Кіраўнік NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што чальцы Альянсу не выканалі абяцанняў аб вайсковай дапамозе Украіне ў апошнія месяцы, але сказаў, што плынь зброі і боепрыпасаў зараз павялічыцца. Гэта адбылося падчас незапланаванага візіту Стольтэнбэрга ў Кіеў 29 красавіка, піша «Reuters».
Генеральны сакратар NATO правёў перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
«Я таксама буду вельмі шчыры з прэзідэнтам Зяленскім і Радай, што хаўруснікі ў NATO не далі таго, што мы абяцалі ў апошнія месяцы», – сказаў Стольтэнбэрг.
Пасля няўдалага контрнаступлення ўкраінскіх войскаў у мінулым годзе расейская армія перахапіла ініцыятыву на фронце. Украінскія ўлады рэгулярна кажуць пра недахоп зброі і боепрыпасаў.
«Злучаныя Штаты выдаткавалі шэсць месяцаў на ўзгадненне пакету захадаў, а еўрапейскія саюзнікі не далі абяцаных намі боепрыпасаў. Але цяпер я ўпэўнены, што сітуацыя зменіцца», – працягнуў Стольтэнбэрг.
Ён нагадаў, што Кангрэс ЗША ўхваліў пакет дапамогі Украіне на суму больш за $ 60 млрд, які быў хутка падпісаны прэзідэнтам Джо Байдэнам, а прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак абвясціў на мінулым тыдні аб «рэкордна высокіх» абавязках перад Кіевам.
Стольтэнбэрг таксама адзначыў, што Нямеччына пагадзілася даць Украіне новую сістэму супрацьпаветранай абароны «Patriot», а Нідэрланды павялічылі дапамогу Кіеву. Ён сказаў, што чакае і іншых крокаў у падтрыманні Украіны.
«Гэта зменіць сітуацыю – як змяніла яе адсутнасць падтрымання», – сказаў кіраўнік NATO.
Паводле яго, расейцы заплацілі «высокую цану за нязначныя тэрытарыяльныя набыткі», і Украіна яшчэ можа пераламаць сітуацыю.
«Украіне яшчэ не позна атрымаць перамогу. Але менавіта таму так важна, каб саюзнікі з NATO цяпер сапраўды зрабілі тое, што мы абяцалі, і каб мы ператварылі гэтыя абавязкі ў рэальную перадачу зброі і боепрыпасаў, і я ўпэўнены, што зараз гэта адбудзецца», – сказаў на заканчэнне Стольтэнбэрг.
Арсен Рудэнка belsat.eu