотні населеных пунктаў на Гарадзеншчыне – без электрычнасці. Гэта вынік сапраўды зімовага надворʼя, якое загасцілася ў Беларусі. Ажно чатырох сантыметраў дасягнула вышыня снежнага покрыва ў Наваградку. Падаў снег і ў іншых рэгіёнах.

Начныя замаразкі небяспечныя для пладовых дрэваў, некаторыя з якіх паспелі заквітнець. Неспрыяльныя гэткія ўмовы надвор’я і для сельскай гаспадаркі. Перадусім для цеплалюбівых культураў.

Як звяртае ўвагу спецыяліст у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў, калі захоўваць агратэхнічныя тэрміны, то страты ад няўстойлівага надвор’я істотнымі не будуць.

«Але ж нашая сістэма выбудавана так, што сеяць пачынаюць па загадзе зверху. Пасеяць раней за тэрміны, а потым думаюць, што з гэтым рабіць, калі надыходзіць вось такое надвор’е», – кажа спецыяліст.

Снег у Віцебску 19 красавіка 2024 года.
Крыніца: people.onliner.by

Што ж будзе з ураджаем? Ці ўдасца аграрыям сабраць не менш за 10 мільёнаў тонаў збожжа? Менавіта такую задачу на нядаўняй нарадзе паставіў перад імі Лукашэнка. Паводле Мікалая Лысянкова, сёлета не варта чакаць такога ўраджаю. І прычыны не толькі ў халодным надворʼі.

«Самая істотная праблема ў тым, што ў дзяржавы няма грошай. А сельгаспрадпрыемствы ўсе дзяржаўныя, і таму ў іх грошай таксама няма на ўладкаванне тэхналагічных працэсаў, якія знізяць страты ад няўстойлівага надвор’я», – кажа спецыяліст.

Дачнікам жа з пасадкамі варта пачакаць. Сіноптыкі адзначаюць: у найбліжэйшыя дні зменаў у надвор’і не прадбачыцца, будуць яшчэ і начныя замаразкі. Пацяплее не раней за найбліжэйшую нядзелю.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»