Беларуская эканоміка пайшла ў большы рост, чым чакалі ўлады. Спыталі эканамістаў, з чаго б гэта


Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, валавы ўнутраны прадукт у студзені-красавіку 2024 года быў на 5,1 % большы за ВУП у адпаведны перыяд годам раней. Гэта вельмі някепскі рост. Але ці сапраўдны і ці ўстойлівы? «Белсат» спытаў эканамістаў – атрымаў рацыянальныя і несуцяшальныя тлумачэнні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рухавік вытворчасці Менскага маторнага заводу.
Фота: Minprom.gov.by

Беларуская эканоміка расце, калі расце расейская

Экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна адзначае ў каментары «Белсату»: нават афіцыйныя чаканні беларускіх уладаў – рост валавага ўнутранага прадукту на 3,8 % па выніках году. Таму цяперашні рост у 5,1 % даволі добры.  Месяцам раней ён быў яшчэ не такі імклівы, толькі 4,1 %.

Хоць дэталёвай статыстыкі яшчэ няма, ужо цяпер можна сказаць, што беларуская эканоміка расце праз мяккую палітыку ўладаў па крэдытах, пошук новых рынкаў збыту і супрацу з Расеяй. Лузгіна таксама адзначае актыўны рост заробкаў у Беларусі, звязаны ў тым ліку з дэфіцытам працоўнай сілы.

Праз рост заробкаў і крэдытавання павялічваецца і попыт унутры краіны (рознічны гандаль за студзень-красавік 2024 года вырас з улікам інфляцыі на 12,1 % да адпаведнага перыяду 2023 года), што ў сваю чаргу стымулюе ВУП (прамысловасць адпаведна вырасла на 7,7 %, сельская гаспадарка – на 6,9 %).

Экономистка Анастасия Лузгина, Центр BEROC, экономика
Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна. Варшава, Польшча. 17 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Але, заўважае Лузгіна, на сітуацыю ў беларускай эканоміцы вялікі ўплыў мае сітуацыя ў эканоміцы Расеі, на якую завязаныя гандаль і іншыя эканамічныя сувязі Беларусі. Пакуль расейская эканоміка расце (за студзень-сакавік нават актыўней за беларускую – на 5,4 % да студеня-сакавіка мінулага года), але калі ёй стане горш, негатыўная дынаміка будзе і ў Беларусі.

На сёння, кажа Лузгіна, большасць эканамістаў чакае запавольванне росту: у Расеі Цэнтральны банк праводзіць жорсткую манетарную палітыку, якая мае абмежаваць унутраны попыт. Прагнозы на рост расейскага ВУП па выніках года – у раёне 3 %.

Запавольвацца будуць і беларускія фактары росту. На думку Лузгіной, па выніках года варта чакаць росту ВУП у межах 3 з чымсьці адсоткаў. Да таго ж, ёсць фактар нявызначанасці праз трансфармацыю беларускай і расейскай эканомік, адаптацыю да новых умоваў і санкцыяў, супрацу з партнёрамі, якія засталіся… Прагназаваць штосьці ў такіх умовах цяжка.

Hавiны
BEROC палепшыў свой прагноз адносна росту ВУП Беларусі ў 2024 годзе
2024.04.26 14:20

А ці ёсць той рост напраўду?

Фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік кажа «Белсату»: чамусьці ў якім-небудзь Азербайджане лічаць ВУП у доларах, які-небудзь «Санта-Брэмар» лічыць свой экспарт у доларах, а ВУП Беларусі лічаць у беларускіх рублях. Эканаміст згадвае, як прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа хваліўся ростам рэальнага ВУП на 6 % пры дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў амаль на 800 %.

У Беларусі дэвальвацыя цяпер далёка не зімбабвійская, рубель абясцэніўся за год толькі на 12 % да долара, працягвае Алейнік. Ён прагназуе: на канец 2024 года ВУП можа скласці каля 67 млрд долараў. А ў 2023-м ВУП склаў 68,7 млрд долараў. А ў 2014-м – больш за 78 млрд… Выходзіць, у доларах ВУП Беларусі не расце, а зусім наадварот.

Асноўны драйвер росту беларускай эканомікі – апрацоўчая прамысловасць, заўважае Алейнік. У ёй рост у студзені-красавіку 2024 года склаў каля 8 % год да года, і гэтая прамысловасць дае каля 25 % даданай вартасці ВУП. Але ж «галоўны эканаміст» Беларусі Аляксандр Лукашэнка наракае: склады трышчаць па швах.

Віталь Алейнік. Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Складскія запасы па выніках 2023 года павялічыліся на 23 %, на тым жа МТЗ амаль 6500 адзінак тэхнікі на складах, столькі робяць за два месяцы вытворчасці. Амбасадар Беларусі ў Расеі ж наракае на цяжкасці экспарту прадукцыі «Атланту», «Гарызонту», МАЗу… Вінавацяць у гэтым, адзначае эканаміст, не расейскіх і кітайскіх канкурэнтаў, а супрацоўнікаў маркетынгавых службаў.

Дэвальвацыя беларускага рубля павінна была б павялічыць экспартныя паступленні ад вытворчасці ў Беларусі, але стала адным з чыннікаў росту цэнаў на кампаненты, якія закупаюць за мяжой, працягвае Алейнік. А са стратай рынкаў і масавым адтокам з краіны спецыялістаў выходзіць, што беларускі намінальны ВУП – «бурбалка, якую немагчыма канвертаваць у рэальныя грошы, якія немагчыма памацаць».

Спадзявацца на паляпшэнне якасных паказнікаў вытворчасці не выпадае, праблему вырашаюць пошукам новых рынкаў, ды пакуль знаходзяць толькі невялікія. І давядзецца пераадольваць лагістычныя праблемы – калі і знайсці які-небудзь сапраўды аб’ёмны рынак, пастаўкі на яго могуць быць у эканамічным сэнсе не вельмі мэтазгоднымі.

Hавiны
Беларусь апынулася на 76-м месцы паводле багацця сярод 190 краінаў свету
2024.05.02 16:15

Ірына Дарафейчук, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў