Брытанскі міністр абароны Бэн Ўолес падаў у адстаўку. На яго месца прызначаны Грант Шэпс


Міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўолес падаў у адстаўку пасля чатырох гадоў выканання сваіх абавязкаў на гэтай пасадзе. Новым міністрам абароны прызначаны былы міністр энергетыкі Грант Шэпс.

Экс-міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўолес (злева) і новы кіраўнік міністэрства Грант Шэпс (справа).
Фота: калаж Белсат

Ліст з прашэннем аб адстаўцы Бэн Уолес накіраваў у адрас прэм’ер-міністра краіны Рышы Сунака. У ім ён, у прыватнасці, адзначыў, што за чатыры гады, цягам якіх ён кіраваў міністэрствам абароны (быў прызначаны ў 2019-м), Каралеўскія ўзброеныя сілы паказалі сябе з найлепшага боку.

Таксама Уолес падзякаваў прэм’еру Сунаку за кіраўніцтва і адзначыў ягоны значны ўнёсак у абарону краіны.

Былы міністр падкрэсліў, што прысвяціў усяго сябе служэнню Вялікай Брытаніі, але гэтая адданасць справе дорага каштуе яму і ягонай сям’і – менавіта таму Ўолес просіць аб адстаўцы.

Свой сыход Бэн Ўолес анансаваў яшчэ ў чэрвені.

У «Тўітары» экс-міністр напісаў: «Вось і ўсё, хлопцы! Было гонарам служыць гэтай вялікай нацыі».

Таксама стала вядома, што на пасаду міністра абароны быў прызначаны былы міністр энергетыкі краіны Грант Шэпс. За год гэта будзе ўжо пятая пасада ў Кабінеце Міністраў, якую ён змяніў: ён працаваў міністрам транспарту, пасля міністрам унутраных справаў, міністрам бізнесу, пакуль не заняў міністарскую пасаду ў Міністэрстве энергетыкі, з якой цяпер перасеў у новае крэсла.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў