Белстат: ВУП вырас на 5,1 %


Валавы ўнутраны прадукт Беларусі сёлета ў студзені-красавіку вырас больш як на 5,1 % у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. У бягучых цэнах яго аб’ём склаў 73 мільярды рублёў, паведамляе Белстат.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асноўны драйвер – гэта апрацоўчая прамысловасць, у ёй рост склаў каля 8 % за гэты ж перыяд год да году, пры тым што гэтая прамысловасць па даданай вартасці складае каля 25 % ВУП», – тлумачыць эканаміст Віталь Алейнік.

Лукашэнкаўскія ўлады вядуць мяккую эканамічную палітыку, дадае эканамістка Настасся Лузгіна. Яшчэ адзін важны стымул росту ВУП – рост эканомікі ў Расеі, да якой моцна прывязаная Беларусь.

«Таксама не трэба забываць пра актыўны рост заробкаў, які працягвае назірацца ў Беларусі і які звязаны з дэфіцытам рабочай сілы, калі прадпрыемствы змушаныя падвышаць заробак. А з улікам росту заробкаў і росту крэдытавання попыт павялічваецца», – кажа эканамістка.

Днямі Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ды Сусветны банк палепшылі эканамічны прагноз для нашай краіны да 2,8 % і 1,4 % адпаведна. У гэтым прамежку знаходзяцца і лічбы, прагназаваныя іншымі інстытуцыямі. Але тэмпы прыросту валавога ўнутранага прадукту пакуль значна перавышаюць і гэтыя прагнозы, і паказнік, запланаваны лукашэнкаўскімі ўладамі, – 3,8 %. Пры гэтым сам Лукашэнка прызнае праблемы з рэалізацыяй:

«Склады трашчаць ад гатовай прадукцыі, складскія запасы за 2023 год выраслі амаль на чвэрць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: journal.tinkoff.ru

Улады актыўна шукаюць новыя рынкі збыту за межамі краіны. Да прыкладу, падчас візіту ў Азербайджан Лукашэнка абяцаў падвоіць таваразварот з гэтай краінай – з 400 мільёнаў да 1 мільярда долараў.

«Зразумела, што можна казаць: вось мы пойдзем у Кітай, у індыю праз тую ж Расею, але калі мы разглядаем пытанне больш комплексна, трэба казаць, што пры тым, што можна выйсці на іншы рынак, але плаціць за гэта давядзецца столькі, што гэта можа быць не вельмі эканамічна мэтазгодна», – мяркуе Віталь Алейнік.

Аб праблемах у эканоміцы заяўляе і Нацбанк. Галоўная фінансавая ўстанова Беларусі падкрэслівае, што можа не ўтрымаць курсу рубля і давядзецца ўключаць друкарскі станок. Гэта можа вярнуць краіну ў часы высокай інфляцыі ды дэвальвацыі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»