Імітацыя імітацыі. Юры Дракахруст – пра «Усебеларускі сход» Лукашэнкі


Аляксандр Лукашэнка 24–25 красавіка склікае чарговы «Усебеларускі народны сход». Сёлета – у новым статусе «канстытуцыйнага органу», але на чале гэтага органу, з якім Лукашэнка падзяліўся ўладай, устаў… сам Лукашэнка. «Белсат» спытаў Юрыя Дракахруста, што значыць сход у такім фармаце.

Аляксандр Лукашэнка галасуе за кіраўніцтва «Усебеларускага сходу»
Аляксандр Лукашэнка галасуе за кіраўніцтва «Усебеларускага сходу». Паводле яго словаў супраць ягонай кандыдатуры на пасаду кіраўніка сходу галасавала толькі Наталля Качанава – а значыць, сам ён галасаваў за сябе. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года.
Фота: president.gov.by

Юры Дракахруст, палітычны аглядальнік радыё «Свабода», расказвае ў эфіры «Белсату»: самым адметным ва «Усебеларускім сходзе» падалося тое, як Аляксандр Лукашэнка казаў пра 2024 год як пра «год нашага трыццацігоддзя». Калі браць незалежнасць Беларусі, дык ёй будзе 33 гады, калі «Усебеларускі сход», то яму 28. Выходзіць, што «мы» – гэта кіраванне самога Лукашэнкі. У іншых рэпліках пра тое, як «усё расквітнела», Лукашэнка браў адлік ад «сярэдзіны дзевяностых». Адпаведна, прамова Лукашэнкі на сходзе – вынікі ягонага кіравання.

Нічога не прапануе і нікуды не збіраецца

Лукашэнка амаль не параўноўваў, што за гэты час было ў іншых краінах, заўважае Дракахруст. За 30 гадоў сітуацыя палепшылася ва ўсіх постсавецкіх краінах, крызіс першых гадоў пераадолелі ўсе. Паводле ўзроўню жыцця суседнія Польшча, Літва і Латвія значна абганяюць Беларусь, якая засталася адной з самых бедных краінаў Еўропы. Лукашэнка гэтую тэму абышоў – згадаў хіба, як зменшылася колькасць насельніцтва ў балтыйскіх краінах, ды не згадаў, што за час ягонага кіравання насельніцтва зменшылася і ў Беларусі.

«Сёе-тое вырасла сапраўды. Сёе-тое вырасла значна менш, чым у суседзяў, што ён ціхенька абышоў, – кажа Дракахруст пра Лукашэнку. – Але нейкай такой перспектывы стратэгічнай, мне здаецца, ён не абазначыў».

Хіба праграмай Лукашэнкі можна лічыць тое, як ён напрыканцы прамовы казаў: «Будзем мацаваць дысцыпліну». Але, працягвае Дракахруст, гэта не выразная перспектыва.

І Лукашэнка нікуды не збіраецца сыходзіць, хоць і быў выбраны старшынём «Усебеларускага сходу». Для Лукашэнкі, тлумачыць Дракахруст, гэта «спячая» структура на той час, калі ён сыдзе натуральным чынам, а для яго самога гэтая пасада не мае ніякай функцыі. Чыста юрыдычна Лукашэнка мо і падзяліўся паўнамоцтвамі са сходам, але раз ён жа і ўзначаліў сход, дык выходзіць, што з адной сваёй кішэні пераклаў уладу ў іншую сваю ж кішэню. Гэта калі прыйдзе іншы, слабы прэзідэнт, то «Усебеларускі сход» таго паправіць – падобна, такая ідэя ў Лукашэнкі.

Першапачаткова аналітыкі параўноўвалі абноўлены «Усебеларускі сход» са з’ездам КПСС, а будучы Прэзідыум з палітбюро, згадвае Дракахруст. Але кандыдатамі ў «палітбюро» вылучылі дырэктара заводу ці кіраўніка выканкаму – не «першую кагорту» ў нефармальным табелі аб рангах. Выйшла, па словах аналітыка, імітацыя імітацыі, зусім не падобная да, як прыклад, Вялікага фашысцкага савету Бэніта Мусаліні. Гэта ніяк не інструмент транзіту ўлады.

Абноўлена
«Ніхто акрамя нас», англасаксы і страшныя 1990-я. Што казаў Лукашэнка «Усебеларускаму сходу»
2024.04.24 13:59

Няўцямныя пагрозы і паралельны свет

Дракахруст звяртае ўвагу таксама на міжнародны аспект прамовы Лукашэнкі: «NATO бразгае зброяй», «трохсоттысячная групоўка на мяжы» (якой насамрэч няма – 300 тысяч падрыхтаваныя для хуткіх аперацыяў па ўсёй Еўропе), «уся Еўропа – рабы Амерыкі, якая прайграе Расеі і нашаму новаму вялікаму брату Кітаю»…

«Гэтае вось надзіманне шчок, што мы магутныя, мы рыхтуемся да вайны… Ну а тым не менш, там былі зробленыя акцэнты на тое, што ваяваць мы не хочам, не збіраемся. І ўвогуле, пакіньце нас у спакоі – мяне асабіста», – пераказвае Дракахруст выступ Лукашэнкі.

З аднаго боку, працягвае ён, прамова была дастаткова агрэсіўная. З другога боку, у ёй не былі агучаныя канкрэтныя захады – хіба пагроза «не вымушайце нас рабіць асіметрычныя рэчы». Але што гэта значыць, пакуль незразумела. Ядравая зброя дык ужо, падобна, ёсць у Беларусі. Хіба на другім дні сходу будзе нейкая канкрэтыка, але ў першы дзень яе не было.

Дракахруст адзначыў таксама выказванні Лукашэнкі нібы з паралельнага свету. Той казаў, што краінам Балтыі СССР столькі даў, трэба быць удзячнымі… На такое балты хіба паціснуць плячыма. І зноў хваліўся «беларускай касманаўткай» – касмічнай турысткай Марынай Васілеўскай.

«Мая інтэрпрэтацыя – што калісьці Саша Лукашэнка, маленькі хлопчык у 1960 гады жыў гэтым, сапраўды многія жылі, першымі палётамі ў космас, – разважае Дракахруст. – І ён там і застаўся. І ён вырашыў: а я запушчу свайго касманаўціка! Можа, ён тады марыў, маленькім хлопчыкам у беларускай вёсцы. І вось ён сваю мару дзяцінства здзейсніў, жыццё прайшло недарма».

Нават для маладзейшых прыхільнікаў Лукашэнкі, хаця б 40-гадовым, незразумела, якое гэта мае дачыненне да рэаліяў сённяшняй Беларусі. Штосьці касмічнае – але ў іншым сэнсе.

Агляд
Столькі хайпу, а прапагандыст заснуў. Крынж лукашэнкаўскага «Усебеларускага сходу»
2024.04.24 18:39

Аляксандр Дзегцяроў, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў