Апублікавалі «дазвольны» спіс для ІП


Будаваць будзе можна, але не ўсё. Гандляваць дазволяць, але не ўсім. Міністэрства эканомікі прапануе грамадзянам абмеркаваць спіс відаў дзейнасці, якімі неўзабаве змогуць займацца індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі. Спіс такіх працаў і паслуг нарэшце апублікавалі. Яго скарацілі, але не гэтак радыкальна, як планавалі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Усё ж улады прыслухаліся да меркавання грамадскасці, – адзначыла экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC. – І хаця клас ІП не дае асноўнае часткі валавога прадукту, але, тым не менш, багата людзей занятыя ў гэтай галіне».

У выніку са спісу дазволенага бізнесу зніклі юрыдычныя і маркетынгавыя паслугі, а таксама гуртавы гандаль. Скарочаны пералік паслуг у будаўнічым бізнесе, водазабеспячэнні і ў апрацоўчай прамысловасці. Між тым кожнае індывідуальнае прадпрыемства – гэта працоўныя месцы, падаткі, унёскі ў дзяржаўныя сацыяльныя праграмы. Пра гэта нагадаў навуковы працаўнік BEROC Алег Мазоль.

«У 2022 годзе індывідуальныя прадпрымальнікі прыцягвалі 65 000 дадатковых работнікаў. Аб’ём прамысловай вытворчасці ІП у тым жа годзе склаў 676 мільёнаў рублёў. Складана сказаць, ведае пра гэта Лукашэнка ці не».

Імаверна, ведае. Дробных бізнесоўцаў Лукашэнка рэгулярна згадвае і патрабуе «разабрацца». На думку палітолага Паўла Усава, дыктатар у сваёй галаве стварыў нейкую ідэальную сацыяльную супольнасць гэткага камуністычна-прадзяржаўнага кшталту. Перш за ўсё – людзей, якія залежаць ад дзяржавы.

Прадпрымальнікі, дзейнасць якіх не трапіла ў апублікаваны пералік, мусяць або закрыцца, або памяняць статус на юрыдычную асобу. На думку эканаміста-навукоўца Алега Мазоля, эфект можа падасца пазітыўным, але толькі на некаторы час.

«Магчыма, чыноўнікі змогуць зрабіць справаздачу аб кароткатэрміновым росце падатковых паступленняў. Таму што падаткавая нагрузка на юрыдычную асобу – вышэйшая ў параўнанні з “індывідуаламі”. Аднак сумарны эканамічны эфект будзе адмоўным, паколькі эканоміка страціць працоўныя месцы, якія стваралі ІП».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Малочная прадукцыя на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Тыя ж грамадзяне, якія толькі хацелі адкрываць сваю справу, цяпер, хутчэй, могуць адмовіцца ад гэткай ідэі. Бо складана планаваць бізнес, калі правілы пастаянна мяняюцца.

«На добры лад, не трэба чапаць індывідуальных прадпрымальнікаў. Лепей дазваляць ім развівацца, ствараць умовы для развіцця, – мяркуе экспертка-эканамістка Настасся Лузгіна. – А з іншага боку, калі людзі нават сыходзяць з індывідуальнага прадпрымальніцтва праз якія-кольвек прычыны і спрабуюць наймацца на працу да кагось, варта было б ствараць праграмы, якія маглі б іх адаптаваць да таго».

Індывідуальныя прадпрымальнікі ўжо даўно скардзяцца на жорсткае ўмяшанне дзяржавы ў іхную дзейнасць. Не ўмешваюцца толькі ў справы набліжаных да Лукашэнкі бізнесоўцаў. Прычына, на думку палітолага Паўла Усава, у тым, што ўсё атачэнне Лукашэнкі і ён сам нічым не адрозніваецца ад алігархату, ад так званых буйных капіталістаў і буржуяў. Ягоная сям’я даволі актыўна ўдзельнічае ў розных «шэрых» бізнес-схемах, ён сам на гэтым зарабляе.

З кастрычніка тых, хто не трапляе ў «дазвольны» пералік, не будуць рэгістраваць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Марына Яновіч, «Белсат»