Менскіх школьнікаў прымусяць насіць уніформу


Больш за 40 тысяч сталічных школьнікаў апрануць аднолькава. Для гэтай мэты «Беллёгпрам» распрацаваў уніфікаваную школьную форму. І нават эмблемы на адзенні будуць аднатыпныя – з чырвона-зялёнай сімволікай. Гэта, на думку чыноўнікаў, дапаможа дзецям адчуць прыналежнасць да сваёй дзяржавы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адзіную школьную форму ў хуткім часе пачнуць прадаваць у сталічным ЦУМе. 15 эксперыментальных камплектаў стварылі на айчынным «Беллёгпраме». Пакуль уніфікаваныя мадэлі ў цёмна-сінім колеры абавязковыя толькі для вучняў 20-ці менскіх школаў. Пры гэтым чыноўнікі адзначаюць: з часам эксперымент закране ўсе адукацыйныя ўстановы Беларусі.

«Уніфікацыя гэтай формы – яны загадзя вызначаюць норму, якой павінны прытрымлівацца ўсе. Гэта тыповы сімвалізм і атрыбут лагернай педагогікі», – мяркуе незалежная экспертка ў галіне адукацыі, кандыдатка ў Каардынацыйную Раду Святлана Мацкевіч.

Чыноўнікі называюць калекцыю для вучняў мінімалістычнай і капсульнай. Маўляў, усе рэчы ў ёй стандартныя і добра камплектуюцца паміж сабой. Паводле «Беллёгпраму», пры стварэнні мадэляў улічваліся жаданні падлеткаў – гэтак, у асноўнай сетцы з’явіўся бомбэр, які нібыта карыстаецца асабліваю папулярнасцю ў моладзі.

«Мы не можам назваць гэтую форму ні цікавай, ці камфортнай, ні стылёвай. Калі б “Беллёгпрам” сапраўды прыслухоўваўся да таго, чаго хочуць дзеці, у нас бы школьнай формы не было як такой. Або гэта было б штосьці ў стылі смарт-кэжуал: з джынсамі, прыкольнымі оўвэрсайз-футболкамі. Што-небудзь, у чым камфортна», – кажа дызайнерка адзення, стылістка Кацярына Гардзеева.

Школьная форма.
Фота: bellegprom / Telegram

А што з цэнамі? Паводле чыноўнікаў, камплект для хлопчыка з камізэлькі і нагавіцаў абыдзецца прыкладна ў 100 рублёў. А вось калі замест камізэлькі абраць пінжак ці бомбэр, заплаціць прыйдзецца ўдвая болей. Таней каштуюць мадэлі для дзяўчат: 85 рублёў – трыкатажная камізэлька і спадніца, больш уцеплены варыянт з бомбэрам – да 150 рублёў. З улікам медыяннага заробку, які ў Беларусі складае амаль 1499,5 беларускіх рублёў, ці 463,4 долары, на школьную форму бацькі выдаткуюць больш за 13 адсоткаў свайго месячнага бюджэту. І гэта без уліку заплечнікаў, абутку ды іншых аксесуараў.

«Форма заўсёды была дарагой. І гэта была асноўная затратная частка для бацькоў. Розніца будзе складацца толькі ў тым, што цяпер бацькі не будуць выбіраць. Дакладней, яны будуць выбіраць тое, што ім прапанавана, – вузкі спектр», – адзначае незалежная экспертка ў галіне адукацыі, кандыдатка ў Каардынацыйную Раду Святлана Мацкевіч.

Узамен на права выбару бацькам абяцаюць добрую якасць матэрыялаў. Маўляў, вырабы з беларускай сыравіны хутчэй састарэюць маральна, чым фізічна зносяцца.

«Усе тканіны прайшлі выпрабаванні ў акрэдытаваных спецыяльных лабараторыях. Правяраліся на гіграскапічнасць, паветрапранікальнасць, наяўнасць пілінгу, аднаўленне формы пасля шматразовага прання і гэтак далей. Усё гэта выпрабоўвалася, рабіліся карэкцыі – і ў выніку выйшла тканіна, адпаведная ўсім патрабаванням тэхнічнага задання, што выстаўляецца для дзіцячага адзення», – заявіла начальніца каардынацыі развіцця трыкатажнай і швейнай галінаў канцэрну «Беллёгпрам» Настасся Кутышчава.

Паводле чыноўніцы, адзіная праблема, якая можа напаткаць уладальнікаў школьнай формы, – гэта ўтварэнне бобачак. Але гэта «лёгка вырашаецца з дапамогай спецыяльнай машынкі». Нязначнасць гэтай праблемы пацвярджае і нашая экспертка.

«Гэта абсалютна нармальная сітуацыя. Ніякае адзенне не вечнае. Асабліва, калі ў ім ёсць прымесі натуральныя. Натуральная тканіна сапраўды калі-нікалі скочваецца», – кажа Кацярына Гардзеева.

Паступова надзяваюць уніформу і настаўнікі. Ужо цяпер адзінага стылю прытрымліваюцца педагогі Менскага раёну, у прыватнасці – у Заслаўі, Сеніцы і Калодзішчах. Самі настаўнікі ў інтэрвʼю прапагандыстам прызналі гэты эксперымент паспяховым, маўляў, дрэс-код добра паўплываў на дысцыпліну і развіццё дзяцей.

Наста Печанькова, «Белсат»