Цэнтр беларускай салідарнасці ініцыяваў змены ў польскім заканадаўстве, каб спрошчаны парадак атрымання беларусамі праязнога дакументу стаўся сталым, а тэрмін дзеяння гэтага «замяняльніка пашпарту» быў тры гады замест цяперашняга аднаго. Адпаведны ліст ЦБС даслаў у Сейм Польшчы. Прадстаўнік арганізацыі Антось Жукаў паведаміў «Белсату», якія яшчэ прапановы ўвайшлі ў гэты пакет.
Кіраўніца аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская даслала ліст групе «За вольную Беларусь» у Сейме Польшчы.
Як паведаміў ЦБС у сваім Telegram-канале, галоўная просьба да заканадаўцаў – павялічыць з аднаго года да трох гадоў тэрмін дзеяння польскага праязнога дакументу.
«Цяперашні тэрмін занадта кароткі, бо не дазваляе іншаземцам карыстацца гэтым дакументам без перапынкаў, звязаных са сканчэннем тэрміну дзеяння», – аргументуюць юрысты арганізацыі.
Прэс-сакратар ЦБС Антось Жукаў паведаміў «Белсату», што польскі парламент таксама папрасілі замацаваць у законе спрошчаны парадак атрымання беларусамі праязнога дакументу:
«Цяпер беларусы могуць атрымліваць праязны дакумент з любым відам на жыхарства, у тым ліку часовым, а іншыя замежнікі – толькі на падставе сталага ВНЖ, віду на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ, дадатковай абароны або віду на жыхарства з гуманітарных прычынаў (не блытаць з гуманітарным ВНЖ)».
Такія эксклюзіўныя для беларусаў умовы пакуль часовыя, рэгулююцца пастановаю міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі ды штораз працягваюцца на пэўны час. Пакуль яны дзеяць да 30 чэрвеня.
«Мы б хацелі, каб гэта было стала ў заканадаўстве, каб беларусы мелі пэўнасць», – падкрэсліў прадстаўнік ЦБС.
Акрамя таго, юрысты арганізацыі папрасілі зрабіць праязны дакумент біяметрычным і замацаваць у законе, што гэты дакумент сведчыць асобу.
«Раней мы дасылалі ў дзяржаўныя органы запыт, ці сведчыць польскі праязны дакумент асобу і атрымалі інтэрпрэтацыю, што – так, сведчыць, але хацелася б, каб гэта таксама было замацавана ў законе, каб мы не мелі проста інтэрпрэтацыю», – растлумачыў Жукаў.
Ці будуць усе гэтыя прапановы ўхваленыя Сеймам, сказаць цяжка, канстатаваў суразмоўца «Белсату»:
«Польшча – дэмакратычная краіна, тут багата розных інстытуцыяў. Часта бывае, што ў нейкім пытанні, напрыклад, Памежная служба будзе за, а іншае ведамства – супраць. Таму могуць быць праблемы».
Праязны дакумент называюць «замяняльнікам пашпарту» – ён дазваляе вандраваць па свеце без нацыянальнага пашпарту. У некаторых выпадках дакумент сведчыць асобу – напрыклад, у адміністрацыйных органах ці банках.
У Польшчы праязны дакумент выдаюць, калі грамадзянін іншай краіны страціў свой пашпарт і не можа яго аднавіць. Іншыя падставы – сканчэнне тэрміну дзеяння без магчымасці атрымаць новы пашпарт або калі ён быў пашкоджаны.
Магчымасць афармлення такога дакументу асабліва актуальна для беларусаў, бо цяперашнія ўлады нашай краіны адмовіліся выдаваць і мяняць пашпарты сваіх грамадзянаў у амбасадах за мяжою.
Сцяпан Кубік belsat.eu