Лукашэнка пабудуе аграгарадкі ў Азербайджане


Лукашэнка – з візітам у Баку. Упершыню за тры гады. Для Лукашэнкі, які застаецца неруканым на Захадзе, візіт у Азербайджан – магчымасць прадэманстраваць хоць нейкую палітычную актыўнасць. З іншага боку, варта адзначыць, што гэтая ягоная паездка ў Баку адбылася амаль праз месяц пасля сустрэчы Ільхама Аліева і Уладзіміра Пуціна ў Маскве.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ён едзе, у тым ліку, я думаю, не ў апошнюю чаргу як камісар Уладзіміра Уладзіміравіча, каб неяк зачапіцца хоць за нейкую выспачку на Каўказе, каб ён зусім ужо не выслізнуў з гэтых самых расейскіх рук», – мяркуе эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Бо яшчэ адная краіна рэгіёну, Арменія, усё больш разварочваецца на Захад. Саюзніца рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі з АДКБ, яна не атрымала летась ад сілавога блоку падтрымання ў вайне з Азербайджанам за Нагорны Карабах. Ды ў выніку цалкам страціла кантроль над гэтай тэрыторыяй.

Сам Лукашэнка за ўсю гісторыю Карабахскага канфлікту прадаваў зброю як Арменіі, так і Азербайджану. Прынамсі, Баку ён паставіў беларускія РСЗА «Паланэз». Цяпер жа Лукашэнка прапанаваў дапамогу ў паваенным аднаўленні тэрыторыяў Нагорнага Карабаху. Напрыклад, пабудаваць там аграгарадкі.

Разлік Лукашэнкі зразумелы, бо на аднаўленне тэрыторыі Нагорнага Карабаху Баку вылучае мільярды долараў. Але ці атрымаецца абагаціцца?

«Я не лічу, што гэта будзе нейкі грандыёзны бізнес. Там ужо задзейнічаныя кампаніі з Турцыі, якія бліжэй Азербайджану, чым Беларусь. Там таксама італьянскія кампаніі ўдзельнічаюць. Але нейкі сімвалічны ўдзел Беларусь таксама можа прыняць», – адзначыў Войцех Гурэцкі з варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў.

З Ільхамам Аліевым Лукашэнка дамовіўся і пра супольную вытворчасць. Разам плануюць вырабляць мінеральныя ўгнаенні, пажарную тэхніку, ліфтавае абсталяванне ды лекі. Паводле Лукашэнкі, мае павялічыцца і таваразварот паміж Беларуссю і Азербайджанам. Маўляў, калі летась ён перавысіў чатырыста мільёнаў долараў, то ў перспектыве можа дасягнуць мільярда.

Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў. 14 красавіка 2021 года.
Фота: president.gov.by

«Любыя эканамічныя стасункі вельмі абмяжоўваюцца рэжымам санкцыяў. Як толькі азербайджанцы зробяць які-небудзь нязграбны крок, яны самі рызыкуюць трапіць пад гэтыя санкцыі, чаго, вядома, ім вельмі не хочацца. Ну, і праблемы з разлікам, паколькі зноўку на Беларусь накладзеныя абмежаванні», – патлумачыў Яўген Красулін.

Адносіны паміж Менскам і Баку Лукашэнка падчас візіту назваў «самымі добрымі і блізкімі, а народ Азербайджану – братэрскім». Сапраўды, як старэйшы брат у 2010 годзе падчас чарговай газавай вайны Беларусі з расейскім «Газпромам» Ільхам Аліеў пазычыў Лукашэнку дзвесце мільёнаў долараў на аплату пазыкі. Лукашэнка за гэта яшчэ доўга быў удзячны. Але ці засталіся стасункі Лукашэнкі і Аліева сапраўды самымі добрымі і блізкімі?

«Яны не дрэнныя, канешне. Але гэта не самыя блізкія партнёры. Я б не надаваў вялікага значэння. Канешне, ёсць пэўны інтарэс і ў Баку, і ў Менску, каб гэтыя стасункі захаваць», – дадаў Войцех Гурэцкі.

Наступная сустрэча ў такім фармаце можа адбыцца ўжо ў Менску. Удзячны Лукашэнка запрасіў Аліева наведаць Беларусь.

Ірына Юр’ева, «Белсат»