Вайсковая дапамога ЗША Украіне: ці пераломіць яна хаду вайны?


Шэсць месяцаў няпэўнасці для Украіны нарэшце завяршаюцца: ЗША разблакавалі вайсковую дапамогу, і верагодна, што ў хуткім часе Украіна атрымае жыццёва неабходную зброю. Адпаведны законапраект можа трапіць на стол прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ўжо ў аўторак, 23 красавіка. Мы разбіраліся, што ўваходзіць у новы пакет дапамогі Украіне, чаго цяпер варта чакаць на фронце і ці пераломіць гэтая дапамога сітуацыю ў вайне.

Актывісты, якія падтрымліваюць Украіну, выйшлі з плакатамі да будынку Капітолію ў Вашынгтоне, у той час як Палата прадстаўнікоў рыхтуецца да галасавання ў пытанні ўхвалення вайсковай дапамогі Украіне, Ізраілю і іншым саюзнікам ЗША. Вашынгтон, ЗША. 20 красавіка 2024 года.
Фота: J. Scott Applewhite / AP Photo / East News

Што дасць пакет дапамогі ЗША Украіне

Ніжняя палата Кангрэсу ЗША прыняла Закон аб вылучэнні вайсковай дапамогі Украіне памерам 61 млрд долараў. Сродкі Украіна атрымае не толькі грашыма.

23,2 млрд долараў пойдуць на папаўненне запасаў арміі ЗША, якія Украіне перададуць у будучыні. 13,8 млрд долараў сыдзе на куплю зброі для наўпроставай перадачы, 11,3 млрд долараў – на «бягучыя вайсковыя аперацыі ЗША ў рэгіёне». 9,5 млрд долараў – на крэдыты, якія могуць быць спісаныя.

Перадаваць дапамогу пачнуць неадкладна пасля зацверджання закону Сенатам і падпісання прэзідэнтам. Частка зброі ўжо падрыхтаваная на складах.

Кангрэс ЗША з восені не мог ухваліць вылучэння Украіне вайсковай дапамогі з увагі на разыходжанні паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі. Да гэтага часу ЗША заставаліся галоўным донарам Украіны. Са студзеня 2022-га аб’ём вайсковай дапамогі Кіеву склаў больш за 45 млрд долараў, або 42 млрд еўраў. Для параўнання: вайсковая дапамога Нямеччыны за гэты час – у 2,5 разу меншая. Апошні раз фінансаванне ад Вашынгтону памерам 250 млн долараў Кіеў атрымаў у снежні 2023 года.

«Дапамога ад ЗША дасць Украіне магчымасць перахапіць ініцыятыву на фронце, а таксама дасць шанец на перамогу ў вайне. Але пры ўмове, што Украіна атрымае на гэтыя грошы тую дэфіцытную зброю, што патрэбная для адпору ворагу. Гэта і артылерыя, і стратэгічная, і далекабойная зброя – тое важнае, што дазволіць не губляць людзей на фронце», – заявіў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвʼю амерыканскаму тэлеканалу NBC. Прэзідэнт Украіны падкрэсліў важнасць гэтага рашэння і падзякаваў амерыканскім уладам і ўсяму амерыканскаму народу.

Законапраект павінен трапіць на стол прэзідэнта Джо Байдэна ўжо ў аўторак, 23 красавіка. Міністэрства абароны ЗША можа «вельмі хутка» даставіць зброю ва Украіну. Аб гэтым на мінулым тыдні заявіў прадстаўнік Пэнтагону Пэт Райдэр. Некаторая частка абсталявання можа быць у дарозе да канца тыдня, заявіў дэмакрат Марк Ўорнэр, старшыня камітэту выведкі Сенату ЗША, у нядзельнай праграме CBS «Тварам да нацыі». Раней Кіеву адмаўлялі ў гэтай зброі з прычыны яе недахопу ў самой амерыканскай арміі. Акрамя гэтага, спікер Пэнтагону паведаміў выданню «Politico», што ЗША могуць накіраваць ва Украіну 60 вайсковых дарадцаў. Іхная місія – дапамагаць з лагістыкай і абслугоўваннем перададзенай зброі.

Hавiны
ЗША могуць накіраваць ва Украіну дадатковых вайсковых дарадцаў
2024.04.21 12:37

Што дасць гэты пакет дапамогі? Як піша «The Wall Street Journal», хутчэй за ўсё, у яго ўвойдуць сістэмы супрацьпаветранай абароны, ракеты (у тым ліку далекабойныя тактычныя ракеты ATACMS для РСЗА HIMARS) і артылерыйскія снарады. Пасля перадачы Кіеву краінамі Еўразвязу самалётаў F-16 Злучаныя Штаты, напэўна, будуць забяспечваць машыны дарагімі боепрыпасамі і запчасткамі. На дадатак, ЗСУ трэба радыкальна нарасціць сілы далекабойнай супрацьпаветранай абароны (СПА), каб супрацьстаяць расейскай авіяцыі. Адзіны даступны Захаду варыянт развязання гэтай задачы – перадача комплексаў СПА «Patriot». З прыбыццём дапамогі Украіна зможа супрацьстаяць перавазе Расеі ў паветры, парушыць лініі забеспячэння і запаволіць прасоўванне расейскіх войскаў на фронце.

Першая цэль – Крымскі мост і глыбокі тыл Данецкай вобласці

Пакуль зброя яшчэ не паступіла ва Украіну, Расея ўзмоцніць напады на фронце. Такі прагноз далі аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны. Ці сапраўды расейскае войска пойдзе ў наступ, пакуль амерыканская дапамога не падаспела?

«Націску трэба чакаць на тых участках фронту, дзе ўжо вядуцца наступальныя дзеянні. Гэта кірункі Часаў Яр, Аўдзееўка і Вуглядар, то бок Данбас. Расея будзе таксама спрабаваць атакаваць Харкаў, Харкаўскую вобласць з боку Белгародскай вобласці. Украіна рыхтуецца даваць адпор: умацоўвае сваю лінію абароны. Цяпер Украіна чакае падмацавання ў выглядзе зброі ад ЗША і Еўропы. Расеі варта было б адмовіцца ад сваіх наступальных планаў, бо сітуацыя зараз змянілася для іх не ў найлепшы бок.

Цяпер ва Украіны будзе дастаткова сродкаў, каб арганізаваць расейцам гарачы прыём. Так што для расейскага войска складаюцца нярадасныя перспектывы, хоць тактычныя поспехі яшчэ магчымыя, недзе яны могуць рушыць наперад, але дасягнуць стратэгічнага прарыву (захапіць Харкаў, вялікія гарады або ўсю Данецкую вобласць) ім падчас гэтага наступу не ўдасца», – сказаў у эфіры «Вот Так» аналітык Цэнтру вайскова-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвʼю «The Washington Post» заяўляў, што хоча атрымаць далекабойныя ракеты, каб наносіць удары па Крыме. Наш суразмоўца таксама адзначае, што далекабойная зброя будзе накіраваная найперш на дэмілітарызацыю Крыму. Першая цэль – Крымскі мост.

«Для таго каб сарваць наступленне расейскіх войскаў, вельмі важнае паражэнне ў тыле, каб не даць ім магчымасці разгортваць свае сілы і падцягваць іх да лініі баявога сутыкнення. Гэта можна рабіць, толькі пашкоджваючы і знішчаючы лагістыку суперніка. Крымскі мост ёсць менавіта такой цэллю. Мы чакаем, што ў пачатку траўня мост будзе выкарыстоўвацца для перакідвання вайсковай тэхнікі (танкаў, артылерыі), гэта значыць, чыгунка будзе працаваць на ваенныя патрэбы. Акрамя гэтага, могуць быць цікавыя для іх цэлі ў глыбокім тыле Данецкай вобласці. Украіна не будзе выкарыстоўваць гэтых ракетаў на тэрыторыі Расеі, бо ёсць такія абмежаванні ад ЗША», – адзначыў эксперт.

Падлеткі на Прыморскім бульвары глядзяць на дым ад расейскага ракетнага ўдару па марскім порце «Паўднёвы» ў Адэскай вобласці, Украіна. 19 красавіка 202 года.
Фота: Viacheslav Onyshchenko / Zuma Press / Forum

Разам з тым, выданне «Bloomberg» піша, што цяперашняе развязанне пытання дапамогі ЗША дае выратавальны круг для Збройных сілаў Украіны, але само па сабе яно наўрад ці зможа пераламаць сітуацыю на полі бою. Шмат што будзе залежаць ад таго, як хутка дапамога ЗША зможа дабрацца да лініі фронту. Прыняцце пакету захадаў у Кангрэсе застопарылася на шэсць месяцаў, таму ўкраінскія вайскоўцы сутыкнуліся з вострым недахопам боепрыпасаў і жывой сілы.

У каментары навуковага работніка Нацыянальнага інстытуту стратэгічных даследаванняў у Кіеве Міколы Белескова гаворыцца, што дапамога ЗША дае перадышку Збройным сілам Украіны. Аднак для далейшага развіцця неабходная дадатковая дапамога, а гэта цяжкая перспектыва ў ЗША з увагі на супраціў рэспубліканцаў у Кангрэсе. Такім чынам, ЗСУ не змогуць найбліжэйшым часам стварыць магутную наступальную групоўку і пераламаць хаду вайны ў свой бок.

Ёсць і фізічныя абмежаванні для нарошчвання дапамогі: так, летні наступ ЗСУ забяспечваўся ў значнай ступені артылерыйскімі снарадамі з Паўднёвай Карэі (за грошы ЗША). Нарошчванне ж вытворчасці снарадаў у самой Амерыцы ідзе – паводле плану – павольна. У 2024 годзе заводы ЗША і ЕЗ усё яшчэ не змогуць задаволіць патрэбаў Украіны.

Выданне «Financial Times», у сваю чаргу, заяўляе, што перададзеная дапамога пакуль не зможа дапамагчы Украіне цалкам адбіць расейскую агрэсію, але зможа істотна запаволіць расейскі наступ.

Аналітыка
Крызіс заходняй дапамогі: якую зброю чакае Украіна і колькі яшчэ можа без яе пратрымацца?
2024.03.11 06:00

Вайна не завершыцца цягам года ці нават двух

«З разблакавання дапамогі ЗША Украіне пачынаецца новы этап вайны, што працягнецца да лютага-сакавіка 2025 года. Ключавой кропкай тут будзе момант, калі новая амерыканская адміністрацыя пасля лістападаўскіх выбараў у ЗША будзе прымаць новыя рашэнні ў сваёй стратэгіі падтрымання Украіны», – сказаў у эфіры «Вот Так» палітолаг Аляксандр Марозаў.

Гэтыя дзесяць месяцаў будуць напоўнены падзеямі. Так, у чэрвені ў Швейцарыі пройдзе саміт міру – вельмі важная падзея, звязаная з глабальным падтрыманнем Украіны.

«Затым у ліпені адбудзецца саміт NATO ў Вашынгтоне. Ён пройдзе ў асаблівай атмасферы: падчас затрымкі дапамогі ЗША адбылася вялікая кансалідацыя ў Еўропе. Вялікая група асноўных краінаў не толькі шукала магчымасці падтрымаць Украіну, але і вяла кансультацыі, як далей можа будавацца падтрыманне Украіны ў выпадку, калі амерыканская дапамога ў будучыні зменшыцца», – адзначыў Аляксандр Марозаў.

Чаго варта зараз чакаць ад Расеі? Са словаў нашага суразмоўцы, з боку Крамля гучаць тры тэмы. Першая – стварэнне санітарнага калідору. Расея будзе нейкім чынам спрабаваць задушыць украінскую вайсковую здольнасць наносіць удары па расейскіх тэрыторыях. Другое – гэта спробы Крамля ваенным чынам выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай вобласці. Аднак Украіне пра гэта вядома, яна даволі паспяхова стрымлівала Расею з кастрычніка 2023 года.

Артылерысты 43-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ абстрэльваюць расейскія пазіцыі з 155-мм самаходнай гаўбіцы 2С22 «Багдана» ў Харкаўскай вобласці, Украіна. 21 красавіка 2024 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

«Трэці момант – Крэмль не адмаўляецца ад ідэі давесці рэжым Зяленскага да дэстабілізацыі. Гэтая стратэгічная мэта таксама застаецца на парадку дня. І менавіта на гэтых трох кірунках варта чакаць наступных дзеянняў Расеі», – канстатуе Аляксандр Марозаў.

За шэсць месяцаў нявызначанасці ў Еўропе пачалі гучаць галасы, што гэты пакет дапамогі ЗША можа стацца апошнім. Рэспубліканцы і да, і падчас абмеркавання пакету дапамогі Украіне ставілі пытанне аб тым, як павінна быць сфармуляваная глабальная стратэгія ў дачыненні гэтай вайны ў будучыні.

«Вайна працягваецца два гады, дайшла да пэўнай кропкі, калі ў значнай ступені існуе вайсковы парытэт. З аднаго боку, расейскае войска не можа прасунуцца і Пуцін не дамагаецца сваіх мэтаў. З другога боку, Украіна не можа арганізаваць маштабнага контрнаступлення, якое прывяло б да істотнай змены ў хадзе вайны. Гэта ставіць рэальную праблему і будзе абмяркоўвацца ў ЗША і надалей», – упэўнены эксперт.

Паводле Марозава, у Еўропе таксама адчуваюць гэтую праблему. У гэтыя шэсць месяцаў у Еўропе была прадэманстраваная вялізная салідарнасць з боку Францыі, Нямеччыны, Чэхіі, Польшчы і краінаў Балтыі.

«Таму неабходная доўгатэрміновая стратэгія ў гэтым пытанні. Ёсць сцэнар, пры якім амерыканская дапамога можа скараціцца. Цалкам яна не спыніцца, бо для амерыканскіх уладаў «пуцінізм» як глабальная пагроза непрымальны. Пытанне толькі, у якім абʼёме будзе гэтая дапамога і паводле якой логікі», – адзначыў наш суразмоўца.

Украіна, у сваю чаргу, за паўгода прадэманстравала вялікі ўзровень устойлівасці і вялікія дасягненні, напрыклад, у дронавай вайне.

«Самае галоўнае – ніякі расейскі прарыў за гэты час не адбыўся. Гэта ўсё ўплывае на будучае разуменне вайны. Але, на жаль, тое, як усё складваецца, не дае нам падставаў спадзявацца, што вайна завершыцца цягам года ці нават двух», – рэзюмаваў Аляксандр Марозаў.

Разбор
У ЗША нарэшце запланавалі галасаванне за дапамогу Украіне і Ізраілю. Што ў праектах
2024.04.18 14:26

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў