Медыі даведаліся пра ўдары ЗСУ дальнабойнымі ракетамі «ATACMS». ЗША далі іх упершыню і цішком


У сакавіку Злучаныя Штаты перадалі Украіне дальнабойныя ракеты «ATACMS», аднак гэта было зроблена таемна. ЗСУ ужо зладзілі некалькі атакаў з ужываннем гэтых снарадаў, пішуць выданне «Politico» і агенцыя «Reuters».

Запуск аператыўна-тактычнай ракеты MGM-140 ATACMS з пускавой сістэмы M142 HIMARS.
Фота: U.S. Marine Corps

ЗША ў сакавіку таемна перадалі Украіне ракеты далёкага радыусу дзеяння ўпершыню за два гады вайны.

ЗСУ ужо двойчы выкарысталі гэтую зброю для ўдараў у глыбокім расейскім тыле: спачатку была атакаваная вайсковая база ў Крыме, а нядаўна – пазіцыі расейскіх войскаў недалёка ад Бярдзянску.

Ракеты «ATACMS» з дальнабойнасцю да 300 кіламетраў былі ў пакеце дапамогі на $300 млн, ухваленым прэзідэнтам Джо Байдэнам 12 сакавіка, кажа неназваны чыноўнік. Колькі снарадаў атрымала Украіна, суразмоўца агенцыі «Reuters» не ўдакладніў.

«Politico» адзначае, што доўгі час у Белым доме працягваліся дэбаты пра тое, ці варта даваць Украіне дальнабойныя ракеты. Аднак больш жорсткая тактыка Расеі прывяла да таго, што пастанова была прынятая. Фактычна гэта адказ на выкарыстоўванне расейскім войскам балістычных ракетаў, атрыманых ад Паўночнай Карэі, і на ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны. Масква не змяніла гэтую тактыку, нягледзячы на папярэджванні Вашынгтону.

Аналітыка
Вайна на тэрыторыі Расеі: як далёка Украіна можа дацягнуцца і на што гэта ўплывае?
2024.03.20 06:00

Байдэн пагадзіўся на перадаванне дальнабойных «ATACMS» на адмысловай нарадзе з дарадцам у нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам, дзяржсакратаром Энтані Блінкенам і міністрам абароны Лойдам Остынам.

Белы дом мяркуе, што гэта можа прымусіць Расею адсунуць падалей ад Украіны важныя вузлы камандавання і кіравання ды іншыя важныя цэлі, напрыклад, авіяцыю.

Акрамя таго, такія ракеты дазволяць ЗСУ пагражаць галоўным цэлям у акупаваным Крыме, у тым ліку Крымскі мост, порты і аб’екты Чарнаморскага флоту Расеі, кажуць крыніцы. Перадаванне дальнабойных «ATACMS» не анансавалі, каб «захаваць для Украіны аператыўную бяспеку і элемент нечаканасці».

Раней ЗША ўжо перадавалі Украіне ракеты «ATACMS», але ўдвая меншай дальнабойнасці – да 160 кіламетраў. Упершыню іх выкарысталі ў кастрычніку летась, атакаваўшы вайсковы аэрадром у акупаваным Бярдзянску.

Hавiны
Аперацыя «DRAGONFLY». ЗСУ ўпершыню ўжылі ракеты ATACMS
2023.10.17 19:09

«ATACMS» – тактычная балістычная ракета класу «зямля – зямля». Яна здольная развіваць хуткасць да 3700 кіламетраў за гадзіну. Магчымае адхіленне ад цэлі, заяўленае распрацоўнікам, – максімум 10 метраў. Касетная баявая частка можа ўтрымліваць да 950 баявых ці да 13 саманаводных элементаў. Касетная баявая частка эфектыўная пры разлёце аскепкаў і дазваляе ахапіць вялікую плошчу атакаванага аб’екту. Пускавымі платформамі для «ATACMS» могуць быць рэактыўныя сістэмы залпавага агню «HIMARS» і М270.

Сёння ж Джо Байдэн падпісаў ухвалены абедзвюма палатамі Кангрэса закон аб дапамозе Украіне на $61 млрд і заявіў, што пастаўкі боепрыпасаў для СПА, артылерыі, ракетных сістэмаў і бранятэхнікі пачнуцца цягам некалькіх гадзінаў.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падзякаваў Байдэну, кангрэсмэнам і «усім амерыканцам, якія адчуваюць, што трэба выбіваць зямлю з-пад ног у Пуціна, не падпарадкоўвацца яму».

«Шлях даўжынёю паўгода пераадолелі. Хто б што ні казаў, але мы атрымліваем падтрымку, у якой маем патрэбу – маем патрэбу, каб і далей абараняць жыццё ад расейскіх удараў», – адзначыў украінскі лідар.

Аналітыка
Вайсковая дапамога ЗША Украіне: ці пераломіць яна хаду вайны?
2024.04.23 07:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў