«Маскве патрэбнае паліва». Ніжнікаў пра рост паставак з беларускіх НПЗ у Расею


Рост паставак авіяцыйнага паліва з Беларусі ў Расею можа быць звязаны з наступствамі ўкраінскіх атакаў на нафтаперапрацоўчыя заводы ў РФ. Пра гэта ў каментары «Белсату» заявіў Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мазырскі НПЗ.
Фота: БелТА

«Гэта патрэба Масквы, патрэба Расеі. Пасля атак Украіны на НПЗ Маскве трэба мець даступныя рэсурсы, даступнае паліва», – заявіў Рыгор Ніжнікаў.

Ён таксама нагадаў, што ў такіх пастаўках могуць быць зацікаўленыя і ўлады Беларусі, ды самыя беларускія НПЗ, якія пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну страцілі ўкраінскі і заходні рынкі. Паводле яго, у параўнанні з 2020-м ці 2021-м гадамі прыбыткі беларускай нафтаперапрацоўкі «ўпалі даволі істотна».

Тым не менш, заявіў Ніжнікаў, невядома, паводле якога кошту Беларусь прадае сваё паліва ў Расею:

«Калі мы паглядзім на экспарт калійных угнаенняў, то мы бачым, што Менск прадае іх з вялікім дысконтам. На расейскім рынку, дзе Масква таксама можа даволі шчыльна дыктаваць умовы продажу, мы можам казаць пра тое, што і тут Менск прадае з дысконтам, бо Лукашэнку грошы больш патрэбныя, чым нешта іншае зараз».

Эксперт адзначыў, што беларуская эканоміка зараз вельмі моцна залежыць ад расейскай, якая ў сваю чаргу «сядзіць на ваенным допінгу» і «працуе на шалёных ваенных грошах». А ўслед за расейскімі і беларускія прадпрыемствы працуюць на «расейскую абаронку»: «гэта і паліва, гэта і камплектуючыя, гэта і рознае абсталяванне, нават вопратка».

«Таму так, расейская вайна і падтрыманне Лукашэнкам вайны Расеі наўпрост сказваюцца на беларускай эканоміцы», – заявіў Ніжнікаў.

Hавiны
Па БЧ рэзка выраслі пастаўкі авіяпаліва ў Расею – «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі»
2024.05.17 18:29

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» (СЧБ) паведаміла, што ў Беларусі назіраецца ўсплёск вытворчасці авіяцыйнага рэактыўнага паліва і яго паставак у Расею чыгуначным транспартам:

«За апошнія 10 дзён фактычна з нуля рэзка павялічаны аб’ёмы экспартных перавозак са станцыі «Барбароў» (Гомельскае аддзяленне БЧ – НОД-4) наліўных складаў з авіяцыйным рэактыўным палівам на станцыі Маскоўскай і Кастрычніцкай чыгунак РЧ у адрасы паліўных сховішчаў аэрапортаў Масквы, Санкт-Пецярбургу, Курска і Петразаводска».

СЧБ зафіксавала наступныя станцыі прызначэння на 17 мая: аэрапорты «Унукава», «Дамадзедава», «Жукоўскі», «Пулкава», «Петразаводск», а таксама Нафтапрадуктаперапамповачная станцыя ГПС «Шылава-3» і аэрапорт «Курск – усходні».

Апошні выкарыстоўваецца як грамадзянскай, так і ваеннай авіяцыяй. Паколькі пасля 24 лютага 2022 года там уведзеная забарона на палёты грамадзянскай авіяцыі, то цяпер выкарыстоўваецца толькі для ваенных патрэб.

«Па некаторых дадзеных, адтуль узлятаюць ваенная авіяцыя з кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі і карэктуюцца авіяцыйнымі бомбамі на пілонах, для бамбардавання тэрыторый Украіны», – падкрэслівае СЧБ.

Што тычыцца Мазырскага НПЗ, з якога, падобна, узраслі пастаўкі, у асноўным завод вырабляе аўтамабільны бензін і дызельнае паліва з нізкім утрыманнем серы, бытавое пячное паліва, бытавы газ, тэхнічны бутан і асвятляльны газа, а таксама авіяцыйнае рэактыўнае паліва. СЧБ адзначае, што для яго вытворчасці «неабходная перанастройка абсталявання, што памяншае аб’ёмы выпуску асноўнай прадукцыі і значна зніжае выпуск некаторых найменняў, а менавіта самага запатрабаванага ў народнай гаспадарцы – дызельнага паліва».

«У выніку такой «брацкай дапамогі» ствараецца некаторы дэфіцыт прадукцыі, але ўжо для ўнутранага беларускага рынку», – піша СЧБ.

Рост паставак з Беларусі можа можа быць падрыхтоўкай да масіраванага ўжывання вайсковай авіяцыі, мяркуе супольнасць.

Аб’ектыў
Лукашэнку зноў пашанцавала? Расея рэзка павялічыла імпарт беларускага паліва
2024.03.28 19:50

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў