Вырак Эдуарду Пальчысу абвесцяць апоўдні 17 снежня. Ён у няволі з верасня 2020 года. Суд быў закрыты, магчымы вырак – да 15 гадоў пазбаўлення волі. «Белсат» згадвае, чым вядомы Пальчыс і ў чым яго вінавацяць.
Эдуарда Пальчыса затрымалі 27 верасня 2020 года. Перад затрыманнем блогер не жыў у сябе ўдома ў Лідзе – з моманту, як 15 чэрвеня атрымаў 15 содняў арышту за нібыта ўдзел у акцыі Сяргея Ціханоўскага на Камароўцы. У выходныя Эдуард планаваў пакінуць краіну, але не прыйшоў у дамоўлены час да кіроўцы, які меўся даставіць блогера да мяжы. Знайшоўся Пальчыс у няволі: спачатку яму далі 30 содняў адміністратыўнага арышту, але не вызвалілі, распачаўшы крымінальную справу.
Пальчыса вінавацяць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
Артыкул за арганізацыю беспарадкаў прадугледжвае пакаранне ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі, а артыкул за распальванне варожасці – ад 5 да 12.
Паводле заявы Следчага камітэту, «асноўнаю зброяй Пальчыса былі створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы», пры гэтым ён «наўмысна распальваў варожасць» аж з 2016 года. Як ён «распальваў», можна паглядзець у ягоным Telegram-канале.
Чаму Эдуарда не спынялі чатыры гады, хоць ягонае імя было вядомае і сам ён ужо быў асуджаны за свой блог, следчыя не ўдакладняюць. Праваабаронцы прызналі Пальчыса палітычным вязнем: лічаць гэтыя абвінавачанні беспадстаўнымі і палітычна матываванымі.
У верасні 2014 года хтосьці пад псеўданімам Jhon Silver завёў расейскамоўны блог «1863x» – назва адсылала да года паўстання Кастуся Каліноўскага. Аўтар пісаў пра беларуска-расейскія стасункі (з пазіцыі праціўніка «русского мира» і «ватнікаў») і пра гісторыю Беларусі. Ананімны блог даволі хутка здабыў папулярнасць. Пазней тлумачылі: «ён паказаў, што беларуская нацыянальная ідэя можа быць папулярнай». Аўтар расказваў, што распачаў блог на фоне расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо «Беларусь можа стаць наступнаю».
У траўні 2015 года публікацыі прыпыніліся, аднавіліся ў ліпені. Блогер расказаў, што яго затрымлівалі сілавікі, спачатку пасадзілі на Акрэсціна, потым на месяц заключылі ў вар’ятню, распачалі супраць яго крымінальную справу за «распальванне варожасці», а потым і за «распаўсюд парнаграфіі» (за скрыншоты публікацыяў антыбеларускіх суполак) і вымусілі з’ехаць з Беларусі.
У студзені 2016-га блогера затрымалі зноў – у Бранскай вобласці Расеі пры мінанні ўкраінска-расейскай мяжы. Блогер хацеў вярнуцца праз Расею ў Беларусь, але на радзіму трапіў праз працэдуру экстрадыцыі. Расейскія ўльтраправыя неўзабаве раскрылі сапраўднае імя блогера.
Аказалася, што Джон Сільвер нарадзіўся ў 1990 годзе ў Лідзе, з маладосці цікавіўся гісторыяй, браў удзел у алімпіядах і стаў лаўрэатам адмысловага фонду Лукашэнкі для адораных дзяцей, паступіў на гістарычны факультэт БДУ, але на пятым курсе кінуў, працаваў маркетолагам у сацыяльных сетках і падпрацоўваў рэпетытарам гісторыі.
Блогера судзілі за ўсё тое ж «распальванне варожасці» і «распаўсюд парнаграфіі», праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем, а абвінавачанні назвалі беспадстаўнымі. Эдуарда Пальчыса прызналі вінаватым і асудзілі на 1 год і 9 месяцаў «хатняй хіміі» і вызвалілі ў залы суда. Ён прабыў у следчым ізалятары амаль 10 месяцаў, таму «дабыць» пакаранне ўдома яму засталося толькі два месяцы.
Блог Пальчыса «1863x» тады не назвалі «экстрэмісцкім», такімі назвалі толькі 9 артыкулаў з яго. Па вызваленні Эдуард працягнуў весці блог і браць удзел у палітычных дыскусіях, у тым ліку ў абароне Курапатаў у 2017 годзе, разам са Змітром Дашкевічам выступаў супраць назвы барбер-шопу «Чэкіст» і збіраў подпісы на падтрыманне беларускае мовы. У 2019-м выступаў супраць «паглыблення інтэграцыі» з Расеяй, асвятляў пратэсты, за што атрымаў штраф.
У 2018-м спаўнялася 100 гадоў з абвяшчэння незалежнасці Беларускае Народнае Рэспублікі. Блогеры пастанавілі, што варта зрабіць не традыцыйны мітынг (правядзенню якога сілавікі часцей за ўсё заміналі – за год да таго акцыю ў Менску брутальна разагналі, затрымалі сотні чалавек). Фронтменамі праекту сталі Пальчыс, блогер Антон Матолька і заснавальнік Symbal.by Павел Белавус, грошы збіралі праз краўдфандынг.
Свята ўдалося. У Менску перад Оперным тэатрам дазволілі правесці мітынг-канцэрт, яго наведнікаў амаль не затрымлівалі, хоць удзельнікаў паралельнага мітынгу затрымалі. Перад Операю сабраліся дзясяткі тысячаў чалавек, луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Свята, як пазней згадваў Белавус, «паказала беларусам, як іх шмат».
У наступным годзе каманда «БНР-100» хацела зноў зладзіць мітынг-канцэрт у Менску, але не атрымала ад уладаў дазволу на годную пляцоўку, а ў Кіеўскім скверы не пагадзілася нешта ладзіць. Каманда перанесла канцэрт у Горадню, а ў Менску іншая каманда на дзень пазней усё ж правяла яшчэ адзін канцэрт. Берасцейскія панкі «Дай дарогу!» тады выступалі на абодвух канцэртах. У 2020 годзе камандзе «БНР-100» давялося ладзіць канцэрт онлайн праз пандэмію каронавіруса.
Акрамя арганізацыі «БНР-102», Пальчыс працягваў пісаць на палітычныя тэмы, а таксама пра пандэмію каронавіруса, якая ў Беларусі таксама стала «палітычнаю» праз ігнараванне небяспекі ўладамі. Ён крытыкаваў «старую апазіцыю» за слабое рыхтаванне да прэзідэнцкіх выбараў, праводзіў стрымы на тэму выбарчай кампаніі, звяртаў асаблівую ўвагу на кампанію Сяргея Ціханоўскага, але скептычна ставіўся да заяваў Віктара Бабарыкі. За стрым з легальнага пікету для збору подпісаў Пальчысу і прысудзілі першыя 15 содняў арышту.
У кампаніі Святланы Ціханоўскай блогер таксама спачатку сумняваўся, але, пабачыўшы колькасць людзей на ейных пікетах і мітынгах, стаў іх актыўна асвятляць. На пратэсты 9 жніўня не заклікаў, але шмат пісаў пра шляхі абыходу блакавання інтэрнэту. Асвятляў паслявыбарчыя пратэсты, заклікаў да мірных маршаў.
Калі Пальчыса затрымалі ў канцы верасня, ягоная жонка Вікторыя была цяжарная. 16 снежня 2020 года яна нарадзіла дачку Эмілію. Бацька пабачыў фота дачкі толькі ў сакавіку 2021-га: да таго турэмная цэнзура не прапускала здымкаў.
Праз год па затрыманні Пальчысу ўдалося даць інтэрв’ю «Нашай ніве» з-за кратаў. Ён казаў, што разумеў: калі зноў затрымаюць – «паедзе паводле сур’ёзнай справы», але з Беларусі не збіраўся з’язджаць. Таксама казаў, што за кратамі яму бракуе інфармацыі ды стасункаў з жонкай і дачкой, а не звар’яцець дапамагае чытанне і «ўспрыманне камеры як манастырскай келлі». Жонка расказвала, што Эдуард адмовіўся ад супрацы са следствам і не даваў паказанняў, сам Пальчыс казаў, што адмовіўся ад прапановаў пісаць прашэнні пра памілаванне.
«Я нават радуюся, што ўсё зацягнулася, – казаў Эдуард Пальчыс з-за кратаў. – Бо да 2020-га ў беларусаў у палітычным сэнсе было шмат наіўнага і дзіцячага. Калі б усё было хутка і проста, то нацыя б не зрабіла важных высноваў, якія, я спадзяюся, яна зрабіла цяпер. Усё сапраўднае і вартае даецца праз выпрабаванні».
АА belsat.eu